Усе навіны

Сцяпанаў пра магчымую дыскваліфікацыю Юпатава: «Ён усё роўна поплеч будзе з намі»

Абаронца «Віцебску» Ягор Сцяпанаў пракаментаваў паразу ад «Юнацтва» (1:3, лік у серыі 3-2) у пятым матчы фінальнай серыі Экстралігі і магчымую дыскваліфікацыю галоўнага трэнера Рамана Юпатава за непрыстойны жэст.

– Нічога страшнага не адбылося. Усе ўсё бачылі, галоўных герояў матча. Будзем рухацца далей, у нас яшчэ ёсць гульня дома.

– Кажучы пра галоўных герояў, вы пра эпізод з трэцім голам?

– Пра ўсю гульню.

– Пакуль не прайграваеце дома ў фінале. Як будзеце сустракаць суперніка на гэты раз?

– Гэтак жа, як і ў папярэднія дзве гульні хатнія.

– Заўзятары дапамогуць дома, як думаеце?

– Упэўнены, нас падтрымаюць нават лепш, чым у папярэдніх хатніх гульнях, чым сёння.

– Факт патэнцыйнага першага ў гісторыі чэмпіёнства не цісне на каманду?

– Які ціск, мы з першай гульні ў сезоне ідзем наперад, ідзем да адной мэты, гуляем у хакей.

– У чым у параўнанні з сённяшняй гульнёй трэба дадаць, каб усё ж такі перамагчы ў суботу?

– Дададзім у хуткасці, у руху, трэба настырней лезці на вароты. Больш кідаць. Усё наперад.

– Здалося, што ў рэалізацыі не хапала сёння.

– Не ведаю, што вам сказаць, шчыра.

– Каманда, хутчэй за ўсё, будзе без галоўнага трэнера. Дадасць гэта праблем?

– Чаму без трэнера?

– Паказаў жэст непрыстойны.

– Калі так будзе, ён усё роўна поплеч будзе з намі. Усё падкажа, усё раскажа. Ён заўсёды з намі, – сказаў Сцяпанаў.