Tribuna/Хакей/Блогі/Сапраўднае вар'яцтва на хакейным ЧС: Латвія сенсацыйна выбіла шведаў і выйшла ў гістарычны паўфінал

Сапраўднае вар'яцтва на хакейным ЧС: Латвія сенсацыйна выбіла шведаў і выйшла ў гістарычны паўфінал

Неверагодны матч!

26 траўня, 05:55
Сапраўднае вар'яцтва на хакейным ЧС: Латвія сенсацыйна выбіла шведаў і выйшла ў гістарычны паўфінал

Дарэмна хтосьці вырашыў, што трэці за 70 гадоў выхад немцаў пасля перамогі над Швейцарыяй у паўфінал чэмпіянату свету па хакеі – галоўная сенсацыя чвэрцьфінальнай стадыі першынства, якое праходзіць у Тампэрэ і Рызе.

Ужо праз некалькі гадзін дасягненне Германіі перасягнула Латвія, стварыўшы апсет, пра які будуць успамінаць гадамі. Можа, не так, як перамогу беларусаў у Солт-Лэйк Сіці, але нешта блізкае да таго. Тым больш, што і супернікі ў каманд былі аднолькавыя.

У 1/4 фіналу гаспадары першынства шакавалі шведаў – атрымалі перамогу з лікам 3:1, закінуўшы дзве вырашальныя шайбы ў трэцім перыядзе.

Пераможнай стала вось гэтая, у выкананні Мікса Індрашыса: 32-гадовы форвард, які гуляе на сваім дзесятым чэмпіянаце свету ў кар'еры, удала падключыўся да контратакі:

А потым Мікс выступіў у ролі асістэнта – па маштабе памылку Ларса Ёхансана з «Фрэлунды» складана параўноўваць з легендарным фейлам Томі Сала, але таксама запамінальна:

Кур'ёзная трэцяя шайба забіла шведаў: яны зладзілі нешта накшталт фінальнага штурму, але гэта было хутчэй па інэрцыі.

Зрэшты, гэта зусім не прымяншае дасягненняў 22-гадовага галкіпера латвійскай зборнай Артурса Шылоўса, які згуляў так, як, уласна, любы латвійскі галкіпер у плей-оф буйнога турніру. Малады хлопец, які дэбютаваў у НХЛ у сезоне-2022/23 за «Ванкувер» (згуляў у пяці сустрэчах, атрымаўшы тры перамогі), адбіў 40 кідкоў з 41.

Не Крыстэрс Гудлеўскіс (ён, дарэчы, на гэтым чэмпіянаце выступае бэкапам Шылоўса) супраць Канады ў 2014-м, але ўсё роўна вельмі ўпэўнена:

Паўфінал чэмпіянату свету – найвышэйшае дасягненне ў гісторыі латвійскага хакея. Раней у зборнай ужо было пяць чвэрцьфіналаў, але ўсе яны (апошні – у 2018-м) былі прагуляныя. З шостай спробы ўсё склалася проста цудоўна.

У паўфінале, які адбудзецца ў суботу, 27 траўня, латвійцы згуляюць з Канадай – «кляновыя» ў сваім матчы 1/4, якія многія разглядалі як датэрміновы фінал, не пакінулі ніякіх шанцаў фінам (4:1).

Гісторыя ўжо напісана, але чаму б не паспрабаваць зрабіць яе яшчэ больш эпічнай?

Фота: IIHF

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты