Нечаканага лідара ЧБ каўбасіць ад поспеху: прынізілі Жодзіна, нахамілі ў Мазыры, заявілі пра «хейт-клуб» «за шаўрму»
Што 13-гадовы хлопец у касцюме гусака рабіў на чужым сектары – не тлумачаць.
«МЛ Віцебск» даволі нечакана аднаасобна лідзіруе ў вышэйшай лізе пасля васьмi тураў – не, канешне, каманда, якая праз вялікія па мерках ЧБ фінансавыя магчымасці значна ўзмацнілася ў міжсезонне, выглядала кандыдатам на барацьбу за медалі, але каб так!
Віцебскі клуб ідзе без параз – раней абсалютным дэбютантам Д1 удавалася не прайграваць максімум чатыры матчы («Дынама-93» у сезоне-1992/93, «Славія» ў 1995-м, «Іслач» і «Крумкачы» ў 2016-м). Акрамя таго «МЛ» набраў рэкордную колькасць ачкоў за восем тураў для дэбютанта вышэйшай лігі, перасягнуўшы «Славію» з 1995-га – у мазыран тады было 19 балаў, у віцяблян цяпер 20.
Здаецца, у дэбютантаў пачынаецца галавакружэнне ад поспехаў. 12 траўня каманда згуляла ў гасцях са «Славіяй», якая да тура была на другой пазіцыі. «МЛ» перамог 2:0, а пасля завяршэння сустрэчы капітан (і ўвогуле ўплывовы чалавек у клубе) Сяргей Балановіч уступіў у слоўную сварку з галоўным трэнерам мазыран Іванам Біёнчыкам, назваўшы супернікаў «клоўнамі».
Пасля гэтага Балановіч пайшоў святкаваць перамогу з прыезджымі заўзятарамі. А Біёнчык даў пасляматчавы каментар, у якім не назваў Балановіча па прозвішчы – толькi «маладым чалавекам» (цiкава чуць такое ад 39-гадовага чалавека на адрас 37-гадовага) i «суб’ектам», які дазваляе сабе «пэўныя рэплікі», праз што трэнер папрасіў арбітраў «прыняць меры».
Пасля матча са «Славіяй» даволі рэзанансны каментар даў Захар Волкаў. Абаронца «МЛ» заявіў, што яго каманда «творыць гісторыю», а яшчэ прайшоўся па працы арбітраў: «Мы закладнікі сітуацыі. Кажам суддзі – мяч сыходзіць на метр… Але я цяпер не бачу сэнсу гэта абмяркоўваць».
Далей за справу ўзялася прэс-служба «МЛ» – называючы сваю каманду былой назвай «Макслайн», пад ролікам са святкаваннем Балановіча пакінула пафасны допіс для тых, каму не падабаюцца поспехі клуба. Яўна ўспомнілі шаўрму, якой у свой час заваблiвалi гледачоў, i падкрэслiлi адрыў у таблiцы (але калi б мiнскае «Дынама» абыграла «Нёман» у перарваным праз снег матчы, то запас мог бы складаць толькi тры балы).
«Спецыяльна для хейт-клуба «Макслайна» пад назвай «У іх усё за шаўрму» нагадаем месца прапіскі лідара вышэйшай лігі, які вязе ўсёй астатняй Беларусі самавітыя, важкія, выпакутаваныя потым, крывёй і коштам траўмаў і страт, +5 ачкоў. Наперадзе яшчэ нямала тураў, яе вялікасць дыстанцыя, аднак ужо сёння любы адэкватны (падкрэслім!) заўзятар любой каманды краіны аддасць належнае нязломнаму духу каманды з Віцебска, якая за восем тураў набрала рэкордную для навічка лігі колькасць балаў. Разумнаму ўжо сёння зразумела: «Макслайн» статыстам не будзе! А дурному і тлумачыць нічога не трэба, дастаткова адкрыць табліцу вышэйшай лігі Рэспублікі Беларусь. Ну, цяпер хоць чыстае першае месца?» – напісала прэс-служба.
Але і гэта было не ўсё. Далей пайшоў выпад у бок «Тарпеда-БелАЗ». Жодзінцы ўжо згулялі з «МЛ Віцебскам» тры матчы – у ЧБ і першай гульні паўфіналу Кубка былі нічыі, а ў сустрэчы ў адказ каманда Дзмітрыя Молаша дабілася мінімальнай перамогі. Выхад у фінал «Тарпеда-БелАЗ» святкавала вельмі эмацыйна і з сексуальным падтэкстам.
Падчас паўфіналу ў адказ здарылася і яшчэ адна канфліктная сітуацыя. Чалавек у касцюме маскота «МЛ», фіялетавага гусака, чамусьці апынуўся на сектары заўзятараў «Тарпеда-БелАЗ». Няпрошанаму госцю жодзiнцы надавалі па карку, прычм у аўтара тычка, што трапiў на вiдэа, бачная стужка ад акрэдытацыi. Гусак на такое адказаў дэманстрацыяй сярэдніх пальцаў.
Відэа эпізоду з’явілася 11 траўня. А ў каментары прыйшоў дырэктар па развіцці і кіраўнік селекцыйнай службы «МЛ Віцебск» Дзмітрый Краснадубскі – чалавек своеасаблiвы.
«Гусь – прыгажун. А жодзінскія ў сваім стылі. Вывезлі з вёскі ў горад», – заявiў Краснадубскi.
А ўжо пасля перамогi над «Славiяй» «МЛ» апублiкаваў табліцу ЧБ, у якой замест «Тарпеда-БелАЗ» напісана «Белас». За тур да таго ў аналагiчным пасце ўсё было нармальна.
Тлумачыць сiтуацыю ізноў узяўся Краснадубскi – i наўпрост напicаў, што то ў адказ на сітуацыю з маскотам.
«Мне нават супернікамі іх называць не хочацца. Тры разы білі нашага маскота па галаве. А там хлопцу 13 гадоў. Так нават шакалы не робяць», – напісаў функцыянер.
У каментарах дырэктару «МЛ» задалі пытанне, як клуб уладкаваў на працу 13-летняга. Адказ: той, маўляў, не працуе, а проста шпацыруе ў касцюме, які набыў клуб. А вось што маскот «МЛ» рабiў на чужым сектары – не тлумачыцца.
Увогуле, здаецца, у ЧБ наспявае новае прынцыповае супрацьстаянне. Наступны матч «МЛ Віцебска» і «Тарпеда-БелАЗ» у ЧБ запланаваны на 13 верасня.