АБФФ суперлагічная па фінале Кубка: рэжым не даў, дзе хацелі, «Дынама» занятае невядома чым – тады адмова ад нейтральнага поля!
Якім чынам адкрыюць новы стадыён – загадка.
Працягваюцца прыгоды з адкрыццём так званага «нацыянальнага футбольнага стадыёна» ў Мінску, які будуюць за кошт Кітая.
Рэжым Лукашэнкі як быццам збiраўся прымеркаваць адкрыццё новай арэны да 9 траўня, калi будзе 80-годдзе капiтуляцыi Германii ў Другой сусветнай вайне. А потым, 24 траўня, на новенькай 33-тысячнай арэне АБФФ збіралася правесці фінал Кубка Беларусі, пра што афiцыйна абвясцiла. Праўда, зрабiла гэта так, што адразу выклiкала пытаннi.
Далей ўпэўненасцi таксама не дадавалася. У сакавіку Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, што інфраструктура вакол стадыёна, якая робіцца за кошт беларускага дзяржбюджэту, павінна быць гатовая да 1 кастрычніка 2025 года. А на пытанне пра магчымы перанос матчаў у АБФФ адказалi, што толькі падладжваюцца пад загады рэжыму.
«Чакаем указанняў ад вышэйшых дзяржорганаў – i будзем гэтага прытрымлівацца. Травень, чэрвень альбо кастрычнік – [мы] гатовыя, абсалютна мабільныя. Так, можа быць, гэта некамфортна, тут лішняя праца будзе», – разважаў першы намстаршыні АБФФ Андрэй Васілевіч.
У вынiку быць мабiльнымi такi прыйшлося. 22 красавіка выканкам АБФФ, які раней выбраў арэну для фiнала Кубка, так жа лёгка зацвердзіў іншы стадыён. Прычым не ў Мiнску, хаця запасным лічылася тамтэйшае «Дынама».
«Адкрыццё новага стадыёна перанесена на больш позні тэрмін. Мы, адпаведна, там згуляць у траўні не можам. Таму цяпер сабралі выканкам для карэкціроўкі. Запасной арэнай было «Дынама». Але, на жаль, у гэтую дату ў сувязі з тым, што мы раней не маглі пацвердзіць, што мы там будзем гуляць, ён ужо будзе заняты. Атрымалася так, што ў Мінску няма арэн, якія маглі б прыняць фінал Кубка», – каментаваў той жа Васілевіч.
Чым занятае «Дынама» – незразумела. У мiнскага «Дынама» у патрэбны ўiк-энд матч ЧБ у гасцях у «Гомеля». У сацыяльных сетках стадыёна рэкламуецца выстава аўтамабіляў Japlane 2025, але яна адкрыецца 4 чэрвеня – i, дарэчы, не перашкодзiць прызначанаму на стадыён 5 чэрвеня матчу Беларусь – Казахстан. На сайце па продажы білетаў Ticketpro ўказаны яшчэ толькi музычны фестываль рэжымнага Belbet, але ён павінен прайсці ажно 14 чэрвеня.
Але, як бы там нi было, АБФФ выбрала iншы горад. I, мяркуючы па словах Васiлевiча, рабiла гэта дзiўным для традыцыi фiналаў чынам – разглядала не «нейтральныя» месцы, а акурат стадыёны каманд, якiя гуляюць у паўфiнале. На момант рашэння ўжо прайшлi першыя матчы стадыi: «Нёман» разнёс «Вiцебск» 3:0, а «Тарпеда-БелАЗ» i «МЛ» Вiцебск аформiлi нiчыю 0:0.
У вынiку з такiмi раскладамi фiнал адправiлi ў Гродна – значыць, амаль гарантавана далi перавагу трыбун «Нёману», якi адной нагой у вырашальным матчы. Але нiхто ў АБФФ, маўляў, не ўбачыў у гэтым нiчога дзiўнага.
«Разглядаліся розныя варыянты, але з улікам таго, дзе праходзілі папярэднія фіналы, з улікам цікавасці гледачоў, якую выклікаюць меркаваныя фіналісты. З улікам таго, што летась у Жодзіне фінал быў, у Віцебску – у 2019-м. У Гродне – у 2017, тым больш мы бачым, як [добра] ходзяць на стадыён. Усе фактары склаліся ў прапанову правесці фінал Кубка ў Гродне. Ні ў каго гэта не выклікала ніякіх сумневаў, нараканняў. Выканкам аднагалосна прыняў рашэнне», – адсправаздачыўся Васiлевiч.
Калi не здарыцца нейкiх цудаў, «Нёман» стане трэцяй у гiсторыi белфутбола камандай, якая правядзе фiнал Кубка на сваiм стадыёне. 22 з 33 мiнулых фiналаў праходзiлi на «Дынама» – пяць разоў там i гуляла «Дынама» (плюс у сваiм горадзе, хоць i на чужым стадыёне, выступалi ў фiнале двойчы «Дынама-93» ды МТЗ-РЫПА плюс па разе «Тарпеда-МАЗ» i «Лакаматыў»). А ў 2019-м фiнал загадзя быў абвешчаны ў Вiцебску, i мясцовая каманда прабiлася туды – але саступіла «Шахцёру» (0:2).
Новаму «нацыянальнаму стадыёну» жа, па словах Васілевіча, выбралi дату адкрыцця на ўзроўні кабмiна Лукашэнкi. Пры гэтым арэна выглядае ўжо цалкам гатовай. Адно што на газоне дзіўныя белыя сляды.
Ёсць яшчэ прыгожае відэа, знятае з дрона:
Паводле інфармацыі «Трыбуны», дата адкрыцця – 7 чэрвеня. Што канкрэтна запланаванае на той дзень – пакуль незразумела.
Пры гэтым расійскі партал «ВсёПроСпорт» перадаў словы Васілевіча, што нiбыта «першая сустрэча на [новай] арэне пройдзе да 10 чысла са зборнай Кітая», а гульню з Расіяй падвiнуць з 10 на 12 чэрвеня. Але ў зборнай Кітая на 5 і 10 чэрвеня запланаваныя матчы адбору на ЧС супраць Інданезіі і Бахрэйна. Ды i пра гульню Беларусi з Казахстанам 5 чэрвеня не забываемся. Карацей, не адкрыццё, а загадка.