Яшчэ нядаўна быў не гатовы трэнаваць, а цяпер яго каманда – лідар ЧБ: крыўдна звальнялі, вылетаў у Д3, хоча максімум
Што мы ведаем пра трэнера Аляксандра Шагойку.
Па выніках 7-га тура «МЛ Віцебск» стаў чыстым лідарам вышэйшай лігі-2025. На рахунку навічка 17 пунктаў дзякуючы пяці перамогам і дзвюм нічыім. Увогуле, падобныя вынікі не з'яўляюцца чымсьці нечаканым. У адзінага прыватнага клуба чэмпіяната Беларусі ўсё ладна з фінансамі, што дазволіла ў міжсезонне сабраць даволі моцны склад па мерках спаборніцтва. Пра лідараў «букмекераў» Tribuna.com ужо распавядала.
А хто імі кіруе? Вось чым вядомы Аляксандр Шагойка.
Быў футбалістам-рэкардсменам...
Аляксандр Шагойка – вядомы ў міунулым футбаліст. Другі пасля Аляксандра Юрэвіча (484) гулец па колькасці матчаў у Д1 Беларусі (474) і першы ў гісторыі ЧБ, хто правёў 400 поўных матчаў. Двухразовы чэмпіён вышэйшай лігі, двухразовы пераможца Кубку. Мае чатыры матчы за зборную. Кар'еру гульца Шагойка скончыў адносна нядаўна – у лютым 2020-га, калі яму было 39. Цяперашні сезон – дэбютны ў ролі галоўнага трэнера, і пакуль усё складваецца паспяхова.
...але да трэнерскай працы быў не гатовы
Толькі адгуляўшы, Шагойка атрымаў прапанову трэнаваць у структуры акадэміі АБФФ.
– На той момант я быў не зусім гатовы да гэтага [працы трэнерам]. Але ўзважыў усе «за і супраць» і вырашыў, што вялікі досвед кар'еры гульца, напэўна, можа прыдасца. Паспрабаваў, і цяпер з'яўляюся галоўным трэнерам у акадэміі футбола каманды 2005 года нараджэння, – распавядаў Шагойка ўлетку 2022 года.
Як стаў трэнерам, прыйшоў да высновы, што не ведаў футболу
На пачатку трэнерскай кар'еры экс-футбаліст адзначаў, што папярэдні досвед яму моцна дапамагае. Але ўвогуле Шагойку давялося шмат вучыцца – і ён прыйшоў да нечаканай высновы.
– Любыя курсы і заняткі даюць нейкую глебу [для разважання]. Усё роўна, колькі ты гуляў, дзе ты гуляў. Калі пераўтварыўся з футбаліста ў трэнера, зразумеў, што праца трэнера – гэта зусім іншы від дзейнасці. Трэнер і футбаліст – гэта два розныя чалавекі, – казаў Шагойка ў 2021-м.
На наступны год ён не змяніў меркавання – казаў, што не лічыць сябе паўнавартасным трэнерам і мае патрэбу ў навучанні:
– У аснове ўсяго ляжыць вучоба. У любым выпадку трэба вучыцца, рабіць гэта пастаянна, падштурхоўваць сябе. Не думаць, што ты ўжо стаў нейкім вялікім, нават калі ўсё добра атрымліваецца. Калі я скончыў кар'еру гульца і перайшоў на трэнерства, зразумеў, што футбол практычна не ведаю. То бок я проста ў яго гуляў.
Шагойка на трэнерскіх курсах АБФФ
У красавіку 2020-га Шагойка атрымаў трэнерскую ліцэнзію С, у кастрычніку 2021-га – B, а ў лістападзе 2023-га скончыў навучанне на катэгорыю А. Засталося атрымаць толькі Pro-дыплом.
З АБФФ звольнілі па дзіўнай прычыне – меркавана, датычны Вяргейчык
Непадаўжэнне кантракту з Шагойкам у траўні 2022 года АБФФ патлумачыла дзіўна – «аптымізацыя матэрыяльных рэсурсаў». Але, як даведалася Tribuna.com, сітуацыя была наступнай.
Тады новым галоўным трэнерам акадэміі АБФФ, якой падпарадкоўваюцца юнацкія зборныя, стаў Дзмітрый Караткевіч, і ён правёў некалькі трэнерскіх адставак, меркавана, з указання тагачаснага першага намесніка старшыні АБФФ Юрыя Вяргейчыка.
Зрэшты, не зусім зразумела, якія пытанні Вяргейчык меў да Шагойкі. Тады ж звольнілі і яшчэ аднаго вядомага экс-футбаліста – Сяргея Кабельскага, які працаваў з хлопцамі 2007 года нараджэння і за некалькі дзён да звальнення перамог у чэмпіянаце Беларусі па сваім узросце.
Дапамог «Іслачы» паўтарыць найлепшы вынік у ЧБ
У ліпені 2022-га Шагойка ўвайшоў у трэнерскі штаб Арцёма Радзькова ў «Іслачы», дзе правёў частку кар'еры. «Ваўкі» да канца сезону атрымалі 8 перамог, 2 нічыі і 6 параз – і ў выніку паўтарылі свой найлепшы на той момант вынік у Д1 (5-е месца).
Ужо ў наступным годзе «Іслач» перабіла дасягненне з Дзмітрыем Камароўскім (4-е месца). Але тое было ўжо без Шагойкі.
У «Арсенале» была незразумелая адстаўка
У сакавіку 2023 года Шагойка з'явіўся ў дзяржынскім «Арсенале», дзе стаў памочнікам Сяргея Паўлюковіча, які раней таксама працаваў у трэнерскім штабе «Іслачы».
Новы клуб толькі што вылецеў у Д2 (адбылося гэта па выніку стыкавых матчаў супраць цяперашняй каманды Шагойкі, якая тады называлася «Макслайнам»), да таго ж мела фінансавыя праблемы. Па інфармацыі Tribuna.com, трэнерскі штаб падоўгу не бачыў заробкаў у Дзяржынску.
Нягледзячы на такія ўмовы, «Арсенал» стартаваў з 10 перамог у 10 першых турах, праўда, потым была параза і тры нічыі запар. Клуб ішоў на першым месцы, але за дзень да матчу 16-га тура было абвешчана пра расставанне з Паўлюковічам і яго штабам. Рашэнне выглядала быццам бы дзіўна, але ўсё ж такі «пушкары» выйгралі тады Д2 і вярнуліся ў эліту.
– Як кіраўніцтва патлумачыла рашэнне аб звальненні? Нам толкам не патлумачылі. Каманда ідзе на першым месцы, некаторыя гульцы выклікаюцца ў зборныя. Ад галоўнага трэнера я не чуў, што кіраўніцтва незадаволенае, як і ад самога кіраўніцтва. Магу толькі абагуліць і адказаць вобразна: падзякавалі за празу і патлумачылі, што звальненне не звязанае з якасцю з нашай працы, – распавядаў пазней Шагойка.
Спікіраваў з «Энергетыкам» па маршруце Д1-Д3
Без працы спецыяліст заставаўся нядоўга. Ужо ў кастрычніку 2023-га ён аказаўся ў трэнерскім штабе «Энергетыка-БДУ» – праекта Анатоля Юрэвіча, пад кіраўніцтвам якога калісьці гуляў. Спачатку Шагойка дапамагаў Аляксею Мяркулаву, а з пачатку 2024-га ужо сам стаў галоўным, хоць пра гэта афіцыйна і не абвяшчалася.
У той год «Энергетык-БДУ» вылецеў з Д1, атрымаўшы «– 23» пункты за махінацыі Юрэвіча і саступіўшы «Віцебску» ў стыках (0:0, 0:1). Наступны сезон у Д2 «студэнты» таксама пачыналі з «– 10» – і выбрацца з ямы не здолелі: апошняе месца і вылет у Д3.
– Я думаю, што ўвогуле ніколі не варта апускаць рукі. Трэба старацца глядзець наперад. Тое, што было, яно ўжо ў мінулым, а тое, што будзе – трэба працаваць з гэтым, – па-філасоўску пракаментаваў вынікі сезона-2024 для «Энергетыка» Шагойка, які быў памочнікам Аляксея Мяркулава.
Працаваць у Мінску з тым, што будзе, коўч не застаўся. Праз месяц яго абвясцілі галоўным трэнерам «МЛ Віцебск».
Яшчэ ў мінулым годзе мог узначаліць клуб Д1
Перад сезонам-2024 з'явіліся чуткі, што Шагойка можа ўзначаліць «Смаргонь». Паведамлялася, што ён наават правёў трэнінг, прычым прывёз свой штаб – Сяргея Паўлюковіча, якому сам раней дапамагаў, Андрэя Гарбунова, з якім працаваў у «Іслачы» і «Арсенале», і Антона Кавалеўскага.
Але ў выніку прызначэння не адбылося, што сам Шагойка ўцямна не каментаваў. Расплывіста выказваўся і дырэктар «Смаргоні» Павел Люцько, спаслаўшыся на «спрэчную іміджавую гісторыю» для абодвух бакоў.
Тым часам football.by паведаміў, што Шагойка і «мядзведзі» не змаглі ўзгадніць умовы супрацоўніцтва. Коўч вярнуўся ў «Энергетык», а што было далей, мы ўжо ведаем.
Хоча заявіць пра сябе як пра трэнера, які здольны да вялікіх вынікаў
У міжсезонне пошукі «МЛ Віцебскам» новага галоўнага трэнера былі падобны да серыяла – у медыя фігуравалі шэсць кандыдатаў. І Шагойка быў далёка не першым.
Але калі клуб нарэшце звярнуўся да спецыяліста без сур'ёзнага досведу на пасадзе галоўнага, той доўга не думаў.
– Любое рашэнне заўсёды даецца з цяжкасцю, але гэта [ўзначаліць «МЛ»], мусіць, адно з самых лёгкіх, бо гэта праект, які развіваецца. А ўсё, што развіваецца – мяне цікавіць, – патлумачыў Шагойка. – Я сам па сабе максімаліст, і лічу, што любая задача па сілах. Мяркую, што я для гэтага сюды і прыйшоў. Час пачынаць заяўляць пра сябе як пра трэнера, які здольны дамагацца вялікіх вынікаў.
У штаб запрасіў старых знаёмых
У Віцебску трэнеру дапамагаюць Андрэй Гарбуноў і Артур Лясько. З першым ён працаваў у трэнерскіх штабах «Іслачы» і «Арсенала», з другім – у «Энергетыку-БДУ».
Андрэй Гарбуноў (злева) і Артур Лясько (справа) з Аляксандрам Шагойкам
З Лясько Шагойка перасякаўся яшчэ футбалістам. Разам яны былі ва ўкраінскім «Крыўбасе» са студзеня 2008-га па ліпень 2009-га. Для Шагойкі перыяд у Крывым Розе склаўся значна лепш: ён адгуляў 30 матчаў, у той час як Лясько – толькі тры.
Таксама ў браму Лясько абаронца Шагойка аформіў ажно тры са сваіх нешматлікіх галоў – за доўгую кар'еру іх было ўсяго 16.
Характэрна, што і Лясько, і Гарбуноў – былыя брамнікамі. Але іх функцыянал у штабе не перасякаецца.
– Лясько – трэнер па брамніках, а Гарбуноў адказвае за стандартныя становішчы і дапамагае ў полі. Ён кіраваў абаронай усю гульнявую кар'еру. Ён нават лепш падкаваны тактычна, чым былыя палявыя гульцы, – перакананы Шагойка.
Паводзіцца стрымана, але можа здзівіць
Нягледзячы на відавочную амбітнасць, Шагойка пакідае ўражанне вельмі стрыманага чалавека нават пасля буйных перамог. Напрыклад, пасля 6:0 над «Белшынай» у другім матчы 1/4 Кубку коўч сказаў, што гэта была нялёгкая перамога. Тое самае заявіў і пасля разгрому «Нафтана» 3:0 у 4-м туры вышэйшай лігі.
Але часам трэнер можа і здзівіць. Пасля мінімальнай хатняй перамогі над «Нёманам» Шагойка раптам заявіў, што нават атмасфера на «Брэсцкім» не дацягвае да той, што панавала на «Віцебскім». І гэта пасля таго, як брастаўчане на апошнім матчы сабралі 10 тысяч гледачоў, а ў Віцебску, паводле пратаколаў, было 3100.
Здольны Шагойка і пагуляць на камеру. Пасля матчу ў Брэсце, за якім назіралі 7821 чалавек і які скончыўся паразай мясцовага «Дынама» 0:2, коўч перадаў камусьці вітанні ў камеру трансляцыі.