Радзькоў у «Арысе» абвешчаны па-беларуску, гаварыў на англійскай, рэзка вырас па заробку – а клуб, здаецца, на шляху перабудовы
Трэнеру ўжо сказалі пра «хімію» – балазе не тую, якую даюць на Радзіме.
20 мая кіпрскі «Арыс» прадставіў Арцёма Радзькова ў ролі новага галоўнага трэнера. Пагадненне бакоў разлічана на два гады. Якія былі першыя словы Радзькова ў новым статусе і што яго чакае ў кіпрскім клубе? Расказваем.
Для 39-гадовага беларускага коўча каманда з Лімасола стане другім самастойным месцам працы – у сезонах 2021 і 2022 Радзькоў кіраваў «Іслаччу». А з лютага 2024-га і да цяперашняга часу працаваў асістэнтам ў махачакалінскім «Дынама» з РПЛ.
У «Арысе» Радзькоў змяніў іншага беларускага трэнера Аляксея Шпілеўскага, які займаў пасаду 3,5 гады. Пры ім клуб у сезоне-2022/23 стаў чэмпіёнам, у ліпені 2023-га ўзяў Суперкубак Кіпра, у тым жа годзе ўпершыню ў гісторыі згуляў у групе еўракубка – Лігі Еўропы. У цяперашнім сезоне «Арыс» фінішаваў другім у Д1 Кіпра – i гэта было невыкананнем задачы. Дзе Шпілеўскі будзе працаваць далей – пакуль невядома.
«Арыс» вельмі цёпла развітаўся са Шпілеўскім. Прэс-служба клуба запісала відэа, на якім футбалісты каманды дзякуюць коўчу за сумесную працу. Сам трэнер таксама зняўся ў роліку, дзе дзякаваў футбалістам, кіраўніцтву, персаналу і заўзятарам «Арыса» за праведзеныя разам гады. На апошняй гульні чэмпіянату Шпілеўскаму падарылі футболку з лічбай 139 – столькі матчаў пад яго кіраўніцтвам правёў «Арыс».
У двух апошніх матчах пад кіраўніцтвам Шпілеўскага «Арыс» зрабіў камбэкі: спачатку пасля 0:3 па ходзе матча згулялі 3:3 з «Амоніяй» (3:3), а ў апошнім туры, саступаючы 0:2, выйгралі 3:2 дэрбі з «Апалонам». Праўда, лідар «Пафас» ужо быў недасягальны.
Разам са Шпілеўскім пайшлі з каманды яго 37-гадовы беларускі асістэнт Аляксандр Калацей, 60-гадовы трэнер па фізпадрыхтоўцы з Грэцыі Хрыстас Пападопулас і 47-гадовы нямецкі відэааналітык Амар Ербай. Усе яны прыехалі ў «Арыс» разам са Шпілеўскім у сакавіку 2022 года.
Пра прызначэнне Радзькова «Арыс» абвясціў калажом з надпісам на беларускай мове: «Сардэчна вітаем у «Арысе».
У сацсетках клуба новы трэнер не выклікаў бурнага абмеркавання – калі заўзятары нешта і пісалі, то кароткія пажаданні поспехаў, таксама ставілі пазітыўныя рэакцыі. У інстаграме «Арыса» віншавальны каментарый пакінула Ксенія Лісаковіч – жонка паўабаронцы «МЛ Віцебска» Руслана Лісаковіча, які два сезоны гуляў пад кіраўніцтвам Радзькова ў «Іслачы».
Афіцыйна «Арыс» прадставіў Радзькова на адмысловай прэс-канферэнцыі. Акрамя беларускага трэнера, там прысутнічалі 37-гадовы спартыўны дырэктар з Польшчы Даніэль Сікорскі і кіраўнік прэс-службы Костас Пападопулас. Радзькоў і Сікорскі размаўлялі на англійскай, Пападопулас перакладаў на грэчаскую мову. Дарэчы, нагадаем, што, паводле нашай iнфармацыi, клуб вырашыў не рабiць прапанову Вiктару Ганчарэнку праз яго дрэннае валоданне англiйскай.
Радзькоў гаварыў на няроднай мове павольна, было адчуванне, што хваляваўся. Але думкі выклаў і з пытаннямі журналістаў справіўся.
Радзькоў расказаў, што збіраецца будаваць у «Арысе» агрэсіўны і прывабны футбол, а ў яго гульнявой філасофіі ёсць падабенствы з той, якую ставіў клубу Шпілеўскі. З былым галоўным трэнерам «Арыса» новы пакуль не размаўляў, але плануе стэлефанавацца ў бліжэйшы час.
Таксама Радзькоў сказаў, што чэмпіянат Кіпра – вельмі канкурэнтны турнір, дзе выступае шмат гульцоў, якія гулялі на высокім узроўні. Тым не менш каманда плануе выйграваць трафеі, дзеля чаго гатовая шмат працаваць.
Прызначэнне Радзькова на прэс-канферэнцыі каментаваў Сікорскі. Спартыўны дырэктар расказаў, што паміж ім і беларусаў «узнікла хімія» з першай хвіліны зносін. Таксама ён адзначыў работу Радзькова ў «Іслачы» – ацаніў выхад у фінал Кубка Беларусі-2020/21 – і яго ўменне ўдасканальваць маладых футбалістаў, што назваў часткай філасофіі «Арыса».
Астатняя інфармацыя пра Радзькова і яго новы клуб пакуль прыходзіць з Расіі. Так, паводле слоў прэзідэнта «Дынама» Махачкала Гаджы Гаджыева, у гэтай камандзе трэнер атрымліваў ажно ў шэсць разоў менш, чым цяпер будзе ў «Арысе». А дынамаўскі гендыр Шаміль Газізаў на развітанне сказаў коўчу, што яго «не падвядзе» 34-гадовы расійскі футбаліст Аляксандр Какорын.
Праўда, гулец можа толкам і не перасекчыся з Радзьковым. Паводле інфармацыі расійскага інсайдара Івана Карпава, у «Арысе» збіраюцца растацца з Какорыным праз узрост, нягледзячы на разлiчаны яшчэ на год кантракт. Па заяве Карпава, у «Арысе» мяняюць падыход і хочуць засяродзіцца менавіта на маладых гульцах. У гэтую версію кладзецца і тое, што Сікорскі асабліва ацаніў уменне Радзькова працаваць з моладдзю.
Акрамя таго, каманду пасля двух сезонаў ужо афiцыйна пакінуў 31-гадовы сербскі левы абаронца Слабадан Урошавіч, які згуляў за клуб 69 матчаў пры трох галах. Таксама па заканчэнні кантракта клуб пакінуў не такі ўзроставы гулец – 25-гадовы англійскі апорнік Морган Браўн, які выступаў за «Арыс» са жніўня 2019 года – ён прайшоў шлях ад Д2 да чэмпіёнства. Усяго правёў 102 матчы ва ўсіх турнірах, набраў 8+2 па «гол+пас».