Tribuna/Хакей/Блогі/Выпіў піва з магчымым працадаўцам, насмяшыў тэлебрыгаду. Топ-беларус на поўным рэлаксе перад драфтам НХЛ

Выпіў піва з магчымым працадаўцам, насмяшыў тэлебрыгаду. Топ-беларус на поўным рэлаксе перад драфтам НХЛ

Зайздросны спакой Арцёма Леўшунова.

10 чэрвеня, 15:33
Выпіў піва з магчымым працадаўцам, насмяшыў тэлебрыгаду. Топ-беларус на поўным рэлаксе перад драфтам НХЛ

9 чэрвеня ў Бафала завяршыўся драфт-камбайн – тэставанне будучых навічкоў, на вынікі якога арыентуюцца скаўты і генеральныя менеджары клубаў НХЛ перад тым, як зрабіць выбар. Маладыя гульцы праходзілі велатэсты (два), падцягваліся, адціскаліся, скакалі ў даўжыню і вышыню (з замахам, без і з прыседам – ​​старт з прыседа, а рукі на сцёгнах), жым штангі лежачы, чоўнавы бег і тэст на сілу сціскання абедзвюх рук. Акрамя таго падчас камбайна вымяраецца рост хакеіста, размах рук ад кончыка аднаго сярэдняга пальца да кончыка іншага, працэнт тлушчу ў арганізме.

У камбайне ўзяў удзел Арцём Леўшуноў – галоўны беларускі праспект сёлетняга драфту. Сезон-2023/24 18-гадовы абаронца правёў у лізе NCAA за Мічыганскі ўніверсітэт. Каманда жлобінца выйграла сваю канферэнцыю, але вылецела ў чвэрцьфінале плей-оф. Леўшуноў набраў 35 (9+26) балаў у 38 матчах, атрымаўшы статуэткі найлепшага абаронцы і найлепшага навічка лігі.

Але вяртаемся да тэстаў. У сеціве з'явілася некалькі відэа, дзе Леўшуноў выконваў розныя практыкаванні. Напрыклад, так выглядала тэставанне на велатрэнажоры, якое, па прызнанні спартсмена, было «самым складаным, але вясёлым»:

А вось так выглядалі скачкі ў вышыню. У гэтым практыкаванні беларус заняў самае высокае выніковае месца, выскачыўшы на 57,5 ​​см, што стала дзявятым паказнікам сярод усіх удзельнікаў. Лідар у гэтым практыкаванні – амерыканскі абаронца Эмерык Эмеры (69,2 см):

Скачкі ў даўжыню, дзе беларус паказаў 23-і вынік (276,4 см). Найлепшы ў гэтым практыкаванні вышэйзгаданы Эмеры (312,4 см):

Падцягванні. На відэа Леўшуноў зрабіў 11 разоў – калі камісія залічыў усе падыходы, то гэта топ-17 паказчык. Але, калі меркаваць па відэа, адзін з назіральнікаў меў пытанні да тэхнікі выканання. Найболей падцягнуўся амерыканскі абаронца Зееў Буюм – 16 разоў:

Ва ўсіх астатніх практыкаваннях паказчыкі Леўшунова былі за межамі топ-10, але важна разумець, што вынікі «камбайна» менш важныя для рашэння клуба наконт выбару гульца, чым тое, што паказвае хакеіст на лёдзе. У выніковым рэйтынгу драфта на афіцыйным сайце НХЛ Леўшуноў (2-гі) абыходзіць і Эмеры (39-ы) і Буюма (4-ы). Хоць нельга выключаць, што апошняга абяруць раней за беларуса – ён у мінулым сезоне выйграў NCAA з універсітэтам Дэнвера (правеў 42 матчы, набраў 11+39 па гол+пас), а яшчэ ў студзені стаў чэмпіёнам свету са зборна ЗША U-20 (на фінальным турніры правёў 7 матчаў, 3+2 па гол+пас).

Высокае месца ў надыходзячым драфце прагназуе Леўшунову не толькі сайт НХЛ. Аўтар выдання The Hockey Writers Логан Хорн склаў справаздачу пра беларускага абаронцы, дзе, у тым ліку, прывёў рэйтынгі беларуса па версіі розных выданняў і экспертаў. Толькі ў адным з іх Леўшуноў не ўвайшоў у топ-4:

Цэнтральнае скаўцкае бюро НХЛ (хакеісты з Паўночнай Амерыкі): 2-е месца

Рэйтынг Логана Хорна (The Hockey Writers): 3-е месца

Рэйтынг Боба Макензі (TSN): 3-е месца

Рэйтынг Крыса Пітэрса (FloHockey): 2-е месца

Рэйтынг Крэйга Батана (TSN): 4-е месца

Рэйтынг Петэра Барачыні (The Hockey Writers): 11-е месца

Рэйтынг Эндру Форбса (The Hockey Writers): 3-е месца

Draft Prospects Hockey: 2-е месца.

Сярод моцных бакоў беларуса Хорн адзначыў атлетычнасць, хуткае і мабільнае катанне, вялікія габарыты, імкненне атакаваць і выхады з зоны/уваходы ў зону. Да якасці, над якой варта працаваць, ён аднёс прыняцце рашэнняў пры гульні ў абароне. А яшчэ Хорн даў свой прагноз на драфт:

Хоць абарончая гульня Леўшунова на цяпер крыху сыраватая, я абсалютна ўпэўнены, што ён будзе абраны ў пяцёрцы найлепшых на драфце 2024 года. Навыкі атакі, габарыты і ўмелы выбар пазіцыі робяць яго захапляльна перспектыўным гульцом, і мы ўбачылі, як цягам года ён падняўся да другога месца ў пераддрафтавым рэйтынгу. У камандзе, якая моцна мае патрэбу ў топ-праспекце для абароны, беларус цалкам можа стаць гульцом абароны нумар адзін ужо ў бліжэйшыя гады, – напісаў Хорн.

Яшчэ адзін паўночнаамерыканскі эксперт, журналіст Chicago Sun Times Бэн Поўп, адзначыў разняволенасць маладога беларуса напярэдадні драфта:

«Стаўленне Арцёма Леўшунова да працэсу драфту ў НХЛ моцна адрозніваецца ад леташняга падыходу нападаючага Конара Бедарда, якога пад першым нумарам абраў «Чыкага». У той час як Бедард паставіўся да гэтай падзеі з дзіўнай сур'ёзнасцю і [не па гадах] сталасцю, беларус ідзе да драфта з бесклапотным пачуццём гумару і нястрымнай весялосцю, якіх можна чакаць толькі ад 18-гадовага падлетка, які стаіць на парозе здзяйснення сваёй мары».

А вось і доказ разняволенасці. На днях Леўшуноў даваў інтэрв'ю журналісту TVA Sports Энтані Марціну. Па словах апошняга, відэа прыйшлося перазапісваць чатыры разы праз тое, што малады абаронца ўвесь час смяяўся і рэфлекторна глядзеў у камеру, што весяліла ўсю здымачную брыгаду:

Таксама Поўп адзначыў добрую адаптацыю Леўшунова ў Паўночнай Амерыцы.

– Калі Леўшуноў пераехаў з Беларусі ў ЗША ў 2022 годзе, у Грын-Бэй, штат Вісконсін, амаль не ведаў англійскай мовы і адчуў наймацнейшы культурны шок. Аднак вывучыў мову і на дзіва хутка знайшоў зону камфорту, – напісаў Поўп.

Порцыю камплементаў атрымаў Леўшуноў і ад патэнцыйна першага нумара на драфце НХЛ, 17-гадовага форварда Бостанскага ўніверсітэта Макліна Селебрыні.

«Леўшуноў – асаблівы гулец, ён выдатна катаецца і валодае шайбай. Было вельмі весела гуляць супраць яго і бачыць, чаго ён дабіўся на ўзроўні каледжа», – сказаў Селебрыні.

Пакуль што самым верагодным працягам кар'еры для Леўшунова бачыцца «Чыкага», у якога права другога піка на драфце. Падчас камбайна Леўшуноў, паводле яго слоў, сустрэўся з прадстаўнікамі 17 каманд НХЛ, а «ястрабы» былі адзіным клубам, які запрасіў яго на вячэру.

«Гэта было крута. У нас было некалькі прадуктыўных размоў. Мы там павесяліліся, паелі. Добра пагутарылі. Было весела з імі пагутарыць. Вось і ўсё. Выпілі пару бутэлек піва», – распавёў беларус пра сустрэчу з прадстаўнікамі «Чыкага».

Галоўным канкурэнтам Леўшунова за другі пік на драфце журналісты бачаць 18-гадовага нападніка СКА Івана Дзямідава. Расіянін у гэтым сезоне за першую каманду правёў 4 матчы ў КХЛ і выніковых дзеянняў не зрабіў. Затое ў складзе СКА-1946 стаў пераможцам МХЛ, прычым у рэгулярцы быў другім бамбардзірам чэмпіянату (30 матчаў, 23+37 па гол+пас), а ў плэй-оф першым (17 матчаў, 11+17 па гол+пас). У рэйтынгу драфта на сайце НХЛ сярод хакеістаў, якія выступаюць за межамі Паўночнай Амерыкі, Дзямідаў займае 2-е месца.

62-гі драфт НХЛ адбудзецца з 28 па 29 чэрвеня 2024 года ў амерыканскім Парадайсе. У Леўшунова добрыя шанцы пабіць рэкорд Руслана Салея, якога ў 1996-м «Анахайм» абраў пад дзявятым нумарам. Адзначым, што ў 1-м раундзе драфта таксама выбіралі Канстанціна Кальцова («Пітсбург» пад 18-м нумарам у 1999-м) і Андрэя Касціцына («Манрэаль» пад 10-м нумарам у 2003-м).

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты