У гэты дзень год таму пайшоў з жыцця Кальцоў
18 сакавіка 2024 года ва ўзросце 42 гадоў у Маямі загінуў экс-хакеіст зборнай Беларусі, падпісант ліста за Лукашэнку, экс-бойфрэнд тэнісісткі Арыны Сабаленкі Канстанцін Кальцоў.
Як даведалася «Трыбуна» ў амерыканскай паліцыі, Кальцоў, знаходзячыся ў адным з гатэляў у прыгарадзе Маямі, у ноч з 17 на 18 сакавіка выскачыў з балкона, што следства лічыць «відавочным самагубствам».
У 1999 годзе выхаванец мінскага «Юнацтва» быў абраны на драфце НХЛ «Піцбургам» пад 18-м нумарам. У гэтай камандзе хакеіст правёў 144 гульні і набраў 38 (12+26 ачкоў).
У складзе «Салавата Юлаева» стаў чэмпіёнам Расіі (2008) і ўладальнікам Кубка Гагарына (2011). За зборную Беларусі форвард згуляў на дзвюх Алімпіядах і выступіў на дзевяці чэмпіянатах свету.
У 2016 годзе Кальцоў завяршыў кар’еру і перайшоў на трэнерскую працу. Узначальваў каманды Экстралігі «Брэст» і «Дынама-Маладзечна», быў асістэнтам галоўнага трэнера ў мінскім «Дынама», маскоўскім «Спартаку», з 2022-га працаваў памочнікам у «Салаваце Юлаеве», паралельна быў трэнерам зборнай Беларусі.