За «Нафтан» гуляе буяны афрыканец: наязджаў на суддзю, вiнавацiлi ў правакацыi ды «спектаклі» на полі
Цяпер замахнуўся на «славу» Азара.
16 траўня 9-м туры вышэйшай лігі «Гомель» на сваім полі абыграў «Нафтан» (2:0). На 61-й хвiлiне сустрэчы мяч пакінуў межы поля недалёка ад лавы запасных «Гомеля» і апынуўся ў нагах у балбоя, які вырашыў не падаваць яго. Гэта не спадабалася абаронцу «Нафтана» Мідо Яле, які дабяжаў да мяча і адначасна пхнуў балбоя кулаком ў жывот, чым справакаваў бойку.
Адзначым, што гэта далёка не першы канфлiкт з удзелам афрыканскага футбалiста. Успомнiм, як ён гуляе i ў якiя яшчэ гiсторыi трапляў.
Яле 27 гадоў. Ураджэнец Дэмакратычнай Рэспублікі Конга прафесійную карʼеру пачынаў у чэмпіянаце Эсваціні (былы Свазіленд), дзе двойчы браў золата з «Мбабане Сваллоу». Улетку 2020-га вярнуўся на Радзіму, дзе пагуляў за тры клубы: «АС Віта Клаб», «Матэма Пембе» і «АС Рэал дэ Кіншаса».
У Яле ёсць досвед міжнародных матчаў. Ён выклікаўся ў моладзевую зборную ДР Конга і гуляў у групе Кубка Канфедэрацыі КАФ – аналага Лігі Еўропы ў Афрыцы. У гэтым турніры ў сезоне-2022/23 нават вызначыўся двума забітымі мячамі на групавым этапе. Праўда яго «Матэма Пембе» ў тых сустрэчах саступіла і пакінула турнір, заняўшы апошняе месца ў групе.
У Беларусь Яле прыехаў у пачатку 2024-га. Першапачаткова спрабаваў прайсцi прагляд ажно ў мінскім «Дынама» – выходзіў у старце ва ўсіх трох матчах таварыскага турніру Mogilev Cup і гуляў да перапынку. Але чэмпiёнам гулец не спатрэбіўся. Ды i ў нейкай iншай вялiкай камандзе ЧБ не аказаўся. У красавіку 2024-га Яле падпiсаўся ўсяго з аўтсайдарскiм «Нафтанам».
Афрыканец не адзначаецца стабільнай гульнёй. Ён можа выдаць правальны паядынак, як гэта было ў другім матчы за «Нафтан» супраць «Мінска» (1:1), дзе ён прывёз пенальці, які «гараджане» не рэалізавалі, і адзначыўся аўтаголам.
Але можа выдаць нядрэнныя матчы. У мінулым сезоне яго гол дапамог абыграць «Дняпро» (2:1).
У апошнім туры ЧБ мінулага сезона са «Слуцкам» (1:0) Яле заслужыў званне найлепшага гульца матчу.
У гэтым сезоне абаронца выдаў перфоманс супраць «Смаргоні» (3:1) – адкрыў лік і вызначыўся галявой перадачай на пераможны гол. Па выніках АБФФ уключыла абаронцу ў зборную тура.
Усяго за «Нафтан» Яле найграў 35 матчаў, у якіх набраў 2+3 па гол+пас. Кантракт абаронцы разлічаны да канца бягучага сезона.
А яшчэ Яле ўжо не раз трапляў у непрыгожыя гicторыi. Так, у ліпені мінулага года абаронца зарабіў выдаленне ў 1/16 фіналу Кубка Беларусі з тады яшчэ «Макслайнам» (1:2). Пераможны гол у той сустрэчы забіў Мікалай Іваноў з пенальці за фол Яле на Альфрэдзе Мазурычы (ВIДЭА). Але самы гарачы эпізод здарыўся ў канцоўцы. «Нафтану» ўдалося адправіць мяч у сетку, але суддзі імгненна зафіксавалі афсайд. Яле, якога так пазбавiлi асiсту, адразу ж пабег эмацыйна абурацца да бакавога арбітра, за што атрымаў другую жоўтую картку і выдаліўся. Пакідаючы поле, афрыканец штурхаў прадметы, мацюкаўся на англiйскай, а матч дагледжваў з-за плота штучнага поля «ЦСК Віцебскі».
За тую выхадку Яле атрымаў дыскваліфікацыю на два матчы і штраф 10 базавых велічыняў (420 рублёў).
Праз два месяцы абаронца ўжо рабiў скандал у Гомелi. У 22-м туры ЧБ Яле зладзіў слоўную сварку з нігерыйскім паўабаронцам «Гомеля» Фавазам Абдулахі. Афрыканцы патаўкліся рукамі, а затым Абдулахі тыкнуў ілбом у твар Яле. Той упаў на газон і пачаў паказваць пякельны боль.
Эпізод скончыўся папярэджаннямі для абодвух удзельнікаў. «Гомель» у тым матчы перамог – 2:1. А пасля гульні Абдулахі назваў паводзiны Яле правакацыяй.
«Нервы ўзялі верх, і я павёўся на правакацыю. Пасля фінальнага свістка мы з Мідо пагаварылі і не хаваем крыўд адзін на аднаго. Я прыехаў у Беларусь не для таго, каб глядзець на правакацыі і прайграваць», – сказаў Абдулахі.
Рэпутацыя Мiдо ўжо працуе супраць яго нават у эпiзодах, дзе афрцканца складана абвiнавацiць. У чацвёртым туры ЧБ-2025 «Нафтан» на сваім полі буйна саступіў «МЛ» Віцебск (0:3). Ужо ў дададзены час Яле ў галаву прыляцеў мяч пасля вынасу Сяргея Балановіча. Афрыканец упаў і трымаўся за галаву – удар Балановіча выглядаў сапраўды моцным. Але каментатары не паверылi ў боль Яле i толькi раскрытыкавалi гульца, маўляў, «ёсць у яго такая рыса – крыху падыграць у такiх эпiзодах».
Цяпер, калi Яле ў Гомеле замахнуўся на «славу» выканаўца самай вядомай атакi на балбоя Эдэна Азара (ВIДЭА), сiтуацыя перарасла ў бойку дзвюх каманд, хаця больш афрыканец там не вельмі ўдзельнічаў.
У адрозненнi ад Азара, якi некалi атрымаў чырвоную картку, гулец «Нафтана» з ДР Конга пабачыў толькi жоўтую. З такой ацэнкай яўна не згодныя некаторыя заўзятары «Гомеля» – Telegram-канал «ФК Гомель: Заходняя Трыбуна» ўвогуле назваў файл з відэа (гэта бачна пры спробе спампаваць яго) словамi «Мiдо» i «Певень» запар.