Трэнер «Калгары» Хаска: «Шаранговічу трэба перастаць думаць пра тое, што было ўчора. Калі ён адчувае сябе добра, мы становімся значна больш небяспечнымі»
Галоўны трэнер «Калгары» Раян Хаска падзяліўся меркаваннем пра гульню беларускага форварда Ягора Шаранговіча.
– У мінулым годзе ў пачатку сезона, калі вы памятаеце, ён быў крыху падобны на таго, каго мы бачым цяпер – ён спрабаваў знайсці сваю гульню.
Часам, калі гулец праходзіць праз складаны адрэзак, ён схільны да залішняй рэфлексіі.
Часам ён імкнецца занадта моцна, і адцягваецца ад таго, што робіць яго добрым гульцом. Калі ў мінулым годзе ён быў на вышыні, вы заўважылі, што ён шмат катаўся з шайбай па цэнтры пляцоўкі.
Калі шайба апынялася на яго клюшцы, яна як быццам захрасала на ёй. Думаю, гэта і ёсць тыя самыя маленькія адрозненні з сёлетнім сезонам.
Так што яму, як гульцу, трэба знайсці два-тры моманты, у якіх ён сапраўды добры, і засяродзіцца на іх. Не думаць пра тое, што адбылося ўчора ці пазаўчора. Проста трэбы быць лепш кожны дзень.
Для нас вельмі важна дабіцца таго, каб ён ведаў і верыў, што можа дэманстраваць добрую гульню кожны раз, калі выходзіць на лёд. Бо калі ён адчувае сябе добра, мы становімся значна больш небяспечнай камандай, – сказаў Хаска.