Усе навіны

Аляксандра Герасіменя: «Сумняваюся, што Ганчароў памяняў погляды. Проста ён усвядоміў, што яго чакае найбліжэйшым часам, калі заставацца ў Беларусі»

25 траўня, 17:40

Беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя для «Зеркала» пракаментавала рашэнне Уладзіслава Ганчарова выступаць у Cirque du Soleil.

«Усе тыя, хто падпісваў праўладны ліст пасля жніўня 2020 года, не думалі пра наступствы. Хацелі адседзецца, адмаўчацца. На той момант гэтыя спартоўцы толькі жадалі не выглядаць «нядобранадзейнымі» ў вачах уладаў. А ў выніку сталі з'язджаць – як Ганчароў, футбалісты. Думаю, неўзабаве іх прыкладу рушаць услед і іншыя.

Сумняваюся, што Ганчароў памяняў погляды. Проста ён усвядоміў, што яго чакае найбліжэйшым часам, калі заставацца ў Беларусі. Падобная перспектыва Уладзіслава не задаволіла. А карміць-та сямʼю трэба. Магчыма, ён хацеў падрыхтавацца да выступлення на яшчэ адной Алімпіядзе, але часу і магчымасцяў, паўтаруся, усё менш. Як мы ведаем, многія беларусы сёння пазбаўленыя стартаў за мяжой. І далёка не факт, што іх дапусцяць на гульні.

Паехаў Ганчароў у ЗША – поспехаў яму. Ведаеце, спартсмену ў Беларусі амаль заўсёды цяжка знайсці сябе пасля спорту. У нас створаны такія ўмовы, што за атлета робяць усё: кормяць, возяць на зборы, плацяць грошы. Толькі трэніруйся, плавай, бегай, Скачы – кропка. Гэта расхалоджвае. Да таго ж многія атрымліваюць адукацыю дзеля галачкі. У чалавека на руках паперка толькі ў літаральным сэнсе – без рэальных ведаў.

Ганчароў фактычна ўжо не прадстаўляе Беларусь ці іншую краіну. Калі ж браць іншых праўладных спартоўцаў, якія працягваюць карʼеру, выступаючы ў ЕЗ, ЗША, то тут трэба ўключацца міжнароднай супольнасці. Магчыма, не выдаваць візы. Таму што спорт заўсёды ў палітыцы, як бы ні спрабавалі ў нас выклікаць адваротнае.

Зразумейце: спартсмен – больш чым проста ногі-рукі, трэніраванае цела. Для мяне гэта чалавек, які здольны і нават павінен быць прыкладам для астатніх. Чалавек, які пераадольвае сябе, боль. Чалавек, які сумленны, прытрымліваецца fair play для дасягнення выніку. Матыватар і крыніца натхнення. А як такімі прыкладамі могуць быць Ганчароў, Сабаленка ці хтосьці з іншых праўладных спартсменаў, якія зрабілі выбар пасля 2020 года не па сумленні, а толькі зыходзячы з уласных выгод, зачыніўшы вочы на праўду?», – сказала Герасіменя.