За час вайны ў зборнай Беларусі па гандболе было 12 супернікаў, але іх хапіла на 28 матчаў. Лёгка здагадацца, з кім гулялі 14 разоў
І гэта не ўся Расія.
Днямі зборная Беларусі па гандболе правяла пару спарынгаў з адным і тым жа супернікам, які даўно набіў аскому. Ну а што зробіш, калі каманда па гандболе, як і большасць іншых зборных ад Беларусі, адхіленая ад міжнародных спаборніцтваў за суўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскім уварванні ва Украіну. Бан доўжыцца ўжо амаль тры гады. За гэты час гандбалісты прапусцілі не адзін міжнародны турнір, гуляючы наўзамен спарынгі. І выбар супернікаў для іх працягвае быць вельмі бедным.
Якія турніры прапусцілі?
Апошнім буйным турнірам для зборнай Беларусі стала Еўра-2022, які адбываўся ў Венгрыі і Славакіі ў студзені напярэдадні вялікай вайны. Там падапечныя Юрыя Шаўцова не змаглі прайсці першы раўнд, заняўшы трэцяе месца ў групе з Германіяй (29:33), Польшчай (20:29) і Аўстрыяй (29:26).
Далей было тры буйныя турніры, якія беларусы прапусцілі:
- Чэмпіянат свету-2023 у Польшчы і Швецыі.
- Алімпійскія гульні-2024 у Парыжы.
- Еўра-2024 у Германіі.
Беларусы прапусцяць і два наступныя буйныя турніры:
- Чэмпіянат свету-2025 у Харватыі, Даніі, Нарвегіі, які пройдзе з 14 студзеня па 2 лютага 2025 года.
- Еўра-2026 у Швецыі, Нарвегіі і Даніі, які пройдзе з 15 студзеня па 1 лютага 2026 года.
Што рабілі замест?
Гулялі спарынгі ці выставачныя турніры. Вось усе матчы, якія правялі падапечныя Шаўцова з моманту адхілення:
Кубак Белгазпрамбанка-2022
12.08.2022. «Гомель» – Беларусь – 18:34
13.08.2022. Беларусь – «Данскія казакі-ЮФУ» (Таганрог, Расія) – 35:31
14.08.2022. «Мяшкоў» – Беларусь – 32:36
Таварыскія матчы
15.10.2022. Зборная клубаў БФГ – Беларусь – 24:34
19.10.2022. Бахрэйн – Беларусь – 28:33
20.10.2022. Бахрэйн – Беларусь – 30:27
05.01.2023. Расія – Беларусь – 28:23
06.01.2023. Расія – Беларусь – 28:25
11.03.2023. Беларусь – Расія – 29:26
12.03.2023. Беларусь – Расія – 29:29
Серыя спарынгаў без гульцоў з замежных клубаў. Зборная Беларусі ў гэтых матчах была прадстаўленая ў асноўным гульцамі з сістэмы СКА:
26.04.2023. Беларусь – «Мяшкоў» – 25:30
28.04.2023. Беларусь – «Гомель» – 38:35
29.04.2023. Беларусь – «Машэка» – 37:29
Таварыскі матч
Беларусь – «Зеніт» (Санкт-Пецярбург) – 33:30
Зноў серыя з Расіяй:
01.11.2023. Беларусь – Расія – 32:28
03.11.2023. Беларусь – Расія – 27:26
05.11.2023. Беларусь – Расія – 25:22
Кубак сяброўства-2024:
05.01.2024. Беларусь – Іран – 29:28
06.01.2024. Расія-2 – Беларусь – 29:45
07.01.2024. Расія – Беларусь – 31:32
Серыя спарынгаў з расіянамі ў сакавіку 2024-га:
13.03.2024. Расія – Беларусь – 31:28 (18:12)
15.03.2024. Расія – Беларусь – 27:28 (16:11)
17.03.2024. Расія – Беларусь – 37:28 (19:14)
Турнір у Магілёве:
07.11.2024. Беларусь – Беларусь U-19 – 53:30
08.11.2024 Беларусь – Расія U-19 – 31:18
09.11.2024. Беларусь – Расія – 32:31
Гульні «сяброўства»-2025:
06.01.2025. Расія – Беларусь – 26:28
07.01.2025. Расія – Беларусь – 28:32
За час адхілення ў зборнай Беларусі агулам было 12 розных супернікаў, затое іх хапіла ажно на 28 матчаў! Самым папулярным спарынг-партнёрам, прадказальна, стала Расія, з якой падапечныя Шаўцова ўжо сустрэліся 14 разоў (9 перамог, 1 нічыя, 4 паразы). Але ж яшчэ было па адным матчы з Расіяй-2 і Расіяй U-19, плюс дзве гульнік з расійскімі клубамі. На гэтым фоне зусім не гандбольныя Бахрэйн і Іран выглядаюць сапраўдным шыкам! Яшчэ чатыры спарынгі ўдалося затыкнуць беларускімі камандамі.
Што думаюць у белгандболе пра адхіленне?
Самае дзіўнае меркаванне ў лютым 2023-га агучыў старшыня СКА Андрэй Крайноў: «Не думаю, што мы нешта страцілі. Вы бачыце, чэмпіянат Беларусі мацнейшым становіцца». Астатнія выказванні высокіх прадстаўнікоў гандбола выглядаюць куды больш адэкватна.
Старшыня федэрацыі БФГ Уладзімір Канаплёў улетку казаў, што шмат разоў уздымаў тэму адхілення ў і ў Еўрапейскай федэрацыі гандбола, і ў Міжнароднай, і ў Алімпійскі камітэце, у прыватнасці, пісаў лісты з просьбай перагледзець рашэнне, але адказу не было. Таму лукашэнкаўскі паплечнік распарадзіўся больш нічога не рабіць, а проста чакаць.
Таксама Канаплёў збіраўся пашырыць геаграфію спарынг-партнёраў зборнай Беларусі. Так, на лістападаўскі турнір у Магілёве ён планаваў запрасіць зборныя з Блізкага Усходу і Персідскага заліва. Аднак тыя не прыехалі, па словах Канаплёва, праз супрацьдзеянне міжнародных структур.
Чакае вяртанне на міжнародную арэну і Юрый Шаўцоў. Галоўны трэнер зборнай ухапіў пазітыў у словах прэзідэнта IHF Хасана Мустафы, што беларусы належаць да адзінай гандбольнай сям’і, а пра вялікую колькасць спарынгаў з расіянамі казаў: «Выбіраць не выпадае».
На найхутчэйшае вяртанне спадзяецца і намеснік старшыні БФГ Андрэй Барбашынскі. Лукашыст у сваіх выказваннях шкадаваў пра тое, што не ўсё залежыць ад кіраўнікоў еўрапейскай федэрацыі - маўляў, яны, здаецца, не супраць вяртання беларусаў, але прытрымліваюцца рэкамендацыі МАК. Таксама Барбашынкі казаў, што ад Еўропы нельга закрывацца.