Пухоўскі пра завяршэнне кар'еры: «Топ-узровень ужо не цягну. Мы з жонкай зразумелі, што прыйшла пара вяртацца ў Беларусь»
38-гадовы беларускі разыгрываючы сербскай «Вайводзіны» Барыс Пухоўскі распавёў пра матывы завяршэння кар'еры пасля заканчэння сезона.
«Яшчэ зімой сказаў пра гэта на сходзе каманды. І галоўны трэнер, і кіраўніцтва былі ў курсе маіх планаў. Галоўную прычыну я б не звязваў выключна з гандболам. Хаця, зразумела, без яго таксама не абышлося.
Проста мы з жонкай зразумелі, што надышоў час вяртацца дадому. Ніколі не хаваў, што мая пасляспартыўная будучыня звязана выключна з Беларуссю, і зараз проста прытрымліваюся намечанага плану.
Ну і яшчэ. У Сербію я ж паехаў толькі таму, што «Вайводзіна» – не нейкая пасрэдная каманда. Яна ставіла перад сабой вялікія задачы, у выкананні якіх, спадзяюся, я дапамог. Гэта і чэмпіянат, і Кубак, і Еўраліга.
А зараз я адчуваю, што на топ-узровень ужо не цягну і нічога новага сваёй камандзе даць не магу. А ехаць кудысьці па грошы ці апускацца на ўзровень ніжэй не хочацца. Прапановы? Інфармацыя яшчэ не паспела распаўсюдзіцца, а са мной ужо завялі размовы прадстаўнікі двух клубаў – адзін з Венгрыі, іншы з арабскай краіны. Канкрэтызаваць не хачу. Бо не разглядаў гэты варыянт сур'ёзна. Тамака заўсёды ўсё хораша пачынаецца і аднолькава дрэнна сканчаецца, чаму ёсць нямала прыкладаў.
Не скажу, што фізічна я ўжо ўсё. Калі б вельмі было трэба, то пагуляў бы яшчэ сезон ці нават два. Але ўсё роўна ж калісьці давядзецца сказаць «стоп». Лепш я скончу з гандболам, чым гандбол скончыць са мной», – адзначыў Пухоўскі.
Пухоўскі выступае за «Вайводзіну» з 2022 года. Раней ён гуляў за мінскія СКА і «Дынама», запарожскі «Мотор», а таксама венгерскі «Чурго».
Нагадаем, Пухоўскі – рэкардсмен у гісторыі зборнай Беларусі па колькасці матчаў (205) і галоў (865).