Усе навіны

Гімнаст Букін пра спорт у ІЧУ: «Для такіх, як я, адсутнасць фізічных практыкаванняў – жорсткі гвалт, нават у псіхалагічным плане»

23 лютага 2023, 10:33

Артыст Cirque du Soleil і экс-гімнаст зборнай Беларусі Сямён Букін распавёў праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра ўмовы для заняткаў спортам у ізалятарах часовага ўтрымання. Нагадаем, што Букін атрымаў 15 содняў у лістападзе 2020 года.

«Першыя шэсць содняў у Жодзіна нас было 18 чалавек на шасцімясцовую камеру. Таму не было ні месца, ні жадання займацца: я быў у такім стане, што проста нічога не хацеў. Толькі на пятыя суткі нас адвялі на шпацыр у памяшканне, прыблізна 5х5 метраў, і там быў турнік – я не змог яго абмінуць. Нават улічваючы невялікі перапынак, падцягвацца было цяжка, а на наступны дзень балелі цягліцы, што было прыемна.

Калі мяне перавялі ў Магілёў, там было большае памяшканне: я пару разоў меў магчымасць зрабіць нейкія адцісканні, стойкі на руках, прыседы. Я хацеў, каб у мяне проста не балела цела, бо без нагрузак менавіта так і здараецца – такая ўжо звычка. Я памятаю, што было шмат энэргіі, якую не было куды падзець, бракавала і снарадаў для нармальных заняткаў. Для такіх, як я, адсутнасць фізічных практыкаванняў – жорсткі гвалт, нават у псіхалагічным плане», – распавёў Букін.