Вось як падпісант за Лукашэнку ўзяў другое золата АГ – дзяржТБ скрала відэа ў інтэрнэце, пасунуўшы БАТЭ, прагучаў гімн «нейтралаў»
Іван Літвіновіч выдаваў эмоцыю і суцяшаў канкурэнта.
2 жніўня – гістарычны дзень для беларускіх скачкоў на батуце, якія паціху замахваюцца на славу фрыстайлу. На АГ-2024 абодва беларускія батутысты ў нейтральным статусе ўзялі медалі. Спачатку Віялета Бардзілоўская стала сярэбранай прызёркай.
А затым Іван Літвіновіч узяў золата – другое ў карʼеры, ён быў першым і на АГ у Токіа ў 2021-м. У кваліфікацыі цяперашняга турніру Літвіновіч упэўнена выйграў ужо першай спробай – праўда, у другой памыліўся, але вынік лічылі па найлепшай. Гэта магло насцярожыць перад фіналам, тым больш у ім выдатныя спробы выдалі кітайцы Ян Ланью і Ван Зісай. Але Літвіновіч, які выступаў пасля асноўных канкурэнтаў, не даў ім шанцу – усё выканаў без крытычных памылак, гэтага з яго складанасцю было дастаткова. У выніку Літвіновіч апярэдзіў Зісая больш чым на бал, набраўшы 63,090.
Гэта можна было ўбачыць на дзяржаўным «Беларусь 5» – канал падсанкцыйнай БТРК, які не мае правоў на трансляцыю, зноў яе проста скраў. Мінулы раз кадры бралі з «Еўраспорту».
Цяпер увогуле на «Беларусь 5» ішоў прамы эфір матчу ЧБ БАТЭ – «Мiнск», але яго проста перапынілі. А карцінку батута, здаецца, у эфір рэтрансліравалі з сайта МАК. Ускосна гэта пацвердзіла тое, што ў пэўны момант па экране забегаў кружок загрузкі, а вось з каментарыям Дарыны Запольскай ніякага завісання не адбылося.
Калі Літвіновіч даведаўся адзнаку, то даў волю эмоцыям – ён падскочыў ад радасці і прыўзняў трэнера зборнай Вольгу Уласаву.
Пасля Літвіновіча выступаў толькі адзін спартсмен, які не ўмяшаўся ў медальныя разборкі. І ўжо ў статусе пераможцы беларускі атлет падышоў да кітайцаў і падбадзёрыў іх, абняўшы і патрапаўшы па галаве.
Неўзабаве Літвіновіч атрымаў золата, а ўверх падняўся сцяг нейтральных атлетаў, прыдуманы МАК.
На трыбунах у гэты момант радавалася сярэбраная прызёрка Бардзілоўская, якая з Літвіновічам сустракаецца. Генеральны сакратар «НАК» Лукашэнкi Ксенія Санковіч таксама засвяцілася тварам у камеру.
А Літвіновіч на пʼедэстале ініцыяваў групавыя абдымкі з кітайцамі.
Гучала ў гонар перамогі Літвіновіча таксама спецыяльна напісаная на замову МАК кампазіцыя для нейтральных атлетаў. Тут Запольская выказала ўпэўненасць, што ў гэты момант батутыст хацеў бы пачуць «афіцыйны гімн сваёй краіны». У гэта лёгка верыцца – Літвіновіч у 2020-м аказаўся ў спісе падпісантаў за Лукашэнку, а потым дастаткова шчыльна ўдзельнічаў у рэжымных актыўнасцях, дзе пасля чэмпіёнства ў Токіа стаў жаданым госцем. Так, у 2023-м батутыст паспеў зʼездзіць на расійскі «форум юных алімпійцаў», зняцца ў некалькіх відэа для алімпійскага камітэта Лукашэнкі і разам з іншымі рэжымнікамі падняць чырвона-зялёны сцяг на адкрыцці Гульняў краін СНД.
Наогул яшчэ ў 2019-м Літвіновіч узяў асабістае срэбра ЧС, а ў 2021-м досыць нечакана выйграў АГ у Токіа, на якія мог і наогул не паехаць, але рэжымніца – галоўны трэнер зборнай Вольга Уласава паставіла на маладога батутыста і не пралічылася. Батутыст – сын трэнера па спартыўнай акрабатыцы, таму, як казаў, хадзіць і скакаць на батуце навучыўся адначасова. Да 15 гадоў займаўся ў роднай Вілейцы, потым трапіў у Віцебск да Уласавай. Нягледзячы на гэта, вучыўся ў вілейскім каледжы на аўтаслясарнай справе - Літвіновіч любіць розны транспарт, але асабліва матацыклы.
Пасля перамогі на АГ Літвіновіч даў некалькі інтэрвʼю, у якіх спакойна прызнаваўся, што ў дзяцінстве без правоў ганяў па Вілейцы на матацыкле, а ў БДУФК на трэнера вучыцца, пазнаючы імя выкладчыка на стэндзе ў дзень заліку ці экзамену і разлічваючы на «імправізацыю».
Пра тое, што глабальна адбываецца навокал, Літвіновіч выказваўся мінімальна. Калі ў Токіа яму задалі пытанне пра рэпрэсіi ў Беларусі, батутыст адказаў: «Што адбываецца, тое адбываецца. Мяне гэта не тычыцца, мяне гэта не закранула». А пасля пачатку вайны ва Украіне сказаў, што гэтая «справа страшная, і нафіг яна патрэбная», але ў Беларусі (якую рэжым Лукашэнка зрабіў прахадным дваром для расійскага акупанскага войска) «вайны няма», і наогул яны з калегамі па зборнай «па-за палітыкай», а яго «меркаванне не ўлічваецца», на чым папрасіў «кінуць гэтую тэму».
Здаецца, цяпер Літвіновіч, якому належыць за золата ад рэжыму 12 тысяч базавых велічыняў, то бок прыкладна 150 тысяч долараў, можа проста спакойна думаць, як іх марнаваць. З мінулага прыза ў прыкладна такім жа памеры батутыст купіў маці машыну, задумваўся пра кватэру – цяпер можа хапіць і на дом у якіх-небудзь Драздах. Або на пафаснае вяселле – хоць раней Літвіновіч, якому цяпер 23, казаў, што да 26 у шлюб уступаць не плануе.
«Беларусь 5» жа перапыніў матч БАТЭ – «Мінск» яшчэ і для аналагічна скрадзенай трансляцыі фінальнага заплыву на 200 метраў на спіне з удзелам беларускай спартсменкі Анастасіі Шкурдай. Праўда, яна стала толькі восьмай з васьмі ж удзельніц.