«Мяшкоў» не прайграе СКА два гады, хаця можа саступаць і 6 мячоў – цяпер забраў сёмы трафей, асадзiўшы сына Барбашынскага
Гарачыя матчы.
27 красавіка ў Мозыры вызначыўся пераможца Кубка Беларусі па гандболе. У фінальным матчы гулялі лідары вiду ў краіне – мінскі СКА і «Мяшкоў» Брэст. Вынік атрымаўся, на першы погляд, прадказальным – сталічная каманда саступіла чарговы тытул і працягнула двухгадовую серыю без перамог над брастаўчанамi. Расклады сiл падводзяць да высновы, што гэта i лагiчна.
Але ў рэальнасцi СКА не раз i не два быў наперакор усяму блiзкi да таго, каб спынiць супернiкаў, але драматычна ўпускаў такiя моманты. Фiнал Кубка стаў матчам з гэтай жа катэгорыi – а канцоўка адзначылася яскравым момантам з легендай «Мяшкова» ды дзёрзкiм сынам знанага лукашыста. Раскажам падрабязней пра супрацьстаянне двух клубаў ды яго апошнюю «серыю».
СКА ды «Мяшкоў» – два самыя тытулаваныя і наймацнейшыя клубы краіны, якія не ведаюць канкурэнтаў на ўнутранай арэне. Вось толькі апошняя перамога «армейцаў» над брастаўчанамі здарылася амаль два гады таму – 6 траўня 2023 года ў фінале Кубка Беларусі (32:29).
У сезоне-2022/23 «Мяшкоў» да пары быў зусiм не падобны да сябе – нуль перамог над СКА ў «рэгулярцы» чэмпiяната, потым сенсацыйная параза ад самай слабой каманды турніра, «Бусла Кiтая», у першай сустрэчы стартавага раўнда плэй-оф. Такое становішча звязвалі з пагаршэннем фінансавага становiшча праз крыўду дыктатара Аляксандра Лукашэнкі на заснавальніка клуба Аляксандра Мяшкова. Але нават з такімі бедамі брастаўчане пераламiлi сябе i ў фінале плэй-оф чэмпіянату супраць таго ж СКА выйгралi ўсе матчы (38:30, 33:26, 32:31 АТ).
Першы матч той фінальнай серыі адбыўся 20 траўня 2023 года. Тады і пачалася серыя «армейцаў» без перамог над «мяшкоўцамі», якая цяпер налічвае 22 матчы ды 710 дзён.
7 параз СКА ад «Мяшкова» прыйшліся на рэгуляркі ЧБ-2023/24 і 2024/25. Пры гэтым, як вы можаце бачыць па лiку, у большасцi выпадкаў лёгкiмi перамогi брастаўчан не былi, а аднойчы здарылася i нічыя.
Астатнія паразы СКА прыйшліся на вырашальныя матчы разнастайных турнiраў:
- 06.08.2023, фінал SEHA-лігі сезона-2022/23 – 31:32;
- 09.09.2023, Суперкубак Беларусі – 30:32;
- 13.04.2024, 20.04.2024, 27.04.2024, фінальныя матчы плэй-оф чэмпіянату Беларусі-2023/24 – 27:30, 26:27, 25:27;
- 23.05.2024, фінал Кубку Беларусі-2024 – 22:28;
- 31.05.2024, паўфінал SEHA-лігі сезона-2023/24 – 33:36;
- 07.09.2024, Суперкубак Беларусі – 25:34;
- 01.03.2025, 07.03.2025, 1/4 фіналу SEHA-лігі сезона-2024/25 – 27:29, 25:27.
У межах серыi прынцыповаму суперніку прайграна 7 тытулаў: два чэмпіянаты (2022/23, 2023/24), два Кубкі (2024, 2025), два Суперкубкі Беларусі (2023, 2024) і SEHA-ліга-2022/23.
«Мяшкоў» з усiмi ўнутранымi трафеямi ў 2024 годзе
Але, паўтарымся, не сказаць, што ў СКА за два гады не было шанцаў выйграць – зусiм наадварот. Напрыклад, у другой гульні фінальнай серыі ЧБ-2023/24 «армейцы» выйгралi першы тайм 16:11. У другой палове мяшкоўцы зрабiлi мацнейшы рывок i cамi павялi ў чатыры мячы, але СКА зраўняў лiк за пяць секунд да канца. Аднак гэтага часу «Мяшкову» хапiла, каб зноў закiнуць i выйграць 27:26.
У сакавiку ў чвэрцьфінале SEHA-лігі-2024/25 СКА больш чым мог прайсцi супернiкаў. У першым матчы выйграў першы тайм 19:13 – але на другую палову каманду зноў не хапiла, у выніку параза (27:29). У другім матчы «армейцы» не рэалiзавалi ажно шэсць (!) пенальцi – і саступiлi 25:27, а калi б закiнулi ўcе 7-мятровыя, дык выйгралi б па суме сустрэч.
Зрэшты, у адзіным за серыю нічыйным матчы «армейцы» першы тайм прайгралi 11:15, але раптам другую палову адгулялi лепей i зафiксавалi канчатковыя 29:29.
Хаця, здавалася б, па ўмовах увогуле нiякiх праблем у «Мяшкова» быць не павiнна. На днях рэжымны кіраўнік БФГ Уладзімір Канаплёў нагадаў, што клуб, маўляў, «спансуецца «Газпрамам» (там займае высокае становiшча Аляксандр Мяшкоў), а ў СКА няма «такiх заробкаў». I брастаўчане сапраўды жывуць «на шырокую нагу»: у ростэры з 23 чалавек – адразу 10 легіянераў з Расіі, Босніі, Чарнагорыі, Славеніі, Аўстрыі, якія маюць досвед гульні на найвышэйшым узроўні: у зборнай, Лізе чэмпіёнаў і Кубку ЕГФ. Склад цалкам сабе дасведчаны, сярэдні ўзрост гульцоў складае 29 гадоў.
Мінскі СКА, у сваю чаргу, клуб дзяржаўны. У ростэры «армейцаў» легіянераў не знайсці. А сярэдні ўзрост гульцоў складае 20,6 года. Самы дасведчаны ў вельмi маладой кампаніі – 34-гадовы экс-гулец зборнай Беларусі Дзмітрый Камышык.
Утрымліваць лідараў ад сыходу ў замежныя чэмпіянаты СКА не можа. У мінулым годзе адразу тры гандбалісты пераехалі ў клубы расійскага Д1. Самы гучны трансфер – пераход Ігара Бяляўскага ў харвацкі «Заграб».
Кажуць, што ў хуткім часе да яго далучыцца яшчэ адзін гулец СКА – 23-гадовы Станіслаў Садоўскі. У цэлым на гэтым і пабудаваны канцэпт клуба: «выхаваць – прадаць».
– Мы ніколі не супраціўляемся, таму што разумеем, што развіццё нашых гандбалістаў у іншых клубах дапаможа, у першую чаргу, нашай зборнай. [За мяжой] заробак у іх будзе ў разы два-тры вышэйшы, чым мы маглі б прапанаваць. Няхай хлопцы едуць зарабляць грошы, бо яны ўсё роўна іх вязуць у краіну. Эканамічна гэта вельмі выгадна і для нас, – казаў кiраўнiк СКА Андрэй Крайноў у чэрвені 2024 года.
Але мiнчане ўсё роўна ўпарта змагаюцца з дасведчаным «Мяшковым». Так здарылася i ў свежым фiнале Кубка Беларусi. «Армейцы» адыграліся з 8:13, скончылі першы тайм з мінімальным перавесам 18:17. За 5 хвілін да канца на табло гарэлі 28:27 на карысць СКА. Але тут «Мяшкоў» зарабiў сямiмятровы. Выконваў яго 37-гадовы Максім Баранаў, легенда брастаўчан. Яго паспрабаваў вывесцi з раўнавагi 20-гадовы Мацвей Барбашынскі, сын рэжымнага намесніка старшыні БФГ Андрэя Барбашынскага. Але ветэран паспяхова выканаў кідок, зраўняў лік і адсвяткаваў проста перад тварам дзёрзкага юнака (адзнака 1:07:06).
СКА ізноў выйшаў наперад – 29:28 за тры хвіліны да канца сустрэчы. Але давесці справу да перамогі не атрымалася. «Мяшкоўцы» чарговы раз зраўнялі лік, а за 25 секунд да канца сустрэчы выдатны розыгрыш атакі з завяршэннем ад Эдуарда Яраша вывеў «Мяшкоў» наперад 30:29. У мінчан быў час адыграцца, гандбалісты нават давялі справу да кідку за 9 секунд да канца часу – але яго парыраваў брамнік, ды і арбітр зафіксаваў парушэнне (адзнака 1:10:14).
Так здарылася 15-я ў гісторыі перамога «Мяшкова» ў Кубку Беларусі. А ў хуткім часе СКА і «Мяшкоў» разыграюць чарговы трафей. На 17, 21 і 24 траўня запланаваны матчы фінальнай серыі плэй-оф чэмпіянату Беларусі. Цi здолеюць мiнчане нарэшце выйграць хоць адну сустрэчу?