У Д2 ёсць клуб з фантастычнай серыяй няўдач – пайшоў працягваць яе, хоць неспартыўна і не ўсе рэжымнікі ўхвалілі
Упартыя «Асіповічы».
Адным з удзельнікаў першай лігі ў 2025-м сталі «Асіповічы». Пры гэтым клуб наогул не заслужыў павышэння з Д3 па спартыўным прынцыпе, ды і падтрымкай рэжымных органаў, як аказалася, да канца не заручыўся. А папярэднія досведы ў Д2 былі сумнымі. Але ўсё гэта каманду не спыніла. Расказваем пра мінулыя і сёлетнюю спробы «Асіповічаў» у першай лізе.
Цяперашні сезон для каманды – восьмы ў гісторыі на ўзроўні другога дывізіёна. Дэбютны быў у 1998 годзе – каманда пад назвай «Свіслач-Крыццё», якая ўпершыню паднялася ў першую лігу, заняла там другое месца і ў 1999-м правяла адзіны год у эліце. Пасля вылету адтуль у Д2-2000 «Свіслач-Крыццё» заняла 8-е з 16 месцаў. У 2001-м проста «Свіслач» стала 11-й, а ў 2002-м ужо «Асіповічы» без шанцаў занялі апошні, 16-ы радок, атрымаўшы ўсяго дзве перамогі.
Калі ў далейшым клуб і падымаўся назад у першую лігу, то заўсёды быў адназначным аўтсайдарам. Так, пасля другога месца у Д2-2016 «Асіповічы» пайшлi ў Д2-2017 з 21-гадовым дырэктарам Паўлам Астравухам і 24-гадовым гульцом – галоўным трэнерам без адпаведнай узроўню Д2 ліцэнзіі Дзянicам Дрыгалёвым. Набраўшы 25 ачкоў за 30 тураў, сталіся перадапошнімі і вылецелі.
У 2021 годзе клуб стаў чацвёртым у Д3 – у першую лiгу ж планавалi падняць адразу пяць каманд. План не атрымалася выканаць – і ў Д2-2022 увогуле атрымалася 13 каманд. У «Асіповічаў» былі ўжо iншыя дырэктар (46-гадовы Уладзімір Плют) і галоўны трэнер – зноў вельмi малады: запрасілі 23-гадовага Іллю Навіцкага, які раней працаваў у ДЮСШ «Іслачы».
У 2022-м здарылася пакуль што апошняя хатняя перамога «Асіповічаў» у першай лізе. 3 ліпеня ў межах 10 тура разграмілі 4:1 цяперашніх гаротнiкаў вышэйшай лігі – «Маладзечна».
У «Асіповічаў» сезон-2022 скончыўся перадапошнім месцам пры трох перамогах і чатырох нічыіх за 24 туры. Але Д2 чакала новая спроба пашырэння – і ў класе ніхто не паніжаўся.
Галоўнага трэнера пасля чэмпіянату змянілі. «Асіповічы» узначаліў 37-гадовы Ягор Дзмітрачкоў, які раней працаваў у моладзевых камандах «Шахцёра». Але гэта не дапамагло. Розыгрыш першай лігі-2023 «Асіповічы» завяршылі на апошнім, 17-м месцы. Ад перадапошняй пазiцыi «Асіповічы» аддзялiлi 17 балаў. За 32 матчы здарылася 29 параз, дзве нічыі – і адзіная перамога: у 7 туры 13 траўня ў гасцях абыгралі «Астравец» 4:2.
– Толькі тры-чатыры чалавекі займаюцца футболам прафесійна. Адзін гулец у камандзіроўку паехаў, да канца сезона на яго не разлічваем. Хтосьці сканчвае каледж і ідзе на адпрацоўку. Ці вось [аўтар хет-трыка ў браму «Астраўца] Уладзіслаў Чабатар – ён у дзіцячым садку працуе. У пацаноў заробак 500-700 рублёў. У Мiнску ў прыбіральшчыкаў 1200, – распавядаў Дзмітрачкоў такое, пасля чаго вынiкi каманды здавалicя заканамернымi.
Госцi каманды, у сваю чаргу, скардзіліся на стан асiповiцкага стадыёна «Юнацтва».
– Усе каманды, якія прыязджаюць, сутыкаюцца з жахлівым полем. На ім, напэўна, умеюць гуляць толькі «Асіповічы». Гэта мой родны горад, і мне сумна гэта бачыць. Няўжо нельга зрабіць рамонт, давесці да ладу трыбуны, поле, каб людзям хацелася б сюды прыходзіць? – казаў галоўны трэнер «Астраўца» Сяргей Крот.
Нягледзячы на праблемы, дырэктар «Асіповічаў» яшчэ ў снежні 2023 года заявіў пра задачу вярнуцца ў першую лігу. Але зрабiць гэтага па спартыўным прынцыпе не ўдалося. У Д3-2024 каманда прайшла ў фінальны этап, але там стала трэцяй у сваёй падгрупе і не трапіла ў плэй-оф.
Там згулялi 8 каманд – i толькi з iх шэрагу, згодна з рэгламентам АБФФ, маглi выбiрацца каманды для павышэння. Але тут у Д2 вызвалiлася не два, а чатыры месцы праз развал «Шахцёра» з яго дублем у камплекце, а павышацца з удзельнiкаў плэй-оф захацелi толькi трое. Так АБФФ пайшла на парушэнне сваiх жа правiлаў – прапанавала месца ў Д2 дзявятай камандзе, якой аказалiся якраз «Асiповiчы».
Каманда пагадзілася, нягледзячы на праблемы, якія былi апублiчаны ўжо пасля праходжання ліцэнзавання. У федэрацыі заявілі, што ўзнікла «сур’ёзнае пытанне» наконт нявыплачаных за мінулыя гады штрафаў, якія «Асіповічам» прызначаў КДК. АБФФ у гэтай сітуацыі проста дала час перавесці грошы ажно да 30 верасня.
Аказалася, што камандзе ў Д2 рады і не ўсе рэжымнікі – пра гэта распавёў экс-біятланіст, а цяпер начальнік аддзела спорту і турызму выканкама Лукашэнка па Магілёўскай вобласці Сяргей Новiкаў.
- У «Асіповічаў» свой бюджэт ў [выканкаме Лукашэнкі па Асіповіцкім] раёне. З [выканкама Лукашэнкі па Магілёўскай] вобласці дапамагаць ім не будзем. Бо ёсць сродкі, як мы разумеем. «Асіповічы» ў першую лігу не павінны былі зайсці. Калі яны хочуць з тым бюджэтам, які ў іх ёсць, – няхай, – сказаў Новікаў.
«Зайшлі» ў Д2 «Асіповічы» сціпла. Паводле Transfermarkt, у каманды самы танны склад ва ўсім Д2 (150 тысяч еўра). Сярэдні ўзрост складае 22,9 года – менш толькі ў АБФФ U-19 ды дубляў каманд Д1. Зорныя імёны, вядома, адсутнічаюць. Самы вядомы – бадай, 31-гадовы паўабаронца Яўген Елязаранка, які пагуляў за вышэйшалігавыя «Шахцёр» i «Нафтан». 1 красавіка гульца адпраўлялі ў «Чэлсі».
Галоўны трэнер «Асіповічаў» з ліпеня 2024 года – 42-гадовы Андрэй Лясюк, якi раней працаваў у «Стэнлесе». Дапамагаюць дзве мясцовыя легенды – Аляксандр Кончыц i Дзмiтрый Кiрдун.
Адзіны пакуль хатні матч быў у 1-м туры – «Асіповічы» правялі яго на стадыёне «Лакаматыў» са штучным газонам. Умяшчае адзiная трыбуна там ўсяго толькі 124 гледачы, але шмат хто назiраў гульню з «Паперпрамам» проста стоячы побач з-за невысокага плота. У пратаколе пазначана 337 чалавек.
Сустрэчу з дублёрамі БАТЭ у 3-м туры, якая планавалася на тым жа стадыёне «Лакаматыў», давялося пераносіць у Мінск праз «дрэннае надвор’е і стан поля». Суполка «Асіповічаў» паведаміла, што хатні матч 5-га тура 27 красавiка з «Оршай» пройдзе ўжо на «Юнацтве».
За 4 туры на рахунку «зялёна-белых» у цэлым нічыя з «Паперпрамам» (1:1), паразы ад «Дняпра» (2:3) і БАТЭ-2 (1:3) ды нiчыя з леташнім бронзавым прызёрам «Нівай» (2:2). А гэта значыць, што серыя «Асiповiчаў» без перамог у Д2 налiчвае сумарна ажно 29 матчаў. Пакуль каманда займае перадапошняе месца ў бягучай таблiцы.
Перад сезонам у Д2 у камандзе вырашылі змяніць звыклую «шашкавую» форму. Цяперашні камплект вельмі нагадвае той, што ў зборнай Нігерыі.
Адзін з заўзятараў розніцу паміж варыянтамі знайшоў, вось толькі пакуль ягоны аптымізм «Асіповічы» не апраўдваюць.