Усе навіны

Дамінік Гашэк: «Па віне НХЛ гінуць украінскія і расійскія салдаты»

25 кастрычніка 2023, 12:46

Двухразовы ўладальнік Кубка Стэнлі Дамінік Гашэк у інтэрв’ю расійскаму выданню «Спорт-Экспрэс» падзяліўся думкамі пра вайну ва Украіне.

– Чаму вы настолькі рэзка выказваецеся як пра цяперашнія справы ў Расіі, так і пра мінулае ў «Спартаку»?

– Я не выказваюся рэзка. Толькі выказваю свае думкі ў выразнай і праўдзівай форме. Заўсёды добра кажу пра «Спартак», таму што правёў там выдатны сезон. Разам са сваімі таварышамі па камандзе, думаю, я зрабіў добрую працу як для клуба, так і для заўзятараў.

Мне заўсёды будзе прыемна ўспамінаць сваіх таварышаў па камандзе, людзей вакол і нашых фанатаў. Што тычыцца Расіі, то, на жаль, яна ўварвалася на тэрыторыю Украіны і пачала там вайну. Менавіта таму я выступаю на публіцы адпаведным чынам.

– Многія ў Расіі цяпер лічаць, што вы звычайны русафоб. І гэта пры тым, што вы жылі, працавалі ў Расіі, размаўлялі з вялікай колькасцю расіян. Што змянілася?

– Для мяне нічога прынцыпова не змянілася, я проста рэагую на новыя моманты, якіх не чакаў 13 гадоў таму. У 2010 годзе я і ўявіць сабе не мог, што Расія абярэ такі кірунак: у 2014-м далучыць паўвостраў Крым, а ў 2022-м пачне вайну.

– Вы казалі, што «НХЛ абавязаная плаціць Украіне па два-чатыры мільярды даляраў за кожны год гульні Авечкіна і іншых расіян». Вы гэта сур’ёзна? Сапраўды так лічыце?

– Так. Дазваляючы гуляць грамадзянам Расіі, якія не асудзілі дзеянні Расіі на Украіне, НХЛ робіць велізарную рэкламу вайны. Па віне НХЛ гінуць украінскія і расійскія салдаты.

А расійскія хакеісты разам з НХЛ удзельнічаюць у гэтым. Улічваючы даходы НХЛ, я лічу адэкватнай для Украіны суму ў два-чатыры мільярды даляраў за сезон. На жаль, гэта не верне страчаныя ўкраінскія і расійскія жыцці, – сказаў Гашэк.

Нагадаем, з 24 лютага 2022 году Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.