Усе навіны

Брамнік мінскага «Дынама» Коласаў узначаліў рэйтынг маладых гульцоў КХЛ па выніках кастрычніка

2 лістапада 2023, 18:49

КХЛ прадставіла рэйтынг найлепшых гульцоў да 23 гадоў па выніках кастрычніцкіх матчаў рэгулярнага чэмпіянату.

На чале спісу варатар мінскага «Дынама» Аляксей Коласаў, які набраў 4,3 бала. У кастрычніку ён правёў 10 матчаў, у якіх прапускаў 1,77 шайбы ў сярэднім за гульню і парыраваў 92,8 працэнта кідкоў. Больш за тое, у актыве галкіпера два шатаўты. У гэтых матчах «зубры» атрымалі 7 перамог.

Каментатар і эксперт афіцыйнага сайта КХЛ Антон Васяцін назваў Коласава вельмі значнай фігурай у сёлетнім мінскім «Дынама».

У топ-3 рэйтынгу маладых гульцоў таксама ўвайшлі абаронца «Спартака» Ягор Савікоў (3,79 бала) і форвард «Салавата Юлаева» Даніл Башкіраў (3,75).

7-е месца заняў беларускі нападаючы СКА Уладзімір Алістраў (3,27). У 12 кастрычніцкіх матчах неўскі армеец паклаў у скарбонку 10 (4+6) ачкоў па сістэме «гол+пас».