Усе навіны

Крэйг Вудкрафт: «Трэба слухаць указанні трэнера, выкладвацца на сто працэнтаў. Пры выкананні гэтых умоў заўсёды будуць вялікія шанцы, каб замацавацца ў «Дынама»

7 студзеня 2023, 17:32

Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Крэйг Вудкрафт падзяліўся меркаваннем аб матчы КХЛ з «Сібірру» (2:3).

– Каманда паказала свае добрыя якасці. Заключная гульня пасля далёкаўсходняга выезду - гэта заўсёды складана. Гульцы біліся на лёдзе, аддавалі ўсе сілы. «Сібір» - моцны сапернік. Абедзве каманды паказалі класную гульню. Матч прайшоў вельмі энергічна і эмацыйна. Маглі зачапіць больш ачкоў у авертайме. Але ў цэлым задаволены хакеем, які прадэманстравалі. Набралі бал, што таксама нядрэнна. Вяртаемся дадому. І працягваем падрыхтоўку далей.

Не скажу, што нехта спрабаваў залезці нам пад скуру. Мы гулялі правільна. Разумелі, што будзе жорсткая барацьба ў гэтым цяжкім матчы. Не ўсе рэчы можам кантраляваць, якія прымаюцца па ходзе сустрэчы… У цэлым імкнуліся гуляць па нашай сістэме: граматна і максімальна аддавацца барацьбе, гуляць жорстка і па правілах. Усе хлопцы зрабілі ўсё для перамогі.

Вельмі спадабалася гульня Каўгарэні. Ён унёс вялікі ўклад у вынік. Датычны яго якасцяў, у яго добрыя габарыты, сіла і характар. Ён паказвае высокі ўзровень гульні з добрым хакейным IQ. Дапамог закінуць першую шайбу. Гэта выдатны хлопец, які пазітыўна ўплывае на атмасферу ў распранальні. Каб затрымацца ў асноўным складзе, як і гаварылася раней, трэба слухаць указанні трэнера, ставіцца правільна да працы і выкладвацца на сто працэнтаў. Пры выкананні гэтых умоў заўсёды будуць вялікія шанцы, каб замацавацца ў «Дынама».

– «Дынама» набрала пяць з шасці магчымых ачкоў з гэтага складана выезду. Як удалося згуртаваць калектыў пасля няўдалай серыі ў снежні?

– Гэта вельмі добры вынік для далёкаўсходняга выезду. Мусіць, адзін з лепшых, што атрымоўвалася ў гэтым сезоне. Кажучы пра тое, як мы спраўляліся пасля няўдалай серыі, я веру, што ў нас выдатная каманда. Ёсць хлопцы, якія праяўляюць свае лідарскія якасці. Да таго ж вярнулася некалькі ключавых гульцоў пасля працяглай паўзы. Яны дапамаглі стабілізаваць нашу гульню і прыўнеслі свой уклад. Я думаю, што вы заўважылі гэтую розніцу. Трэба працягваць у тым жа духу. З кожнай гульні браць пазітыў і рухацца крок за крокам. Думаць толькі аб нашай камандзе і правільным шляху развіцця. Калі будзем праводзіць усе гульні па нашай сістэме, то зможам дабівацца поспеху. Яшчэ раз хачу адзначыць, як каманда сапраўды выдатна сябе выявіла на гэтым далёкім выездзе ў складаных умовах, – сказаў Вудкрафт.