Беларускі цяжкаатлет Хадасевіч: «Допуску да ЧС мы рады, але нас не задавальняе ўдзел пад нейтральным сцягам»
Беларускі цяжкаатлет, чэмпіён Гульняў краін СНД Павел Хадасевіч падзяліўся меркаваннем пра допуск беларускіх спартсменаў да Чэмпіянату свету пад нейтральным флагам.
«Звычайна я прыязджаю спантанна да сваёй радні, а зараз яны заспелі мяне знянацку. Ведаў, што прыедуць сябры, але тое, што будуць прысутнічаць і бацькі, тут сюрпрыз. Гэта надало мне яшчэ больш энэргіі.
Вельмі спадабаўся ажыятаж на трыбунах. Заўзятары класна падтрымлівалі, крычалі, пляскалі. Гэта вельмі моцна зараджае. Яшчэ з размінкі добра сябе адчуваў, падняў 190 кг. Потым у першым жа падыходзе спакойна 200 кг пхнуў. Ніколі так лёгка не было. У мяне не было сумневаў, што я спраўлюся з гэтай вагой. Неяк усё вельмі добра склалася.
Узровень на Гульнях быў вельмі добры. Шмат краін-удзельніц. Першая тройка вельмі шчыльна ішла. Там некалькі кілаграмаў розніца за ўсё была.
Допуску да чэмпіянату свету мы, вядома, рады. Але многія ўмовы нас не задавальняюць. Удзел пад нейтральным сцягам. Аднак людзі, якія маюць дачыненне да спорту, цудоўна ведаюць, хто ёсць хто. У Беларусі ўсе будуць ведаць, што гэта зрабіў беларус. Нас спрабуюць крыху прыхаваць, але паглядзім, што будзе далей. Асабіста я хачу трэніравацца і дадаваць у выніку. Прайсці праз кваліфікацыю і выступіць годна», – цытуе Хадасевіча sport5 са спасылкай на «Спорт-кадр».
Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.
28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.