Кіраўнік ФХР Траццяк: «У ІІХФ далі зразумець: пакуль ідзе СВА, нас не пусцяць на міжнародныя спаборніцтвы. Але можам і далей гуляць з беларусамі»
Прэзідэнт Федэрацыі хакея Расіі (ФХР) Уладзіслаў Траццяк пракаментаваў спробы вяртання расійскіх спартсменаў на міжнародныя спаборніцтвы.
– Вы звярнуліся да прэзідэнта IIHF Люка Тардзіфа, каб Міжнародная федэрацыя хакея дапусціла да міжнародных турніраў нашых маладых спартсменаў да 17 гадоў. Такая ўжо сітуацыя была ў футболе. Але вам адмовілі?
– Гэта не першы раз, калі мы робім такія спробы. Але вы ж бачыце, у футболе толькі прадэманстравалі такі намер, а потым ад яго сышлі.
А мы хацелі яшчэ раз праверыць, як да гэтага паставяцца ў IIHF. Нам адмовілі, і гэтага трэба было чакаць. Адгаворкі адны і тыя – гэта робіцца для бяспекі нашых гульцоў.
– Ці можна сказаць, што пакуль не скончыцца СВА (так прарасійскія крыніцы называюць вайну, якую з 24 лютага 2022 года Расія працягвае ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі – заўв.), няма сэнсу нават рабіць спробы?
– Маё меркаванне, і нам так даюць зразумець – пакуль ідзе спецаперацыя, нам не дадуць гуляць ні на чэмпіянатах свету, ні на іншых міжнародных спаборніцтвах. Але з беларусамі мы можам і далей гуляць.
– Не пусцяць у тым ліку і дзяцей?
– Так, і яны спасылаюцца на бяспеку.
– Цяпер падвіс удзел расійскіх спартсменаў у летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы. А па зімовых Гульнях-2026 у Мілане – там мы таксама не ўбачым нашых хакеістаў?
– Цяпер цяжка казаць. Вы ўжо бачыце, як Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) паставіўся да таго, што Алімпійскі камітэт Расіі (АКР) прыняў у сваю сям'ю нашы новыя-старыя землі (гаворка пра ўключэнне ў свой склад рэгіянальных арганізацый акупаваных тэрыторый Украіны – заўв.). Што будзе далей – сказаць цяжка. Будзем глядзець, кожны дзень адбываюцца нейкія новыя падзеі, – сказаў Траццяк.
Нагадаем, у адказ на вайну МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.
28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.