Усе навіны

Баскаў пра серыю мінскага «Дынама» і СКА: «Пачалі забываць часы, калі па 5 гадоў чакалі траплення ў плэй-оф. Каманда праявіла сябе дастаткова магутна – выйграла і ў Мінску, і ў Піцеры»

29 сакавіка 2023, 12:17
1

Непрызнаны МАК член НАК Беларусі, экс-кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі, які пакінуў пасаду ў 2021-м з-за пяцігадовага бана ІІХФ за палітычны ціск на падначаленых, які ў 2020-м знаходзіўся на Плошчы Перамен у момант нанясення смяротных пабояў мясцоваму жыхару Раману Бандарэнку, Дзмітры Баскаў падзяліўся меркаваннем аб выступленні мінскага «Дынама» ў плэй-оф Кубка Гагарына, дзе мінчане ў 6 матчах уступілі СКА (2:4 у серыі).

– Працуючы ў Савеце Рэспублікі, у мяне не толькі ёсць магчымасць назіраць за спортам, але і ёсць у цэлым адказнасць за яго развіццё. Пры гэтым пры ўсім ужо шмат гадоў я нясу персанальную адказнасць за хакейнае мінскае «Дынама».

– Што тычыцца мінскага «Дынама»: трэці сезон запар каманда, дарэчы, упершыню ў гісторыі, выходзіць у плэй-оф [Кубка Гагарына], трэці сезон трапляе на СКА і саступае. Як вы ацэніце сезон у КХЛ для мінскага «Дынама»?

– Мы ўжо пачалі забываць тыя часы, калі па пяць гадоў чакалі траплення мінскага «Дынама» ў плэй-оф, а апошнія тры гады нам даводзіцца змагацца з грандам КХЛ – піцерскім СКА.

Але, на мой погляд, гэтая серыя атрымалася вельмі захапляльнай. «Дынама» праявіў сябе дастаткова магутна, пачынаючы з маладых беларусаў і заканчваючы знакамітымі легіянерамі. Гэта была цікавая серыя. Я думаю, што СКА не чакаў, што яна зацягнецца да 6 матчаў. Асабліва, бачачы, як яны прайшлі «Тарпеда», якое па праве можна назваць адной з самых хуткасных каманд лігі.

А «Дынама» абыграла СКА і ў Мінску, і ў Піцеры, што не можа не цешыць. У каманды сапраўды ёсць патэнцыял і, гледзячы, як яны самааддана ваявалі ў гэтай серыі, можна сказаць, што мы можам разлічваць у будучыні на больш высокі вынік. І гэтага чакаюць заўзятары і менеджмент, – сказаў Баскаў.