Чупрыс пра 1:2 ад «Лакаматыва»: «Лічу, мае хлопцы лепш згулялі, чым у першай гульні, але не заўсёды дастаткова гуляць лепш. «Шахцёру» трошкі не «фартанула»
Галоўны трэнер «Шахцёра» Яраслаў Чупрыс пракаментаваў паражэнне каманды ад «Лакаматыва» з лікам 1:2.
– Па статыстыцы – па кідках, па момантах – гульня, на мой погляд, роўная. Сапернік быў крыху лепшы ў зоне атакі, яны даўжэй трымалі шайбу, і ў іх больш гэта атрымлівалася. У нас былі добрыя контратакі, мы мелі вялізную колькасць момантаў. Там у саперніка штанга была... Яны, у выніку, у большасці забілі, а мы ў большасці не забілі. У прынцыпе, можна сказаць, сёння была гульня спецбрыгад. У нас у папярэдняй сустрэчы яны лепш спрацавалі, а ў суперніка – у гэтай. Лічу, што мае хлопцы сёння лепш згулялі, чым у першай гульні, але, як бачым, не заўсёды дастаткова гуляць лепш. Можа быць, нам сёння трошачкі не «фартанула», ды і супернік быў пасвяжэй. Прайгралі…
– Ваш гулец, Андрэй Герашчанка, атрымаў сур'ёзную траўму. Ужо вядома, што з ім?
– Так, сур'ёзная траўма. Да гэтага ў Знахарэнкі траўма даволі сур'ёзная атрымалася, пералом. Сёння Герашчанка Андруху ў сківіцу патрапіла шайба, яго павезлі ў лякарню. Не ведаю, ці зубы цэлыя, зашываць будуць дакладна, таму што даволі глыбокая рана.
Ёсць прэтэнзіі да нападаючых, асабліва да, так бы мовіць, вопытных, якія павінны ў цяжкія хвіліны выцягваць каманду. Пакуль у гэтым кампаненце ў нас ёсць праблемы, будзем працаваць над гэтым, – сказаў Чупрыс.