Аляксандр Апейкін: «Найбольш верагодна, вайна ў Беларусі будзе адначасова і грамадзянскай, і за вызваленне ад расiйскага ўплыву»
Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін патлумачыў, чаму вайна з Украінай на тэрыторыі Беларусі непазбежная.
«Чаму я лiчу, што вайна ў Беларусi непазбежная?
У самой вайне на тэрыторыі Беларусі няма нічога дзіўнага. Беларусь кожнае стагоддзе перажывае 2-3 буйных узброеных канфлікты. Таму вайна – гэта хутчэй заканамернасць, чым выпадковасць, бо Беларусь ляжыць на стыку двух цывілізацый. Сённяшнія ўмовы (ядзерная эскалацыя, вайна ва Украіне) максімальна спрыяюць пачатку канфлікта.
У Беларусі не пагашаны моцны грамадзянскі канфлікт пасля 2020-га году. Ніякай кропкі кампрамісу ў беларускім грамадстве насамрэч не існуе. Бо кожны бок бачыць праект «прымірэння» па свайму – праз пакаянне і пакаранне сваіх апанентаў. Ніякія перамовы да кампрамісу не прывядуць, бо сітуацыя настолькі комплексная, што дамовіцца «па сярэдзіне» у прынцыпе немагчыма.
Ніякага «адзінага беларускага народу» у гісторыі не існавала. Уся «адзінасць» была склеена толькі савецкім праектам пасля 1939-га году і праіснавала да канца 80-х. Далей мы бачылі дакладны падзел па цывілізацыйным поглядам і менталітэце. Увесь апошні час у Беларусі існавала два розных грамадствы (розны менталітэт, нават розныя нацыянальныя сімвалы, нацыянальныя святы), а 2020-ы год проста стаў моцным трыгерам для праявы гэтага факту.
Таму любы наступны трыгер дакладна прывядзе да гарачага грамадзянскага супрацьстаяння. На сітуацыю таксама моцна ўплываюць фактары калектыўнай траўмы ад падзей 2020-га году, вялікай колькасці палітвязняў, маштабных рэпрэсій у грамадстве і вялікай колькасці беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне, якія не плануюць доўга за гэтым усім назіраць і г. д. Такім чынам, найбольш верагодна, што вайна ў Беларусі будзе адначасова і грамадзянскай, і за вызваленне ад расійскага ўплыву.
Велізарная большасць беларусаў проста не ведаюць сваёй нават нядаўняй гісторыі, на жаль. Адсюль і каштоўнасная дэзарыентацыя», – напісаў Апейкін.
Нагадаем, з 24 лютага 2022 году Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
