Мінскае «Дынама» падпісала канадца, якому пагражае тэрмін за сексуальнае злачынства – і, здаецца, трэба будзе на суд падчас плэй-оф
Эканомiя важнейшая за рэпутацыю.
1 ліпеня мінскае «Дынама» абвясціла пра падпісанне 25-гадовага канадскага форварда Дылана Дзюбэ. И глянуть без деталей – так это топ-трансфер. Хакеiст – пераможца моладзевага ЧС-2018 ў статусе капітана каманды i, што важней, дасведчаны гулец НХЛ: правёў у наймацнейшай лізе свету сумарна 325 матчаў, у якіх набраў 127 (57+70) ачкоў. Выступаў выключна за «Калгары», дзе ў сезоне-2023/24 перасекся з беларускiмi хакеiстамi Iллём Салаўёвым ды Ягорам Шаранговiчам.
Апошнi сезон атрымаўся, праўда, для Дзюбэ малавынiковым: усяго 7 (3+4) ачкоў за 43 матчы. Але калі глядзець толькі на гэта, то ўсё роўна фантастычна выглядае кошт пытання падпісання гульца ў «Дынама». У мінулым сезоне НХЛ форварду належала 2,4 млн долараў за год – а ў Мiнску ён, паводле даных расійскага «Спорт-Экспрэса», пагадзіўся гуляць за 634 тысячы, гэта значыць уціснуўся амаль у чатыры разы!
У канадца чамусьцi небывалая любоў да Беларусi? Ён філантроп па натуры? Не, канешне. Проста ў Дзюбэ не было шанцаў на кантракт у НХЛ, ды і ў КХЛ яго былі гатовыя ўзяць не ўсе. Прычына – у абвінавачванні ў сексуальным гвалце, за якi гульцу пагражае тэрмін на Радзіме.
Пачалося ўсё са згаданага МЧС-2018. 18 чэрвеня таго года ў гонар канадскага чэмпіёнства ў мясцовым горадзе Лондане ў правінцыі Антарыа праводзілі дабрачынны турнір па гольфе. Пасля яго ў бары адзін з гульцоў каманды пазнаёміўся з дзяўчынай – тая пасля некаторай колькасці алкагольных напояў пагадзілася паехаць з новым знаёмым у яго нумар у гатэлі, дзе занялася з ім «сексуальнымі дзеяннямі».
У гэтым праблемы б не было – але затым хакеіст паклікаў яшчэ семярых партнёраў па камандзе, не пытаючыся ў дзяўчыны. Тая потым заявіла, што яны здзяйснялі «сэксуальныя дзеянні» ужо без яе згоды, а яна плакала і спрабавала выйсці з пакоя, але гульцы «маніпулявалі і запалохвалі, каб яна засталася». Хакеісты таксама запісалі два відэа з рознiцай у гадзiну, дзе дзяўчына заяўляе, што ўсё, што адбывалася ў пакоі, нiбыта было па ўзаемнай згодзе. Але потым яна паясняла, што баялася фізічнай расправы, таму пагаджалася з тым, што адбываецца.
Ужо наступнай раніцай пра здарэнне стала вядома прадстаўнікам канадскай федэрацыі, паведамiлi пра гэта i ў мясцовую палiцыю. 19 чэрвеня гульцам паведамілі, што будзе праведзенае расследаванне. Аднак у вынiку ніякіх абвінавачанняў прадʼяўлена не было, і справа, здавалася, была закрытая.
Аднак у 2022-м дзяўчына, якой тады споўнiлася ўжо 24 гады, вырашыла дабіцца вынiку. Вясною таго года яна падала iск у вярхоўны суд Антарыа. У якасці адказчыкаў яна назвала 8 чалавек з пакоя гатэля, Канадскую хакейную лігу (CHL) і федэрацыю хакея Канады. У якасці кампенсацыі яна запатрабавала ад адказчыкаў 2 мільёны долараў за матэрыяльную шкоду, 1 мільён у якасці штрафу, 300 тысяч за «боль і пакуты» і яшчэ 50 тысяч за «псіхічны і эмацыйны стрэс».
На першым этапе адвакаты не даказалі дачыненне гульцоў да злачынства. 26 мая 2022 года бакі заключылі міравое пагадненне, сума якога не выдаецца. Дзяўчына забрала iск на ўмовах канфідэнцыяльнасці, а ў федэрацыі заявілі, што «дакладна не ведаюць, што менавіта адбылося той ноччу, і асобы ўдзельнікаў», але палічылі такія паводзіны «непрымальным і несумяшчальным з каштоўнасцямі і чаканнямі», дадаўшы, што яны «яўна прычынілі шкоду».
Але засталося шмат незадаволеных такой пазiцыяй федэрацыi, якая яўна хацела зрабiць выгляд, што нiчога не адбылося. Ад супрацоўніцтва з федэрацыяй адмовіліся некалькі буйных спонсараў: у прыватнасці, Scotiabank, тэлекамунікацыйная фірма TELUS, нафтавая кампанія Imperial Oil і сетка закусачных Tim Hortons. У вынiку федэрацыя падпiсала адмысловае пагадненне з мэтай «спынення культуры таксічных паводзін» ад гульцоў, а па сiтуацыi з 2018-га пайшлi новыя расследаваннi.
У вынiку ў студзені 2024-га абвінавачанні ў сексуальным гвалце выставiлi пяці гульцам той «моладзеўкi». Алекс Фарментан на той момант ужо гуляў у Еўропе – за «Амбры-Піёту» са Швейцарыі, а яшчэ чацвёра выступалi ў НХЛ: Дзюбэ, брамнік Картэр Харт з «Філадэльфіi», абаронца Кэл Фут i форвард Майкл Маклаўд з «Нью-Джэрсі» (апошняга яшчэ вiнавацяць у падбухторванні да ўчынення злачынства). Усiм чацвярым за некалькi дзён да афiцыйных паведамленняў iх клубы выпiсалi «бестэрмiновыя адпачынкi» – Дзюбэ фармальна далi такi праз «ментальныя праблемы». Пры гэтым заробку гульцы не пазбавiлiся.
Усім абвінавачаным па канадскім заканадаўстве пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі. Наўрад цi яны атрымаюць столькi, але ёсць iншыя праблемы, першая з якiх – да канца працэсу яны адхіленыя ад НХЛ. Таму не дзiўна, што гульцы пачалi думаць пра КХЛ, дзе на рэпутацыю глядзяць скрозь пальцы. Але i там не ўсе аказалiся гатовыя падпicваць канадцаў – таму што, па інфармацыі TSN, судовы працэс пачнецца прыкладна ў красавіку 2025 года, а значыць, падчас вырашальных матчаў плэй-оф КХЛ хакеiсты павiнны будуць паляцець ў Канаду на нявызначаны тэрмiн. Паводле інфармацыі расійскага журналіста Міхаіла Зісліса, менавіта гэта паслужыла адмовай ад супрацоўніцтва з Дзюбэ з боку топ-клубаў КХЛ.
Мiнскае «Дынама» ж сiтуацыя задаволiла. А гендырэктар клуба, падпісант за рэжым Арцём Каркоцкі ўвогуле нiчога такога не бачыць.
«Клуб у курсе сітуацыі з абвінавачаннем. Дзюбэ не прызнаў сябе вінаватым, не хаваецца, прымае ўдзел у слуханнях. Паколькі справа знаходзіцца на стадыі судовага разбору, а таксама кіруючыся прэзумпцыяй невінаватасці, клуб устрымліваецца ад далейшых каментарыяў па гэтым пытанні», – сказаў Каркоцкі.
Наогул «Дынама» мала хвалюе мінулае гульцоў. У 2022-м клуб вёў перамовы з амерыканцам Рыдам Бушэ – гульцом, які прызнаў сябе вінаватым у гвалце над малалетняй.
Летась у Мінск мог пераехаць Алекс Гальчанюк, які патрапіў за краты пасля дэбоша, падчас якога хакеіст пагражаў расправай паліцыянтам і іх семʼям.
Цяпер жа партал Metaratings.by паведаміў, што мінчане цікавіцца яшчэ не адным фігурантам канадскай справы – да Дзюбэ можа далучыцца i Харт. У мінулым сезоне да «бестэрміновага адпачынку» брамнiк правёў 26 гульняў за «Філадэльфію», 13 з якіх былі пераможнымі, пры каэфіцыенце надзейнасці 2,8 i 90,6% адбітых кідкоў.