🙃 Раналду зноў усё прагуляў – прыгода ў «Аль-Насры» пакуль прынесла ўсяго адзін таварыскі кубак
Цяпер вылецелі з ЛЧ – ад 8-й каманды Японіі.
Прыгоды Крышціяну Раналду ў Саудаўскай Аравіі не прынеслі яму чарговы трафей. Ужо і не смешна – бо партугалец дагэтуль нічога афіцыйна з «Аль-Насрам» не выгуляў.
Ужо 10 страчаных трафеяў – у гэтым сезоне колькасць вырасце да 11
Раналду прыйшоў у «Аль-Наср» пасярод сезона 2022/23 – клуб тады якраз ішоў першым у чэмпіянаце.
З тых часоў «Аль-Наср» увесь час быў дзесьці «побач» з узнагародамі – але не займеў ніводнай:
Коратка нагадаем, чым скончылася кожная з іх.
❌ Чэмпіянат Саудаўскай Аравіі 2022/23
На момант дэбюту Раналду «Аль-Наср» ішоў першым пасля 13 тураў з адрывам у 2 пункты ад праследавацеляў. Фінішаваў другім, адстаўшы ад «Аль-Іціхада» на 5 балаў.
❌ Кубак Караля 2022/23
Мінімальная параза ад «Аль-Вахды» (0:1) у паўфінале – супернік забіў на 23-й, а з 53-й быў у меншасці.
❌ Суперкубак Саудаўскай Аравіі 2022/23
Вылет у паўфінале ад «Аль-Іціхада» (1:3), Раналду зноў без галоў ці асістаў.
❌ Чэмпіянат Саудаўскай Аравіі 2023/24
Цяжка сказаць, што гэта «Аль-Наср» прайграў лігу, бо набраў 82 балы за 34 туры – хутчэй, «Аль-Хіляль» выйграў яе, паколькі толькі тройчы страціў пункты (без ніводнай паразы).
Затое Раналду пабіў бамбардзірскі рэкорд краіны – 35 галоў (плюс 11 асістаў).
❌ Азіяцкая Ліга чэмпіёнаў 2023/24
Вылет у 1/4 фіналу ад «Аль-Айна» – 0:1 у першым матчы з шалёнымі 4:3 у другім. Тады Крышціяну выратаваў каманду ў экстратайме на 118-й, а ў серыі пенальці стаў адзіным з каманды, хто рэалізаваў свой удар (усе астатнія трое не забілі).
❌ Суперкубак Саудаўскай Аравіі 2023/24
Параза ад «Аль-Хіляля» ў паўфінале (1:2) – тады ў Раналду здалі нервы і ён атрымаў прамую чырвоную ў канцы матча за ўдар локцем.
❌ Кубак Караля 2023/24
«Аль-Наср» дайшоў да фіналу з «Аль-Хілялем», які скончыўся трыма выдаленнямі, нічыёй 1:1 і серыяй пенальці, дзе Раналду свой удар рэалізаваў, але дапамагло.
❌ Суперкубак Саудаўскай Аравіі 2024/25
Яго праводзілі нехарактэрна рана – яшчэ ў жніўні 2024-га – але і там «Аль-Наср» прайграў «Аль-Хілялю». Крыш свой мяч забіў на 44-й, адкрыўшы лік, але напрыканцы другога тайма супернік закінуў чатыры ў адказ.
❌ Кубак Караля 2024/25
У Кубку гэтага сезона Раналду вылецеў рана – ад «Аль-Тавуна» ўжо ў 1/8 фіналу, прайграўшы 0:1. Тут Крыш можа вінаваціць і сябе: на 96-й мог зраўняць з пенальці, але прамахнуўся.
❌ Азіяцкая Ліга чэмпіёнаў 2024/25
Самая свежая страта – у паўфінале «Аль-Наср» у Саудаўскай Аравіі (аднаматчавыя супрацьстаянні) прымудрыўся прайграць японскаму «Кавасакі Франтале» 2:3. На 90+5-й Крыш мог зраўняць лік, аднак не надта добра трапіў па мячы і дазволіў абаронцу суперніка заблакаваць удар.
⏳ Чэмпіянат Саудаўскай Аравіі 2023/24
Гэты турнір фактычна таксама ўжо можна аднесці да прайграных – за пяць тураў да завяршэння «Аль-Наср» ідзе трэцім. Адставанне ад лідара «Аль-Іціхада» складае 8 пунктаў: матэматычна яшчэ дасягальна, але па факце для гэтага патрэбныя значныя памылкі і першай каманды проста цяпер, і «Аль-Хіляля», які ідзе другім.
Пры Раналду «Аль-Наср» змяніў 4 трэнеры, выйграў таварыскі кубак – а Крыш забраў шэраг індывідуальных узнагарод
Цягам гэтых трох сезонаў Раналду паспеў папрацаваць пад кіраўніцтвам чатырох трэнераў: Рудзі Гарсіі, Дзінка Елічыча, Луіша Каштру і Стэфана Піёлі, які па сёння кіруе «Аль-Насрам».
Пры гэтым апошні камандны трафей Раналду ў актыве – да гэтага часу Кубак Італіі 2020/21 з «Ювентусам», выйграны 19 траўня 2021-га. Таму без трафеяў партугалец жыве ужо тры гады, 11 месяцаў і 13 дзён.
Тут трэба зрабіць папраўку на так званую «Лігу чэмпіёнаў арабскіх краін» – яе «Аль-Наср» сапраўды выйграў у 2023-м. Аднак гэта фактычна таварыскі турнір, не прадугледжаны календарамі ні ФІФА, ні АФК. «Аль-Наср» у яго наогул не прайшоў і патрапіў як запрошаны прадстаўнік краіны-гаспадыні. Уласна, і навін пра наступны розыгрыш турніру да гэтага часу не было.
Аднак Раналду ўсё ж будзе чым пахваліцца – індывідуальнымі дасягненнямі і ўзнагародамі:
🥇 Найлепшы бамбардзір чэмпіянату Саудаўскай Аравіі 2023/24 (35 галоў);
🥇 Уладальнік рэкорду чэмпіянату Саудаўскай Аравіі па колькасці галоў за сезон – 35;
🥇 Найлепшы гулец Блізкага Усходу 2023 і 2024 гадоў па версіі Globe Soccer Awards;
🥇 Узнагарода «Найлепшы бамбардзір усіх часоў» 2024 па версіі Globe Soccer Awards;
🥇 Узнагарода імя Марадоны 2023 па версіі Globe Soccer Awards.
У гэтым сезоне ён ужо не абновіць свой рэкорд – мае 23 забітыя мячы – аднак усё яшчэ можа выйграць гонку бамбардзіраў.
Параўнальная статыстыка гульцоў у турнірах дасяжная ў тэгах на «Трыбуне» – пераканайцеся на прыкладзе чэмпіянату Саудаўскай Аравіі
Кантракт Раналду завяршаецца гэтым летам – «Аль-Наср» нібыта прапануе новы на два гады, а сам Крыш падсумаваў свежы вылет з ЛЧ так:
«Часам мара павінна пачакаць».
Фота: UAFA, Abdullah Ahmed/Global Look Press