Бага-старэйшы чакае новага выкліку: вучыць англійскую, марыць пра Еўропу, а чуткі адпраўляюць у Прыднястроўе
Туды, куда недаехаў Скрыпчанка.
Аляксей Бага вось ужо амаль паўгода знаходзіцца без працы. Яго апошні этап у «Сокале» атрымаўся неадназначным – змог захаваць каманду ў расійскім Д2 па выніках сезона-2023/24, але ў новым чэмпіянаце набраў 19 пунктаў за 19 матчаў і пакінуў клуб па ўзаемнай згодзе ў зоне вылету.
Без Багі, зрэшты, справы ў «Сокала» не наладзіліся – набралі чатыры пункты за 10 матчаў і апусціліся на самае дно табліцы. Сам спецыяліст станоўча ацэньвае этап у Саратаве, таму што вясной 2024-га сумеў утрымаць каманду ў Д2.
Наогул, карʼера Багі за мяжой складваецца неадназначна. Пасля чэмпіёнства з «Жальгірысам» у 2020-м быў слабы адрэзак з «Актабэ», калі спачатку ўдалося набраць дзевяць пунктаў за пяць матчаў, але затым было чатыры паражэнні запар і датэрміновае спыненне супрацы. Нядаўна Бага, успамінаючы працу ў Казахстане, адзначыў, што ў гэтай краіне асаблівае асяроддзе і калі ў яго будзе два раўназначныя варыянты працягу карʼеры, то абярэ каманду не з Казахстана, нават калі казахі прапануюць больш грошай.
У 2022-м Бага трэнаваў «Сумгаіт» з Азербайджана, і там наогул здарыўся правал – дзве перамогі за 23 матчы і звальненне.
Пасля сыходу з «Сокала» Бага ўжо не раз заяўляў, што шукае новую працу. Інсайдары паведамлялі пра цікавасць з боку брэсцкага «Дынама», аднак там у выніку выбралі Аляксандра Сяднёва. Сам Бага казаў, што хоча папрацаваць у Еўропе і нават называў канкрэтныя краіны: Польшчу, Венгрыю, Славакію. У сакавіку трэнер расказваў, што прапановы яму прыходзілі ад некалькіх каманд ЧБ і Азіі. Але на азіяцкій варыянты спецыяліст не пагадзіўся. «Там чэмпіянаты пачынаюцца пазней, і даваць дабро загадзя было рызыкоўна і авантурна. Хоць там шмат зорак і футбольны варушняк. Але пакуль яшчэ ёсць час пабыць удома і паглядзець іншыя варыянты», – патлумачыў Бага.
У вымушаным адпачынку трэнер імкнецца займацца самаразвіццём. Прынамсі, ён так кажа. Пакуль памочнікі шукаюць варыянты працаўладкавання, Бага вучыць англійскую (тое самае, але беспаспяхова, калісьці рабіў бос Багі па БАТЭ Віктар Ганчарэнка з прыцэлам на еўрапейскі рынак), чытае, ходзіць на футбол, трэнінгі, спарынгі. Па тэлевізары глядзіць Д1 і Д2 Расіі, Лігу чэмпіёнаў. Часам наведвае хакей, якім актыўна цікавіцца.
Бага распавядаў, што захапляецца працай хакейных трэнераў: «Тая колькасць пералётаў, асабліва начных, усяго-ўсяго, як яны праводзяць па тысячы гульняў як трэнеры – гэта, вядома, супер. У лізе ўнікальныя людзі працуюць». Да галоўнага трэнера мінскага «Дынама» Дзмітрыя Квартальнава ён нават падышоў з просьбай сфатаграфавацца.
Бага расказваў, што перад першай гульнёй плэй-оф «Дынама» з ЦСКА сустрэў і галоўнага трэнера каманды пуцінскай арміі Іллю Вараб'ёва. Але той быў «залішне задуменны, у сваіх думках». Таму да яго беларус падыходзіць не стаў.
А яшчэ Бага хацеў патрапіць на стажаванне да Квартальнага: «Паглядзець працэсы, як яны адбываюцца ў іншым гульнявым відзе спорту: як будуецца праца, адбываюцца ўзаемадзеянні з легіянерамі». Аднак, не стаў набівацца, бо на носе ў «Дынама» быў плей-оф.
22 красавіка расійскі «Матч ТБ» падзяліўся інсайдам: Бага з'яўляецца кандыдатам на пасаду галоўнага трэнера «Шэрыфа». Каманда перажывае не найлепшыя часы – у мінулым сезоне ўпершыню за восем гадоў не стала чэмпіёнам Малдовы. Затым упершыню з сезона-2020/21 не выйшла ў асноўную стадыю еўракубкаў. Сёлета «Шэрыф» блізкі да таго, каб зноў упусціць тытул – за чатыры туры да канца адстае ад лідара «Мілсамі» на чатыры пункты. Пры гэтым у чэмпіянаце Малдавіі незвычайная схема: каманды гуляюць рэгулярку, па выніках якой першая шасцёрка адпраўляецца змагацца за чэмпіёнства ў новы колавы турнір. Пры гэтым іх вынікі з рэгуляркі ў другім этапе не ўлічваюцца. Таму зараз «Шэрыф», які выйграў першы этап з 36 пунктамі, адстае ад «Мілсамі», які ў рэгулярцы фінішаваў толькі пятым з 21 балам.
15 красавіка «Шэрыф» звольніў баснійца Міслова Караглана, які ўзначальваў каманду са жніўня мінулага года. Фатальнай стала драматычная нічыя з «Мілсамі»: «Шэрыф» вёў 2:0, але прапусціў двойчы ў дадатковы час. Цяпер абавязкі галоўнага выконвае Віктар Міхайлаў, які ўжо сёмы раз прымяняе на сябе ролю часовага кіраўніка.
Пры гэтым Бага не першы беларускі кандыдат на пасаду галоўнага ў «Шэрыфе» за апошні год. У кастрычніку паведамлялася, што тыраспальцы разглядаюць Вадзіма Скрыпчанку. Але той у выніку працягнуў дамову з мінскім «Дынама».
З лютага за «Шэрыф» выступае былы абаронца мінскага «Дынама» Раі Лопез. Бразілец пасля пераходу трапляў у старт ва ўсіх васьмі матчах сваёй каманды, але выніковымі дзеяннямі пакуль не вызначаўся.