Аліна Гарнасько: «Лагістыка жудасна ўскладнілася – да 13 гадзін на мяжы з Літвой. Але наш дэвіз: «Па жыцці чым горш, тым лепш»
23-гадовая беларуская гімнастка Аліна Гарнасько расказала пра выезды на спаборніцтвы.
Нагадаем, што з 2021 года ў Беларусь не лятаюць еўрапейскія самалёты. Такое рашэнне было першапачаткова прынятае з-за прымусовай пасадкі ў Мінску рэйса Афiны – Вiльнюс для затрымання рэдактара Telegram-канала Nexta Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны, расіянкі Сафіі Сапегі.
– На дарогу ішло шмат часу, пастаянныя перасадкі, аўтобусы, цягнікі. Ці не замінала гэта падрыхтоўцы непасрэдна да саміх спаборніцтваў?
– Так, сапраўды, маё жыццё перавярнулася. Папярэднія два гады проста былі поўныя спаборніцтваў, магчыма, невялікай колькасцю выязных.
Але лагістыка сапраўды жудасна ўскладнілася. Падарожнічаем мы цяпер на рэйсавым аўтобусе, спачатку выязджаючы ў Літву, і адтуль на самалёце, куды нам трэба. І гэтая гісторыя працягвае ўскладняцца, ні на секунду нам не стала лягчэй, менавіта проста дабрацца ў Вільню ці з Вільні. Таму што гэта добры адрэзак часу, які не прадбачыць, што будзе на мяжы, якая колькасць аўтобусаў у чарзе, людзей, як нас будуць правяраць. Гэта вар'іруецца проста ад 4 гадзін чакання да 13, як гэтым летам.
Улетку была такая больш жорсткая праграма, калі за суткі выязджалі проста ў Вільню, дзе ў нас дарогі насамрэч дзве гадзіны. І тым самым станавіліся пытанні часам пра невяртанне дадому, магчымасці недзе патрэніравацца лішні дзень, потым пераляцець адразу на іншыя спаборніцтвы. Такі кампактны варыянт, а ўвогуле давайце тры-чатыры тыдні не будзем вяртацца дадому, будзем толькі ездзіць і выступаць, недзе трэніравацца, нешта мяняць і гэтак далей. Гэта стала нормай, калі я прыязджаю дадому на чатыры гадзіны проста памяняць чамадан, нейкую вопратку.
Канешне, гэта было цяжка: проста захоўваць нейкую яшчэ фізічную дзеяздольнасць пасля розных пералётаў, што ты ўсё ж гімнастка, табе праз суткі трэба рабіць, а не проста прыехаць. Таму выдатна, што былі побач людзі, якія дапамагалі, і сама старалася ў любым моманце, у любым месцы падтрымліваць форму. У аэрапорце вы не ўяўляеце, колькі ўсяго адбывалася, аж да рэабілітацыі ўсіх канечнасцяў і трэніровак. Гэта зараз ужо нават звыкла, я, знаходзячыся ў студзені дома, нешта ўжо і засумавала.
– Гэта адбівалася неяк на тваіх выступленнях, на тваім маральным стане? Таму што гэта не толькі фізічна, але і псіхалагічна вельмі выматвае.
– Выматвала, канешне, але было ўнутранае жаданне, што б ні адбылося – значыць, нам так трэба. На маім твары ніколі нічога не будзе відаць. Мне гэта ні ў чым не перашкодзіць, я магу. У майго трэнера любімая і найлепшая фраза: «Па жыцці чым горш, тым лепш». І мы сапраўды прытрымліваемся гэтага дэвізу. Мы жывем менавіта так. Не ведаем, што будзе заўтра, але мы жывем такі вось паўнавартасны сённяшні дзень, – сказала Гарнасько.