Руф пра паразу ад «Юнацтва»: «Эмоцыі прыйшлося даставаць, і мы гэта зрабілі. Можа, іх было нават больш, чым трэба»
Галоўны трэнер «Дынама-Маладзечна» Ігар Руф пракаментаваў першы матч паўфінальнай серыі Экстралігі з «Юнацтвам» (0:3).
– Як здарылася, што вы праспалі першы перыяд, бо ведалі ж, што «Юнацтва» пабяжыць?
– Не магу нават адказаць. Напэўна, пасля чвэрцьфіналу нам крыху не хапіла эмоцый. Пакуль уцягваліся, потым зразумелі, што, у прынцыпе, ужо сёе-тое «гарыць», уключыліся ў працу. Ну, потым, усё было добра, усё спадабалася. Крыху падвяла рэалізацыя, момантаў хапала, але не пайшло сёння.
– Вы сказалі, што вам не хапае эмоцый. Але нам, наадварот, здалося, што ў канцы іх было ў лішку...
– Так, але гэта абавязкова павінна быць, таму што гэта плэй-оф. Было вельмі прыемна, што было шмат заўзятараў на трыбунах. Нашых заўзятараў шмат прыехала, і стадыён быў дастаткова запоўнены. Яны падганялі абедзве каманды. У прынцыпе, эмоцыі прыйшлося даставаць, і мы іх дасталі. Можа, нам іх нават не тое, што не хапіла ў самым пачатку, можа, наадварот, было іх нават болей, чым трэба... Ну, празмернасць, можна так сказаць.
– Цяпер, атрымліваецца, трэба здзейсніць той жа подзвіг, што быў з гродзенскім «Нёманам». Тады, у чвэрцьфінале вы таксама стартавую гульню аддалі суперніку, а потым пляснулі яго 5:0. Трэба зрабіць тое ж самае ў сераду?
– Так! Паспім, паямо, пагуляем... Хтосьці пачытае, паглядзім відэа... Мы не сумняваемся адзін у адным, – сказаў Руф.