Зборная Славакіі не будзе выклікаць гульцоў з КХЛ на ЧС па хакеі
Асістэнт галоўнага трэнера хакейнай зборнай Славакіі Петэр Фрухауф заявіў, што ў каманду не будуць выклікаць гульцоў з КХЛ для ўдзелу ў ЧС-2023.
«Апошнімі тыднямі ў нас былі доўгія дэбаты з гульцамі з КХЛ. Яны заўсёды з радасцю і гонарам прадстаўлялі нашу краіну. У іх ёсць дастатковыя паказчыкі, каб дужацца за ўдзел у фінальнай заяўцы на чэмпіянат міру.
Падчас абмеркаванняў мы прыйшлі да аднадушнага меркавання, што для спакойнага ходу падрыхтоўкі і стоадсоткавай канцэнтрацыі нашай зборнай на чэмпіянаце свету будзе лепш, калі мы выключым з гэтага складу гульцоў КХЛ», – сказаў Фрухауф.
У гэтым сезоне ў КХЛ гуляла пяць славакаў – Міхал Крыштаф («Адмірал»), Крысціян Яраш (ЦСКА), Томаш Юрча («Куньлунь»), Адам Лішка («Северсталь») і Міхал Чайкоўскі («Сібір»).
ЧС-2023 адбудзецца з 12 па 28 траўня. Расія і Беларусь не будуць удзельнічаць праз вайну, якую з 24 лютага 2022 года вядзе Расія супраць Украіны, з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.