Андрэй Міхалёў: «Другі матч з «Атлантам» атрымаўся больш шчыльным, было складана ўваходзіць у зону»
Галоўны трэнер «Дынама-Шыннік» Андрэй Міхалёў пракаментаваў вынік матчу з МХК «Атлант» (3:4 АТ).
– Атрымаўся вельмі добры матч. Было шмат барацьбы, асабістых адзінаборстваў, ніхто не хацеў саступаць. Былі моманты ў большасці, але не забілі. У канцы трэцяга перыяду выдатна згулялі ў меншасці, зраўнялі лік і перавялі гульню ў авертайм, што дарагога каштуе. У авертайме выдаліліся, абаранілі чатыры на тры, але прапусцілі ў фармаце чатыры на чатыры – не разабралі гульцоў.
– Матч атрымаўся вельмі насычаны. Вам ён больш спадабаўся, чым учорашні?
– Момантамі ўчорашняя гульня спадабалася. Сёння мала кідалі, учора іх было болей. І небяспечных момантаў было больш. Калі палічыць, то на дзве каманды кідкоў мала. Гэта сведчыць пра тое, што гулялі шчыльна, было складана ўваходзіць у зону, нас сустракалі на сіняй лініі, таму было шмат закідаў і ішлі ў ціск. Шчыльная гульня атрымалася.
– Наперадзе яшчэ два хатнія матчы, ці ёсць час над чымсьці папрацаваць?
– Няма часу для працы, будзем аднаўляцца. Затрацілі вельмі шмат сіл, энергіі, эмоцый, таму заўтра ў нас аднаўленчы дзень, потым будзе адна трэніроўка і зноў гульні. Я думаю, што мы проста пакатаем большасць і меншасць.
– Трыбуны сёння проста разрываліся ад падтрымкі каманды.
– Сёння была вельмі добрая падтрымка. Адчуванні былі як у мінулым сезоне. Вельмі шмат было эмоцый, а ў канцоўцы проста захліствалі ад заўзятараў! Вялікі ім за гэта дзякуй! Хоць мы і прайгралі гэтую гульню, але мне за хлопцаў не сорамна. Калі ты выцягваеш гульню на апошніх хвілінах, то значыць, характар ужо з'яўляецца і ў хлопцаў, і ў каманды. Пазітыўныя эмоцыі. Хоць і прайгралі, але я задаволены хлопцамі, – сказаў Міхалёў.