Зорная банда «Узды», пераможца Кубку на афішы са Сталіным, касяк з блогерам пад алкаша – такая во весялуха ў Д3
Нябачнае жыццё.
На мінулых выходных амаль ва ўсіх дывізіёнах стартаваў рэгіянальны этап чэмпіянату Беларусі па футболе ў другой лізе. Раней за ўсіх, нагадаем, распачала Гомельская вобласць, а адстае пакуль толькі Віцебская, дзе старт прызначаны на 3 траўня.
Вось пара свежых навін пра самы глыбокі беларускі мінор. Па-першае, у турніры з'явіўся намёк на цэнтралізаванае асвятленне. Пасля леташняга канфлікту АБФФ і так званага міністэрства спорту правядзенне рэгіянальнага этапу «замацавана» за ведамствам Сяргея Кавальчук. З таго часу не тое што навіны, нават вынікі матчаў даводзілася шукаць усімі праўдамі і няпраўдамі. Антымедыйная практыка распаўсюджвалася на ўсе дывізіёны акрамя мінскага турніру і турніру дублёраў – вынікі адтуль яшчэ можно было адшукаць у мабільным дадатку федэрацыі.
У цяперашнім сезоне сітуацыя крыху палепшышалася. З 26 па 28 красавіка ў дадатку АБФФ з'явіліся вынікі сустрэч у Гродзенскай, Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай абласцях, у мінскім дывізіёне і турніры дублёраў. Бракуе інфармацыі толькі пра чэмпіянат Гомельскай вобласці.
З цікавых вынікаў можна вылучыць разгромную і першую ў гісторыі перамогу новастворанага «Салігорска» – 8:0 супраць ФСК «Слуцк». Паспяхова распачала і «Гарадзея» (знаёмая назва, але цалкам новы клуб), якая разнесла «Старыя Дарогі» 4:0. Кажуць, вядомы гарадзейскі шашлык таксама вярнуўся ў беларускі футбол.
Увогуле, на выходных у Д3 згулялі 42 матчы – роўна палова з іх скончылася разгромамиі. Самы буйны з іх адбыўся ў Гомельскай вобласці: «Чачэрск» быў куды мацнейшы за ДзЮСШ «Іпуць» – 13:1.
Тур на Гомельшчыне атрымаўся зусім неканкурэнтным: шэсць разгромаў пры сямі матчах!
У федэрацыйная аплікацыі можна даведацца не толькі пра лік, але і пра склады каманд. Так, пацвердзіўся інсайд пра гульцоў салігорскага «Партызана», які спыніў існаванне, у новаствораным «Салігорску» – у заяўцы на матч супраць «Слуцка» было 13 экс-падапечных Мікалая Януша.
Але самы цікавы склад сабрала іншая каманда Мінскай вобласці. За «Узду» ў сезоне-2025 заяўленыя адразу некалькі футбалістаў з досведам у вышэйшай лізе. Самы вядомы – Аляксандр Сачыўка, які яшчэ ў мінулым годзе стаў чэмпіёнам Д1 і правёў адзін матч на агульным этапе Лігі канферэнцый за мінскае «Дынама». Таксама ў ростары прысутнічаюць леташнія гульцы магілёўскага «Дняпра» Дзмітрый Алісейка, Ягор Генералаў, Сяргей Глябко і экс-футбаліст «Крумкачоў» Сяргей Корсак.
Пры гэтым Сачыўка, Алісейка, Генералаў і Корсак выступаюць і за DMedia з расійскай медыялігі. Але апошні тур забаўляльнага турніра (праходзіў у тыя ж даты, што і матчы Д3) мінскі калектыў прапускаў, таму зорнай па мерках другой чацвёрцы нішто не перашкодзіла згуляць за «Узду». Алісейка адзначыўся голам і нерэалізаваным пенальці, яшчэ адзін мяч аформіў Корсак. А на рахунку брамніка Генералава – «сухар». У выніку уздзенцы знішчылі «Любань» 5:0.
Што тычыцца медыялігі, вышэй згаданыя гульцы паўдзельнічалі пакуль толькі ў адным матчы. У 1-м туры DMedia прайграла ФК «10» – 2:3. Адзін з галоў беларускага калектыва запісаў на рахунак Корсак, Алісейка і Сачыўка выніковымі дзеяннямі не вылучыліся.
Але дасведчаных выканаўцаў мае не толькі «Узда». Напрыклад, экс-гульцы жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» Аляксандр Красноў і Дзяніс Трапашка выступаюць за чэрвеньскі «Колас» (чэмпіянат Мінскай вобласці), апошні пазначаны яшчэ і як галоўны трэнер калектыва. У заяўцы «Коласа» можна адшукаць яшчэ некалькі былых футбалістаў «вышкі» – Уладзімір Пяцігорац (брамнік капітаніў яшчэ ў элітным мінскім «Партызане»), Мікіта Шугункоў (нападнік доўгі час зусім невынікова бегаў за «Нафтан»).
Гучнае па мерках другой лігі падпісанне зрабіш рагачоўскі «Дняпро». За клуб будзе гуляць 7-разовы прызёр ЧБ і 3-разовы ўладальнік Кубку Ігар Кузьмянок. Невядома для чаго, але спачатку прыход гульца анансавалі афішай да матчу ў камуністычным стылі – з выявамі Іосіфа Сталіна і Уладзіміра Леніна.
У допісе да публікацыі сказана пра «задаванне планкі ў патрыятычным конкурсе ад арганізатараў турніра на найлепшы плакат да памятнай даты» (маецца на ўвазе 80-годдзе заканчэння Другой сусветнай вайны). Відаць, іншым будзе складана пераплюнуць творчасць штучнага інтэлекту, які выкарыстоўваць у Рагачове для вядзення сацсетках. Шкада толькі, што клуб не згадаў вынікі сталінскай дыктатуры для Беларусі – сотні тысяч загінулых у выніку рэпрэсій (паводле даследчыка Вадзіма Эрліхмана – 230 тысяч). Такі вось «патрыятызм».
Яшчэ адна цікавостка адбылася ў Мінскім дывізіёне. Там дэбютанты турніра, каманда блогераў «Інформ», перамагла ў першым матчы – 3:2 супраць «Ураджайнай». Але падобна, што цешыцца медыйшчыкам зарана.
У другім тайме за іх на поле выйшаў гулец-аматар Тахір Асадулаеў. На футболцы ў яго быў №16. Але вось праблема – пад №16 на гульню быў заяўлены блогер Андрэй Хандога, які ў сваіх відэа парадыруе «алкаша». А вось Асадулаева ў заяўцы ўвогуле не было. Праз 11 хвілін прывіднага футбаліста зналі з гульні.
Але супернік падмену ўжо заўважыў. Як заявіў галоўны трэнер «Ураджайнай», блогерам, хутчэй за ўсё, прызначуць тэхнічную паразу. У сваю чаргу дырэктар «Інформа» Улад Хаванскі распавёў, што Асадулаева проста забылі ўнесці ў заяўку на сустрэчу праз «вялікую мітусню перад першым у гісторыі матчам». Хаванскі папрасіў АБФФ не караць «Інформ» тэхнічнай паразай, а замест яе ўжыць штраф або дыскваліфікацыю – маўляў, Асадулаеў на ход сустрэчы не паўплываў.
Праўда, не да канца зразумела, чаму блогер звяртаецца да федэрацыі футбола. Яшчэ ў мінулым годзе намеснік страшыні АБФФ Андрэй Васілевіч распавядаў, што за рэгіянальны этап адказныя абласныя федэрацыі і ўпраўленні спорту так званага «міністэрства».
Відаць, і тут «Інформ» заблытаўся.