Усе навіны

Раман Юпатаў: «Выдаленні далі пэўны гандыкап для саперніка»

12 сакавіка 2023, 10:22

Галоўны трэнер «Віцебска» падсумаваў першую сустрэчу плэй-оф супраць «Юнацтва» (0:6).

– У першым перыядзе мы як двухпалубны карабель у «Марскім баі» – спачатку паранены, потым забіты. Увогуле, выдаленні далі пэўны гандыкап для саперніка. Далей, хлопцы малайцы: працягвалі працаваць, стваралі моманты. У прынцыпе, папракнуць каманду складана, гэта ўсяго толькі першы матч, будзем рыхтавацца да наступных. Выдаленні ўнеслі нам пэўныя праблемы, якія цяпер давядзецца вырашаць. З прычыны нашага шматлікага складу, будзем зараз думаць.

Хачу сказаць вялікі дзякуй нашым заўзятарам, якія прыехалі і падтрымлівалі нас да канца гульні, нягледзячы на вынік. Дзякуй за вашу веру!

– Выдаленні ў першым перыядзе вырашылі зыход гульні?

– Не, яны шмат у чым павесілі нагрузку на іншых людзей. Пагадзіцеся, адна справа адыграць 20-30 хвілін 3 на 5, зусім іншая столькі, колькі было сёння ў нас. Гэта вельмі шмат. Мяркую, што такога нават ніхто не сустракаў у сезоне. У Брэсце нас пакідалі 3 на 5 на поўныя 2 хвіліны, але тут вельмі шмат.

Гэтыя выдаленні не адыгралі ключавую ролю. Трэба было прадаваць свае моманты, яны ў нас былі. Была і зараджанасць на гульню. Мы не валіліся ў пачатку. Яны паўплывалі на гульню, але не ў поўнай меры. Іншыя лініі таксама павінны працаваць, таму не трэба ўсё спісваць на выдаленні…

– Ці паўплывала на гульню каманды выдаленне да канца матчу аднаго з лідараў каманды, Віктара Туркіна?

– Скажам так, пры ліку 2:0 у нас была большасць, а яно найграваецца на пэўных людзях. Магчыма, гэта быў пераломны момант, у нас была большасць, прыйшлося экстрана ўстаўляць туды гульца. Так, выпаў цэнтральны, у кожнага звяна яны працуюць па сваіх тактычных момантах. Нядрэнна зайшоў Невідзіцін, згуляў не горш за Туркіна, уносіў вастрыню, жаданне. Наогул, сёння парадавалі маладыя хлопцы. Можа, у іх эмоцыі з-за першага матча, але было б прыемным падарункам для мяне дзеянні моладзі з такой рызыкай увесь плэй-оф. Тое, чаго не было ў сезоне, яны дадалі сёння і выдатна згулялі. Неслі запал, вастрыню, Саня Ганчароў пабіўся, дадаў эмоцый.

Матч выйшаў сапраўды плэй-оффаўскі, па напале, па шчыльнасці. Але, па выніку ўжо крыху іншая сітуацыя, – сказаў Юпатаў.