Усе навіны

Ігар Жылінскі: «Правялі матч з «Металургам» бяззуба – дзіцячыя памылкі прыводзяць да сумнага выніку»

2 лютага, 09:50

Галоўны трэнер «Лакаматыва» Ігар Жылінскі падвёў вынікі матча супраць «Металурга» (2:5) у Экстралізе.

– Крыху крыўдна за вынік: выцягнулі матч з рахунку 0:2, выправілі гульню не толькі па ліку, але і па змесце. Нашы дзіцячыя, недаравальныя памылкі з такім майстравітым супернікам, як «Металург», на жаль, прыводзяць да сумнага выніку. Калі папярэднія каманды, узроўнем крыху ніжэй, нас за такія прамашкі дзесьці даравалі, то ў Жлобіна хлопцы майстравыя - яны выціскаюць максімум з таго, што мы дазваляем.

Другі матч запар брыдка згулялі ў абароне і, вядома, маючы толькі ў трэцім перыядзе амаль 9 хвілін большасці, правялі яго бяззуба. У нас у гэтым сезоне за рэдкім выключэннем так і атрымоўваецца. Часцей маўчыць большасць, чым нас цешыць, што ў цэлым вытлумачальна. Для розыгрышу лішняга патрэбныя больш рукастыя дзецюкі, крэатыўныя, а нашы, якія выходзяць на рэалізацыю, на жаль, не ў крыўду ім будзе сказана, крышку дубаватыя.

Цяпер наша задача – патрапіць у дзясятку, аб шасцёрцы можна ўжо не размаўляць. Пакуль пазіцыя ў нас не катастрафічная, наперадзе восем гульняў. Вернемся дадому, адпачнем, крыху перабудуем шэрагі і будзем рыхтавацца да хатняй серыі. Запрашаем на матчы балельшчыкаў і асобная, вялікая падзяка тым, хто нас падтрымліваў у Жлобіне. Было прыемна бачыць столькі людзей з Оршы на гасцявой гульні, усім вялікі дзякуй!

– У параўнанні з мінулым матчам каманда выглядала значна лепш. Што змянілі за пару дзён?

– Трохі перабудавалі спалучэнні троек, зрабілі некалькі перастановак, хоць у абароне асабліва выбару ў нас няма. І крыху памянялі пабудову ў сярэдняй зоне. У атацы, на мой погляд, досыць шмат валодалі шайбай, але «Металург» добра абараняўся – не толькі ў меншасці, але і ў фармаце «5 на 5».

– Мэта змен у складзе – дадаць свежасці, ці нейкія іншыя прычыны?

– Літаральна перад гульнёй з-за хваробы выпаў абаронца Яроха, а ў нападзе правялі ратацыю. У мінулым матчы здарылася галявая засуха, таму да нападнікаў былі пытанні, і мы вырашылі крыху перасмыкнуць склад, памяняць спалучэнні ў тройках, – сказаў Жылінскі.