У НХЛ гуляюць самы эпічны фінал у гісторыі: «Эдмантан» камбэкнуў з 0-3 з шалёнай статой Макдэвіда
Сёмы матч – у аўторак.
Фінальныя серыі плэй-оф НБА і НХЛ развіваліся па ідэнтычным сцэнары – тры першыя матчы ўпэўнена выйгралі пераможцы Усходняй канферэнцыі («Бостан» у баскетболе і «Фларыда» ў хакеі), а чацвёрты на ўласнай пляцоўцы разгромна забраў трыумфатар Захаду («Далас» і «Эдмантан» адпаведна).
Але калі баскетбольныя «Селтыкс» ужо паспелі не толькі здабыць чэмпіёнскі тытул, але і нават адсвяткаваць яго разам з мільёнам уласных заўзятараў (менавіта столькі людзей прыйшло на парад у Бостане), то фінал НХЛ працягваецца да гэтага часу. «Ойлерз» зрабілі амаль неверагоднае – камбэкнулі з 0-3 на 3-3, арганізаваўшы ў вырашальным супрацьстаянні за Кубак Стэнлі сёмы паядынак:
У адрозненне ад НБА, дзе ніхто і ніколі не выйграваў серыю, саступаючы 0-3, у НХЛ падобныя выпадкі ўсё ж здараліся. Нават у фінале плэй-оф, хоць і было гэта вельмі, вельмі даўно: у 1942 годзе «Таронта» (так!) пад кіраўніцтвам легендарнага Джэка Адамса (у яго гонар названа ўзнагарода найлепшаму трэнеру года ў лізе), прайграў тры стартавыя паядынкі баталіі за Кубак Стэнлі «Дэтройту», але перавярнуў усё з ног на галаву і здабыў тытул.
🔸 У фантастычнага вяртання адной з толькі дзвюх каманд-удзельніц цяперашняга плэй-оф НХЛ, у асноўным складзе якой няма расійскіх хакеістаў (іншая – «Бостан», якая вылецела ў паўфінале Усходу якраз ад «Фларыды»), ёсць тры асобы – адна чаканая і дзве вельмі нечаканыя, нават сенсацыйныя.
Першая – вядома ж, зорны цэнтр Конар Макдэвід. Ён, хутчэй за ўсё, ужо не паспее хаця б паўтарыць бамбардзірскі рэкорд Уэйна Грэцкі ў адным розыгрышы плэй-оф НХЛ (47 ачкоў, у капітана «Эдмантана» – 42 з адным паядынкам у запасе), але яго заслуга ў тым, што «Ойлерз» вярнулі сабе ўпэўненасць ва ўласных сілах, грандыёзная.
Толькі за чацвёрты і пяты матчы фіналу ён прыняў удзел у васьмі галявых атаках, закінуўшы тры шайбы (гэта абсалютны рэкорд НХЛ за два любыя матчы тытульнага супрацьстаяння запар), і амаль уласнаручна ператварыў безнадзейныя 0-3 у цалкам працоўныя 2-3 з шостым матчам на пляцоўцы канадскай каманды. У ім, што цікава, Конар не набраў наогул нічога, аднак гэта не перашкодзіла «Эдмантану» перамагчы з лікам 5:1 з важнымі шайбамі ад форвардаў-ралевікоў – Уорэна Фогеле і ветэрана Адама Энрыке.
Цяпер бягучы плэй-оф Макдэвіда з'яўляецца чацвёртым найрэзультатыўнейшым за ўсю гісторыю лігі (адно ачко ў матчы нумар сем выведзе Конара на трэцюю пазіцыю), але ў маштабе цікава іншае. Вышэй за лідара «Ойлерз» – толькі веліч Грэцкі і Марыа Лем’е, двух, магчыма, найлепшых лідараў і капітанаў усіх часоў:
🔸 Аднак калі ад Конара заўсёды чакаеш чагосьці падобнага (ён – твар пакалення ў хакеі і ўвогуле ўнікальны талент), то галкіперская пазіцыя лічылася адной з самых слабых у «Эдмантана» на момант пачатку паядынкаў на вылет. У 25-гадовага Сцюарта Скінера ўжо нават у плэй-оф былі крыху дрэнныя матчы, але ў сустрэчах, у якіх вырашаецца лёс кожнай канкрэтнай серыі, ён гуляе проста шалёна.
Яго баланс у чацвёртых, пятых, шостых і сёмых матчах ва ўсіх супрацьстаяннях цяперашняга розыгрышу Кубка Стэнлі («Эдмантан» па чарзе прайшоў «Лос-Анджэлес», «Ванкувер», «Далас» і вось зараз сячэцца з «Фларыдай») складае бездакорныя. 10-0, а цяпер Скінер ушчэнт перайграе аднаго з найдаражэйшых кіпераў лігі Сяргея Баброўскага. На шляху да камбэка з 0-3 у фінале «Ойлерз» выйгралі тры сустрэчы з агульным лікам 18:5, а Сцюарт адбіў больш за 94% кідкоў па ўласных варотах (81 з 85, калі быць дакладным), прымусіўшы глыбокую і майстэрскую атаку «Пантэрз» забуксаваць.
Наўрад ці нетмайндэра «Эдмантана» варта лічыць рэальным прэтэндэнтам на званне MVP плэй-оф з такой-та формай Макдэвіда, аднак выглядае ён сапраўды магутна. На фоне Баброўскага, які прайграў тры паслядоўныя паядынкі, у якіх «Фларыда» магла браць Кубак Стэнлі, і ў апошні час прапускае шмат лішняга – дык наогул дамінатарам:
🔸 Яшчэ адзін чалавек, чыю працу трэба адзначаць незалежна ад выніковага рэзультату фіналу НХЛ – трэнер «Эдмантана» Крыс Ноблах. 45-гадовы спецыяліст узначаліў каманду ўжо па ходзе рэгулярнага сезона, старт якога яна заваліла (на момант звальнення Джэя Вудкрафта ішла перадапошняй у Ціхаакіянскім дывізіёне, прайграўшы 10 з 13 матчаў у пачатку чэмпіянату), не маючы да гэтага ні дня досведу работы галоўным на ўзроўні наймацнейшай хакейнай лігі свету, і здолеў дадаць «Ойлерз» патрэбны для поспехаў у плэй-оф баланс.
Так, у нападзе каманда ўсё яшчэ вельмі залежная ад дзвюх сваіх суперзорак, Макдэвіда і немца Леона Драйзайтля (у лізе з жорсткай столлю заробкаў, якой з'яўляецца НХЛ, наўрад ці яно магло быць неяк інакш). Аднак, у адрозненне ад папярэдніх версій «Эдмантана», гэтая з'яўляецца моцнай у абароне і топава гуляе ў няроўных складах. Асабліва ў меншасці – за ўвесь плэй-оф «Ойлерз» прапусцілі толькі чатыры шайбы ў сітуацыях, калі супернік меў колькасную перавагу, забіўшы больш за 94% уласнага штрафнога часу (з вялізным запасам найлепшы паказчык у лізе, «Фларыда» з 87% – другая), тады як самі тройчы ў меншасці закідалі.
Аднак не думайце, што Ноблах – выпадковы чалавек, якому проста пашанцавала. Ён доўга чакаў уласнага шанцу, працуючы ў АХЛ у фарме «Нью-Ёрк Рэйнджэрс», і мае поўны давер Макдэвіда – калісьці трэніраваў яго яшчэ ў канадскіх юніёрскіх лігах, істотна дапамогшы Конару ў пераходзе ад дзіцячага хакея ў статус суперзоркі сусветнага маштабу.
У шостым матчы фіналу менавіта Ноблах зрабіў галоўны мув – выйграў важны трэнерскі чэлендж у другім перыядзе. «Эдмантан» павёў 2:0 пасля шайбы Энрыке, праз 10 секунд прапусціў у адказ ад Аляксандра Баркова, але пасля працяглага прагляду відэа арбітры адмянілі ўзяцце варот Скінера з-за мінімальнага афсайда ў іншага форварда «Фларыды», Сэма Рэйнхарта. Такі, што амаль нерэальна было заўважыць няўзброеным вокам у дынаміцы гульні:
«Пантэрз» адразу ж агучылі падазрэнне, што «Ойлерз», гуляючы хатні матч, атрымлівалі нейкую эксклюзіўную карцінку для відэаасістэнтаў галоўнага трэнера – і нібы менавіта дзякуючы гэтаму Ноблах прыняў рашэнне чэленджыць эпізод. Калі «Фларыда» прайграе фінал, гэтая версія ператворыцца ў цікавую тэорыю змовы, аднак факт застаецца фактам: Рэйнхарт сапраўды знаходзіўся ў становішчы па-за гульнёй, хоць і вымяралася яно некалькімі сантыметрамі.
🔸 Канадская каманда не выйгравала Кубак Стэнлі больш за 30 гадоў – у апошні раз гэта рабіў «Манрэаль» у 1993-м з легендарным Патрыкам Руа ў варотах. Цяпер «Эдмантан» неверагодна блізкі да таго, каб перапыніць чорную серыю: лёсавызначальны сёмы матч будзе згуляны ў ноч на аўторак па мінскім часе на пляцоўцы «Фларыды».