Усе навіны

Баскаў пра сыход Сушко з пасады гендыра менскага «Дынама»: «На дадзеным этапе мы не шукаем яму паўнавартасную замену, рашэнне будзе прымацца па канчатку сезона»

27 студзеня 2023, 14:19

Экс-кіраўнік ФХБ Дзмітры Баскаў пракаментаваў сыход з пасады генеральнага дырэктара мінскага «Дынама» Сяргея Сушко і прызначэнне в.а. гендыра клуба Арцёма Каркоцкага.

«На жаль, акалічнасці складаюцца так, што на адным з самых адказных адрэзкаў сезона Сяргей Анатольевіч Сушко змушаны пакінуць хакейны клуб мінскае «Дынама» па сямейных абставінах. І я хацеў бы выказаць шчырую падзяку гэтаму спецыялісту за праведзеную працу, за тое, што нягледзячы ні на што «Дынама» пры ім заставалася верным абранай стратэгіі па развіцці беларускай моладзі і падцягвала ў асноўны склад усё больш новых імёнаў.

Часова выконваць абавязкі кіраўніка мінскага «Дынама» будзе Арцём Каркоцкі, які ўзначальвае клубную школу. Ён ужо паспеў зарэкамендаваць сябе як пісьменны і, што важна, сучасны кіраванец. Акрамя таго, Арцём Ігаравіч добра знаёмы з клубнай сістэмай «Дынама», таму, упэўнены, выдатна справіцца з задачамі кіраўніка да заканчэння сезона. На дадзеным этапе мы не шукаем паўнавартасную замену Сяргею Анатольевічу Сушко, рашэнне будзе прымацца пасля заканчэння сезона. Пакуль жа хочацца пажадаць і Арцёму Ігаравічу, і ўсяму клубу «Дынама» ўдачы, наперадзе яшчэ нямала складаных і важных матчаў, барацьба працягваецца», – прыводзіць словы Баскава афіцыйны сайт ФХБ.

Нагадаем, што Баскаў з 2018 па 2020 год займаў пасаду генеральнага дырэктара «зуброў». А ў верасні 2021 года IIHF дыскваліфікавала Баскава на 5 гадоў: па выніках дзесяцімесячнага расследавання было ўстаноўлена, што экс-кіраўнік Федэрацыі дыскрымінаваў атлетаў і пагражаў ім за іх палітычныя погляды.