Усе навіны

Трэнер «Брэста» Світо пасля 0:1 ад «Хіміка»: «Мы зрабілі крок наперад, але не змаглі прайсці далей»

6 сакавіка 2023, 22:53

Галоўны трэнер «Брэста» Уладзімір Світо падзяліўся меркаваннем аб матчы з «Хімікам» (0:1) у заключным матчы плэй-ін Экстралігі.

– Ёсць некалькі прычын паражэння: першая - мы не забілі ў гэтай гульні, другая – «Хімік» больш дасведчаны кубкавы баец. Сапернік практычна тым жа складам гуляў плэй-ін у мінулым годзе. У нас навейшая каманда і ў гэтым сезоне мы зрабілі крок наперад, правялі яго лепш, але не змаглі прайсці далей.

– Здавалася, што камандзе не хапіла лідара на лёдзе, хто мог бы вырашыць эпізод…

– Так, лідары забіваюць галы, так што думаю, гэта таксама паўплывала. Калі б быў Сяргей Маляўка, у пары з братам яны б згулялі больш небяспечна каля варот саперніка.

– У якіх кампанентах «Брэст» мог бы згуляць лепш?

– Больш катацца і кідаць. «Хімік» – абарончая і габарытная каманда, таму мы мала шанцаў атрымалі ў нападзе. Сустрэча была да аднаго гола. Мы працавалі, імкнуліся, на жаль, не забілі, але нашу грубую памылку сапернік змог рэалізаваць.

Дзякуй балельшчыкам за падтрымку ў гэтым сезоне. Хлопцы адчувалі яе і вельмі хацелі парадаваць вас, – сказаў Світо.