Віцебск прымаў два запар паўфіналы Кубка – і «МЛ» меў гледачоў у 8 разоў больш! Гэта не баг, а тэндэнцыя – вось чаму так адбываецца
Дэбютант Д1 напорысты, а супраць «Віцебска» нават надвор’е.
У сезоне-1994/1995 у вышэйшай лізе гулялі дзве каманды з Віцебска: «Дзвіна» (цяперашні «Віцебск») і «Лакаматыў». Праз 30 гадоў горад атрымаў новае дэрбі ў Д1. Як клубы прыцягваюць і дзеляць увагу гледачоў? Вывучылi i расказваем.
У 2025-м у Д1 да «Віцебска» падняўся праект мясцовага букмекера «МЛ».
У сезоне-2023 клубы ўжо супернічалі – у Д2. Тады «Віцебск» вылецеў з Д1, а другі клуб пад назвай «Макслайн» перавезлі з Рагачова ў Віцебск (па факце гульцы як жылі і трэнаваліся ў Мінску, так і працягнулі). Гарадскі навічок уключыўся ў барацьбу за гледача – на сваё прасоўванне не шкадавалі грошай. Ужо на старце чэмпіянату атрымалася сабраць аншлаг на трыбунах пры штучным полі ЦСК «Віцебскі» – з дапамогай бясплатнай ежы. Праўда, засталося колькі пакрыўджаных.
Але ў выніку ў тым годзе ва ўсіх сэнсах выйграў «Віцебск». Сярэдняя наведвальнасць каманды на хатніх матчах Д2 склала 896 гледачоў, а ў «Макслайна» – 779 (без уліку асабістых сустрэч – 835 і 694 адпаведна). Ды і ў табліцы «Макслайн» застаўся пятым, а «Віцебск» стаў трэцім, перамог у стыкавых матчах «Энергетык-БДУ» і пайшоў на павышэнне.
У 2024-м на дамашніх матчах «Макслайна» ў Д2, дзе занялі другое месца, было ў сярэднім 770 чалавек. А «Віцебск» у Д1 стаў пятым – і, паводле пратаколаў, збіраў на трыбунах па 1764 чалавекі.
«МЛ» быццам мае планы на будаўніцтва асобнага стадыёну, але пакуль гэта на словах, а клуб па-ранейшаму выкарыстоўвае арэну «Віцебска». У Д1 два клуба «развялі» па хатнiх матчах – у межах аднаго тура адна з каманд заўжды гуляе на выездзе.
У гэтым сезоне пасля сямі тураў «Віцебск», які перажыў раннюю адстаўку трэнера, пакуль толькі на дзявятым месцы. А вось «МЛ», якому фінансавы стан дазволіў як след узмацніць склад, пакуль лідзіруе ў табліцы. Да таго ж клуб, сярод іншых, падпісаў некалькіх вядомых па мерках белфутбола ўраджэнцаў Віцебска.
З Кубку абедзьве каманды вылецелi на стадыi паўфiналу. А як на iх матчы ў першыя месяцы сезона хадзiлi гледачы? Адразу скажам, што на ўсе гульнi абодвух клубаў быў вольны ўваход.
У «Вiцебска» было ўжо 6 хатніх сустрэч. Пачынала каманда 2 сакавіка кубкавым чвэрцьфіналам супраць «Слуцка» (2:0) на штучным полі. Пры iм, паводле сайта клуба, размешчаныя трыбуны на 1020 чалавек. У пратаколе сустрэчы пазначана 840 гледачоў. Вольных месцаў было сапраўды няшмат, нягледзячы на +2 градусы на тэрмометры.
Самай наведвальнай для «Вiцебска» па пратаколах стала сустрэча 1-га тура супраць БАТЭ (0:1) – таксама на штучным полі. На яе быццам прыйшло максiмальныя 1020 чалавек. Вольныя месцы прагледжвалiся, але хтосьцi глядзеў футбол i стоячы побач з трыбунамi.
Астатнія матчы «Віцебска» праходзілі на полі з натуральным газонам, дзе трыбуны ўмяшчаюць 8200 гледачоў. Вось тут, падобна, без пратакольных «цудаў» не абыйшлося.
Гэта нібыта 850 чалавек на сустрэчы 3-га тура супраць «Нафтана».
У наступным туры «Віцебск» зладзіў галявую перастрэлку з «Іслаччу» (3:3) пры дрэнным надвор’і. Пратакол зафiксаватў 420 чалавек, але нават у такой колькасцi ёсць сумневы.
24 красавіка, за два дні да сустрэчы 6-га тура з «Гомелем» (2:0), «Віцебск» адсвяткаваў 65-годдзе. Да гэтай даты зладзілі мотапрабег з удзелам мясцовай суполкі байкераў і прарэжымнага аб’яднання «Патрыёты Беларусі».
Завяршалася святкаванне флэшмобам на «Віцебскім», дзе выхаванцы клуба і навучэнцы мясцовага коледжу выстраіліся на полі ў форме лічбы «65».
На гульні з «Гомелем» заўзятарам абяцалі шмат актыўнасцей: ад аўтограф-сэсіі футбалістаў да розыгрышаў бясплатнай паездкі ў таксі, сертыфікатаў і мяча, якім гулялі першы тайм. Але ўвесь патэнцыйны iнтарэс перакрыла надвор’е – пайшоў познекрасавiцкi снег. Афіцыйна сустрэчу наведалі 920 чалавек.
7 траўня «Віцебск» правёў матч у адказ у паўфiнале Кубка супраць «Нёмана». У горадзе ўсё яшчэ было не вельмi цёпла, а першую сустрэчу «паўночнікі» «Нёману» разгромна прайгралi – 0:3. Так што гульня ажыятажу не выклiкала – на перамогу «Вiцебска» (1:0), якая не дапамагла выйсцi ў фiнал, глядзелi, згодна з пратаколам, 536 чалавек.
«МЛ» паспеў правесцi пяць хатнiх паядынкаў. I трэба сказаць, што камандзе спрыяла нават надвор’е. Свой кубкавы чвэрцьфiнал «МЛ» дома гуляў 8 сакавiка з тэмпературай +14, i на матч у адказ супраць «Белшыны» (6:0) прыйшло, па пратаколе, 1150 чалавек – больш, чым змяшчаюць трыбуны пры штучным полi. Ажно такога ажыятажу мы не заўважылi, але свабодных месцаў было зусiм няшмат.
На хатнiх матчах «МЛ» у ЧБ не было ападкаў і тэмпературы ніжэй за +12. У 2-м туры на сустрэчы супраць «Арсенала» (2:2) зноў нібыта прысутнічала 1150 чалавек. Iзноў жа, пры гэтым былi вольныя месцы.
Сустрэчу 5-га тура супраць «Смаргоні» (3:1) наведалі па пратаколе 950 чалавек. Але прынамсі на пачатку сустрэчы трыбуны, дзе месціцца камера трансляцыі, былі пустымі – пазней туды «падцягнулася» не тое каб шмат народу.
У 7-м туры «МЛ» прымаў «Нёман» (1:0) – ужо на натуральным полі. Свае добрыя вынiкi да таго, вiцэ-чэмпiён у супернiках, хоць не вельмi вялiкi, але матчдэй ды вольны ўваход (пра якi «МЛ», у адрозненне ад «Вiцебска», пастаянна нагадвае ў сацсетках) – i пры сонечным небе на арэне сабралося 3100 чалавек. Столькі стадыён не бачыў з 4 ліпеня 2021 года.
Ці падобна па кадрах на 40% запаўняльнасці? Напэўна, так.
8 траўня «МЛ» праводзiў паўфiнальны матч Кубка супраць «Тарпеда-Белаз» (0:1) пасля жодзiнскай нiчыей 0:0. Для прыцягвання гледачоў гаспадары абвясцiлi «бясплатныя пачастункi i напоi». Вынiк сукупнасцi фактараў: нягледзячы на ўсяго +5 градусаў, на трыбуны, па пратаколе, завiталi 4335 чалавек – у 8 разоў больш, чым за дзень да таго на «Віцебск»!
I тут у «МЛ» быў матчдэй: гледачоў заваблiвалi настольным футболам, фотабоксамі, прадстаўленнем міма, футбольным дартсам і не толькi. Але галоўнае – розыгрышы: на кубкавым паўфiнале разыгрывалі iPhone 16, веласіпед, дзве пары бесправадных навушнікаў, 3 «разумныя» калонкі, сертыфікаты. І так кожны хатні матч, толькi прызы змяняюцца.
Тым часам дзяржаўны «Віцебск» сумесна са сваім спонсарам-букмекерам разыгрываў футбольныя мячы і заплечнікі. Што цікава, прыход на матч адсутнічаў сярод умоў конкурсу – трэба было падпісацца на акаўнты клуба і спонсара ды пакінуць прагноз на хвіліну першага забітага мяча. Агулам, нічога маштабнага, апроч згаданага юбілейнага матча.
Дзякуючы апошнiм поспехам сярэдняя наведвальнасць «МЛ» у бягучым сезоне дасягнула 2137 гледачоў. У «Вiцебска» гэты ж паказчык складае ўсяго 764 чалавекi – у 2,8 раза менш.
Цікава, каго будуць падтрымліваць трыбуны 31 траўня – у 11-м туры вышэйшай лігі адбудзецца першае за 30 гадоў «віцебскае дэрбі».