Намкіраўніка расійскай гімнастыкі Макараў: «Беларусу адмовілі ў нейтральным статусе за фота 2018 года ў майцы пад расійскі сцяг»
Віцэ-прэзідэнт Федэрацыі гімнастыкі Расіі (ФГР) Мікалай Макараў пракаментаваў адмову ў наданні нейтральнага статусу спартсменам з Расіі і Беларусі.
Расійскія гімнасты, якія ўжо атрымалі нейтральны статус, вырашылі не ўдзельнічаць у бліжэйшых спаборніцтвах пад эгідай Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі (FIG) у знак нязгоды з неабгрунтаванымі адмовамі спецыяльнага камітэта FIG у допуску да турніраў іншых расійскіх спартсменаў.
«Так, нам прыходзіць ліст з прычынамі. Прычыны абсалютна бязглуздыя, абсалютна тупыя. Мы падалі апеляцыю ў CAS, чакаем рашэння ўжо 10 месяцаў. Яны, па-мойму, баяцца вырашыць на карысць нас. Чакаюць нейкай пазіцыі іншага боку.
Як можна 10 месяцаў думаць? Я размаўляў з беларусамі – у іх масажысту адмовілі, таму што ён быў у майцы, стылізаванай пад расейскі флаг, здаецца, на ёй было нешта пра джыу-джытсу. І вось у яго вісіць у сацсетках фатаграфія. Толькі яна зроблена ў 2018 годзе! З-за яе пазбавілі статусу.
Яшчэ адна гісторыя з беларусамі – псіхолаг сфатаграфавалася з сабачкам у касцы. Смеху дзеля. Туды ж – каскай вы актыўна падтрымліваеце СВА (так у Расіі называюць працягваемую краінай вайну ва Украіне – Tribuna.com)», – сказаў Макараў.