Беларусь U-17 не здолела самастойна забіць аднагодкам з Сан-Марына (нават з пенальці), але перамагла
Дзякуючы суперніку.
Юнацкая зборная Беларусі ўдзельнічае ў Босніі ў другім раундзе кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы 2025 года. 12 траўня каманда Паўла Яўсеенкі без праблем перамагла Арменію 4:0. А вось другі матч у групе аказаўся больш складаным. Хаця беларусам супрацьстаяла Сан-Марына – краіна з насельніцтвам 34 тысячы чалавек. Як у раённым цэнтры. Уяўляеце, як складана там сабраць баяздольную зборную. Беларускія юнакі не здолелі забіць самі (нават з пенальці на 40-й хвіліне), але дапамог супернік. У сярэдзіне другога тайма здарыўся аўтагол – мяч у свае вароты зрэзаў абаронца Мішэль Стэфані.
18 траўня Беларусь U-17 чакае вырашальны матч у групе супраць Босніі і Герцагавіны, у якой таксама дзве перамогі. Найлепшаму дастанецца пуцёўка ў Лігу А.