Усе навіны

Вудкрафт аб 6:2 з маскоўскім «Дынама»: «У пачатку матча мінскае «Дынама» гуляла не сабрана, сонна. Але паступова крок за крокам вярнуліся ў гульню. Добрая перамога на характары»

29 лістапада 2022, 10:11

Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Крэйг Вудкрафт пракаментаваў перамогу каманды над маскоўскімі аднаклубнікамі ў КХЛ (6:2).

– Пачалі не так, як планавалі. Але выдатна праявілі сябе, каб сабрацца і пачаць гуляць так, як трэба: арганізавана і па нашай структуры. Важны гол забілі ў канцы першага перыяду, рэалізаваўшы большасць. У другім перыядзе рэферы адмяніў гол, гэта надало імпульс. Далей кантралявалі гульню.

Пасля матчу сказаў калектыву, што гэта - выдатная перамога на характары, дзе кожны праявіў сябе. Брамнік Аляксей Коласаў пасля двух прапушчаных шайбаў дзейнічаў узрушаюча, паказаўшы псіхалагічную ўстойлівасць. Абарона была надзейная, форварды праявілі сябе. І, канешне, спецбрыгады зрабілі розніцу. У меншасці гулялі самааддана і эфектыўна, і ў большасці зноў выдатна згулялі.

Рады за каманду. Атрымліваем асалоду ад перамогай. І ўжо рыхтуемся да наступнай гульні.

– Арцём Дзямкоў правёў свой першы матч за мінчан пасля вяртання і набраў 3 (2+1) ачкі. Можа, Арцём арганізуе пераможную вячэру для каманды?

– Добрая ідэя. Але, ведаючы, Арцёма… (усміхаецца).

– Што стала галоўным залогам поспеху?

– Тут шмат фактараў згуляла, той жа адменены гол, які ўзбадзёрыў каманду. У пачатку матча гулялі не сабрана, сонна. Але каманда верыла ў сябе. Капітан матываваў усіх, каб гулялі па нашай сістэме. Паступова крок за крокам вярнуліся ў гульню. Большасць выдатна спрацавала. Рабілі дробныя рэчы, дэталі, якія зрабілі вялікую розніцу. Пяць на пяць таксама гулялі ўпэўнена. Гэта добрая перамога на характары.

– Шон Лалондэ вярнуўся ў склад. Наколькі ім задаволены?

– Шон правёў добрую гульню, рабіў тое, што заўсёды. Гэта ўпэўненыя і цвёрдыя дзеянні, таксама выдатна распараджаўся шайбай і ў нападзе паспяваў дапамагаць. Увогуле, гэта і чакалі. Рады за яго.

– Ці не было ў вас жадання пры ліку 0:2 узяць трыццацісекундны перапынак, каб узбадзёрыць каманду?

– Не, быў упэўнены, што каманда справіцца так. Быў сонны пачатак, але сумневаў не было, што гульцы гатовыя гуляць і прытрымлівацца нашага плана.

– У «Спартаку» памяняўся трэнер, яны сталі гуляць цікавей. Чаго чакаеце ад наступнага матча з імі?

– Так, у іх былі змены. Каманда ўзбадзёрылася, дадала і шмат закідвае. Чакаем важную гульню. Трэба быць да яе падрыхтаванымі. Гэта будзе добры тэст для нас, – сказаў Вудкрафт.

⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com