У фінал ЛЧ з «Інтэрам» выйшаў намінальны экс-аднаклубнік Кутузава – з розніцай у год патрапілі ў «Мілан», ледзь не згулялі адзін супраць аднаго
У яго ўзросце беларус ужо скончыў з футболам.
«Інтэр» і «Барселона» падарылі заўзятарам адзін з найлепшых паўфіналаў у гісторыі Лігі чэмпіёнаў. Асноўны час абодвух матчаў завяршыўся з аднолькавым лікам 3:3 – усё вырашыў гол Давідэ Фратэзі ў дадатковы час гульні ў адказ, які падарыў «нерадзуры» другі фінал самага прэстыжнага еўрапейскага турніру за апошнія два гады.
У абодвух матчах супраць «Барселоны» ўзяў удзел Матэа Дарміян. У першай сустрэчы згуляў дзевяць хвілін, у адказ – 49. Пасля матчу на «Джупе Меаца» абаронца суцяшаў Рафінью:
Дарміян з'яўляецца выхаванцам «Мілана», у акадэмію якога патрапіў улетку 2000 года. Тады будучаму фіналісту ЛЧ-2024/25 было ўсяго 10. А праз год склад «расанеры» папоўніў Віталь Кутузаў, якому на той момант споўнілася 21. Беларус і італьянец знаходзіліся ў структуры аднаго клуба амаль тры гады. Кутузаў згуляў за «Мілан» у чатырох матчах сезона-2001/02, а затым два гады выступаў у арэндзе: спачатку за партугальскі «Спортынг», а затым за «Авеліна» з Серыі Б, пасля чаго босы «расанеры» прадалі беларуса ў «Сампдорыю» за 1,5 мільёна еўра.
Дарміян увесь гэты час займаўся ў клубнай акадэміі. За першую каманду дэбютаваў 28 лістапада 2006 года – ва ўзросце 16 гадоў выйшаў на замену ў Кубку Італіі супраць «Брэшыі» (2:1), замяніўшы Каху Каладзэ ў перапынку. Надалей Дарміян, як і Кутузаў, не змог замацавацца ў першай камандзе «Мілана» – правёў усяго шэсць матчаў і адправіўся на правах арэнды выступаць за «Падаву» ў Серыі Б. Пасля сезону там абаронцу набыў «Палерма» за 1,3 мільёна еўра. Далей у яго карʼеры былі «Тарына», «МЮ», «Парма» і «Інтэр», за які ён выступае з кастрычніка 2020-га. З «нерадзуры» Дарміян па некалькі разоў выйграў усе ўнутраныя трафеі ў Італіі і ўжо другі раз за апошнія два гады выйшаў у фінал Лігі чэмпіёнаў.
А вось з Кутозавым на полі ён так і не перасекся, хаця шанцы былі. У сезоне 2010/11 «Палерма» Дарміяна двойчы гуляў з «Бары» Кутузава ў Серыі А. Першая сустрэча ў снежні 2010-га завяршылася нічыёй (1:1), беларус тады выйшаў у старце, а вось італьянец гульню прапусціў праз пашкоджанне. У траўні 2011-га гульню з «Палерма» (1:2) праз траўму прапусціў ужо Кутузаў, а вось Дарміян пераможны матч адгуляў цалкам.
У наступным сезоне абодва футбалісты аказаліся ў Серыі Б. Кутузаў туды вылецеў разам з «Бары», а Дарміян перайшоў у «Тарына». У першым коле таго чэмпіянату паміж гэтымі камандамі была нічыя (1:1) – Кутузаў яе прапусціў праз пашкоджанне, Дарміян атрымаў 50 хвілін. У другім коле быў самы вялікі шанц, каб футбалісты ўсё ж такі сустрэліся на полі – абодва аказаліся ў заяўцы. Але калі Дарміян правёў усе 90 хвілін, то Кутузаў так і застаўся на лаўцы. А матч завяршыўся нулявой нічыёй.
Той сезон стаў апошнім для 32-гадовага Кутузава ў кар'еры. Тады ў Італіі ўспыхнуў чарговы скандал, звязаны з дамоўнымі матчамі, а сярод звінавачаных аказаўся і беларускі нападнік. Пасля судовых разглядаў Кутузава дыскваліфікавалі на 3,5 гады. Праўда, у траўні 2016-га яго ўсё ж апраўдалі, але з футболам да таго моманту было скончана.
Цікава, што да моманту заканчэння дыскваліфікацыі Кутузаў быў практычна ў тым жа ўзросце, у якім сёння знаходзіцца Дарміян. Калі прагучаў апраўдальны прысуд, беларусу было 36. Дарміяну 36 споўніцца ў снежні гэтага года. А чым займаўся Кутузава, ва ўзросце, у якім яго намінальны аднаклубнік рыхтуецца да фіналу ЛЧ?
Беларус тады жыў у Мілане. Часам хадзіў пазаўзець за свой былы клуб.
Часам з'яўляўся на італьянскім тэлебачанні як эксперт. Гэта мог быць матч «Мілана»...
...або гульня БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў супраць «Ромы». Тады барысаўцы ў групе ні разу не саступілі рымлянам (3:2, 0:0).
Кутузаў працягваў займацца спортам, праўда, пераключыўся на хакей, прычым там заняў месца ў браме, гуляючы за аматарскую каманду «Сеста-Сан-Джавані».
У Італіі нават праводзіўся аматарскі хакейны турнір «Kutuzov Cup». Яго арганізатарам быў беларус, а на эмблеме чамусьці быў двухгаловы арол з герба РФ.
А яшчэ ўвосені 2015-га Кутузаў ажаніўся трэці раз. Чарговай абранніцай стала расіянка Анастасія, якая маладзейшая на 13 гадоў. Вяселле прайшло сціпла ў сяброўскім коле. Вядома, што пара выхоўвае дачку.
Два папярэднія шлюбы Кутузава скончыліся гучнымі разводамі.
У Дарміяна, дарэчы, вялікіх сямейных узрушэнняў не было. Абаронца ажаніўся адзін раз у 2017-м, а яго выбранніцу клічуць Франчэска Карманні. Пара выхоўвае двух сыноў:
Цікава, што Кутузаў таксама мае ўскоснае дачыненне да «Інтэра». У 2018 годзе «нерадзуры» заключылі партнёрскую дамову з беларускай дзіцячай школай ФШМ, а адным з куратараў праекта стаў якраз былы форвард. Праўда праіснавала калабарацыя не вельмі доўга – у кастрычніку 2022-га ФШМ давялося закрыцца праз фінансавыя цяжкасці, а партнёрства з «Інтэрам» скончылася яшчэ раней – у 2020-м праз пандэмію.