Усе навіны
Photo

Ва ўзросце 103 гадоў памерла найстарэйшая алімпійская чэмпіёнка ў свеце венгерка Келеці

2 студзеня, 18:45

2 студзеня ва ўзросце 103 гадоў памерла найстарэйшая Алімпійская чэмпіёнка Агнеш Келеці.

Былая спартовая гімнастка патрапіла ў лякарню 25 снежня з сардэчнай недастатковасцю і абцяжараным дыханнем, дзе ёй паставілі дыягназ пнеўманія.

Пяціразовая Алімпійская чэмпіёнка нарадзілася 9 студзеня 1921 года ў Будапешце. Па сваёй нацыянальнасці Агнеш Келеці была габрэйкай.

Яна пачала займацца спартовай гімнастыкай у 1937 году, а ў 1939 году стала чальцом нацыянальнай зборнай.

У канцы Другой сусветнай вайны спартсменцы ўдалося выжыць, жывучы пад чужым імем з фальшывымі дакументамі ў горадзе Шальксентмартан. Яе бацька і некалькі членаў сям'і загінулі ў канцлагеры Аўшвіц.

Агнеш Келеці заваявала золата Алімпійскіх гульняў у 1952 годзе, а таксама выйграла 4 залатыя ўзнагароды на Гульнях-1956.

Агнеш Келеці стала найстарэйшай у гісторыі алімпійскай чэмпіёнкай 7 верасня 2023 года, ва ўзросце 102 гадоў і 242 дзён, абагнаўшы вотэрпаліста Шандора Тарыча. Пасля смерці Агнес Келеці найстарэйшым алімпійскім чэмпіёнам з'яўляецца французскі велагоншчык Шарль Кост, які нарадзіўся 8 лютага 1924 года і выйграў золата на Гульнях 1948 года.