Трэнер жлобінскага ЦАР Рымашэўскі: «У плане развіцця хакеістаў Беларусь зараз апярэджвае Расію»
Трэнер жлобінскага ЦАР Сяргей Рымашэўскі параўнаў падрыхтоўку беларускіх і расейскіх хакеістаў.
– Нельга не адзначыць, што жлобінская хакейная школа рэгулярна генеруе таленты, якія прабіваюцца на высокі ўзровень. У чым сакрэт?
– Нас, трэнераў, не заганялі ў рамкі. Мы спакойна рабілі сваю працу, і ніхто ў яе не ўмешваўся. Груба кажучы – што хацелі, тое і рабілі. Складалі планы трэніровак, распісвалі індывідуальныя заняткі, недзе раіліся са старэйшымі калегамі. Хлопцы займаліся творчасцю, камбінавалі, спрабавалі нешта новае… Намесніца дырэктара ЦАР Алена Мілінкевіч заўсёды нас падтрымлівала. Калі намячаліся нейкія турніры ці таварыскія матчы – калі ласка, едзьце. І хакейны клуб «Металург» дапамагаў. Трэнерскаму складу была даплата ад яго, каб не знікала цікавасць. У нас быў стымул выконваць сваю працу добра.
Паглядзеўшы, як ідуць справы ў Маскве, я павінен прызнацца, што сёння ўжо не павёз бы сюды сваё дзіця. Акунуўся ў мясцовы хакей, ведаю знутры, як працуюць у школах «Спартака», «Дынама». Тое, што тут хлопцам даступна, і тое, што было даступна ў Жлобіне ў перыяд маёй працы ў ЦАР, – гэта неба і зямля. Людзі да гэтага часу не вераць, што ў Беларусі такое магчыма: дзеці могуць хадзіць у басейн, займацца АФП у зале – і ўсё гэта бясплатна.
У Маскве зусім іншае жыццё. Тут вельмі вялікая канкурэнцыя. Калі крыху выпадаеш, цябе адразу ж спісваюць. Нядаўна расказваў знаёмаму з хакейнага свету пра жлобінскага выхаванца Арсенія Чухраева. У дзяцінстве ён быў маленькім, хаця бацькі высокія. Але яго не спісалі. Хлопец пагуляў у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі за фарм-клуб «Металурга». А потым раптам пачаў расці. А ён вельмі галавасты. І сёння мы ўжо бачым Арсенія ў камандзе МХЛ. Плюс у зборную выклікалі. А ў Маскве яго даўно задзяўблі б.
Прывяду яшчэ прыклады Ягора Сідарава і Сцяпана Звягіна. У «Спартаку» ім наогул не давалі шанцаў. З'ехалі ў Беларусь – пайшло развіццё. Лічу, у гэтым плане Беларусь зараз апярэджвае Расію. Проста ў Расіі больш насельніцтва і шырэй выбар гульцоў.
Гэта маё бачанне. Паўтаруся, бачу ўвесь выварат трэніровачнага працэсу ў Маскве. Вельмі шмат іншагародніх. Прыязджаюць у 12 гадоў з-за Урала і з іншых далёкіх рэгіёнаў. Да мяне ў кідковую зону прыходзяць хлопцы са школы «Дынама». Дык яны зусім не масквічы. Прыезджыя проста з'ядаюць мясцовых, – сказаў Рымашэўскі.