Усе навіны

Чаркашына пра санкцыі: «Ніхто не зваліўся ў дэпрэсію, у самажаленне, ня думаў пра тое, што я такі бедны-няшчасны і што мне далей рабіць»

10 студзеня 2023, 21:06

Трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Любоў Чаркашына падзялілася меркаваннем пра адхіленне беларускай каманды ад міжнародных спаборніцтваў.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Сезон-2022 сышоў у гісторыю. Наколькі складана ён даўся? Табе як трэнеру і чалавеку, якому неабыякавы беларускі спорт і мастацкая гімнастыка. І галоўнае, зусім яшчэ юным дзяўчатам з каманды, якія з-за ўзросту імпульсіўныя і вельмі часта схільныя да ўплыву эмоцый.

– Нам вельмі пашанцавала, што ў нас ёсць Ірына Юр'еўна Ляпарская, якая загрузіла ўсіх так, што часу паразважаць-пераперажываць папросту не засталося. Калі яна даслала нам план спаборніцтваў, мы перахрысціліся: а дома калі быць? Атрымалася ўсё пісьменна і вельмі правільна: ніхто не зваліўся ў дэпрэсію, у самажаленне, не думаў аб тым, што я такі бедны-няшчасны і што мне далей рабіць. Вельмі востра гэтыя тэмы не ўставалі. Плюс кожны трэнер прымудрыўся знайсці матывацыю для сваіх выхаванак.

Нам не дадзена ведаць, што будзе заўтра, але я цвёрда ўпэўнена ў тым, што мы абавязаны планаваць менавіта тое заўтра, якое для сябе жадаем. Мы складаем новыя праграмы, працягваем шукаць музыку, сочым за сваёй формай, ставім мэты. Горш за ўсё - гэта апусціць рукі.

– Але чэмпіянат свету, які прайшоў у Сафіі, усё роўна глядзелі па тэлевізары: зборныя Беларусі і Расіі да яго дапушчаныя не былі.

– Цяжка. Дзяўчынкі сачылі за трансляцыямі, і некаторыя гэтымі днямі з цяжкасцю прымушалі сябе выходзіць на трэніроўкі. Вельмі раздражняла разуменне, што ты мог і павінен быў зараз быць там і змагацца за медалі. Гэтыя думкі з галавы выгнаць немагчыма. Крыўдна ўсведамляць, што гімнасткі, якія гатовы паказваць на сусветным дыване цудоўныя вау-эфекты, на чэмпіянат не дапушчаны.

Балюча не толькі за іх, але і за ўвесь від спорту. На міжнародных спаборніцтвах, куды нам удавалася выбрацца, я бачыла шчаслівыя вочы маленькіх дзетак, якія падыходзілі да сваіх куміраў за аўтографамі, сфатаграфавацца і пагутарыць. Гэта цудоўная папулярызацыя віду спорту! І той выпадак, калі адзін чалавек здольны прыцягнуць у гімнастыку мільёны новых прыхільнікаў, зрабіць яе яшчэ больш папулярнай.

А калі б табе дзесяць гадоў таму сказалі, што не паедзеш на Гульні ў Лондан? Не таму, што атрымала траўму ці прайграла канкурэнцыю за месца ў складзе, а проста таму, што нехта так вырашыў.

– Не магу ўявіць свае эмоцыі. Была маладая, таму і рэакцыя, хутчэй за ўсё, была б даволі рэзкай. На грані істэрыкі ў сілу жаночай сутнасці. Але! Калі гэтае рашэнне тычыцца не аднаго чалавека, а многіх, то прыняць яго псіхалагічна лягчэй, – лічыць Чаркашына.