Як Салей патрапіў у НХЛ: дапамог допінг, выйшаў на драфт амаль у 22, высокі выбар стаў сенсацыяй у Беларусі
Па Леўшунову было менш сумневаў.
У ноч з 28 на 29 чэрвеня ў прыгарадзе Лас-Вегаса адбыўся драфт НХЛ-2024, дзе беларускага абаронцу Арцёма Леўшунова пад другім нумарам абраў «Чыкага». Леўшунову і прагназавалі вельмі высокі выбар – хто ў топ-3, хто ў топ-5, – пра гэта шмат гаварылі да драфта і ў Беларусі. А па факце выбару абаронца перабіў шматгадовы рэкорд Руслана Салея – таго ў 1996-м дзявятым пікам задрафтаваў «Анахайм», і з тых часоў так высока не цанілі нікога з белхакея.
Как беларус бил драфт-рекорд Салея: объявление от звезды НХЛ, память об отце, юмор зашел журналистам
А як драфтавалі самога Салея? Што прагназавалі і як успрымалі падзею ў Беларусі? Вяртаемся амаль на 30 гадоў таму.
На ЧС-1995 яшчэ абаронца мінскага «Цівалі» Салей дапамог зборнай Беларусі выйсці з Д3 у Д2 – але сам ледзь усё не разбурыў: спрабуючы перамагчы ангіну, якой захварэў перад турнірам, прыняў мікстуру з забароненым эфедрынам. А пасля фінальнай гульні, дзе Беларусь перамагла Казахстан 2:1, у Салея ўзялі допінг-пробу – і, зразумела, яна аказалася станоўчай. Праўда, ІІХФ вырашыла не даваць камандзе з нашай краіны тэхнічную паразу, а проста аштрафавала на два пункты – і Беларусь захавала першае месца і пуцёўку ў дывізіён вышэй.
Аднак Салей быў дыскваліфікаваны на паўгода – і страціў шчодрыя расійскія варыянты працягу карʼеры. Заставалася толькі ехаць у Амерыку – там дыскваліфікацыі ІІХФ нікога не хвалявалі. У юніёрскія чэмпіянаты 20-гадоваму абаронцу было позна, у буйныя лігі – практычна нерэальна, калі толкам не было дасягненняў. У выніку месца знайшлося ў Інтэрнацыянальнай хакейнай лізе (IHL), дэ-факта трэцім эшалоне, у клубе «Лас-Вегас Тандэр».
Там Салей раскрыўся для амерыканскіх «купцоў» – «Тандэр» з 57 перамогамі ў 82 матчах выйграў «рэгулярку», потым дайшоў да фіналу канферэнцыі, а беларус за 91 матч адзначыўся 40 (10+30) пунктамі і выдатным паказнікам карыснасці «+46». Цікава, што ў плэй-оф каманду Салея ў канцы траўня 1996-га спыніла «Юта Грызліс» са спушчаным з НХЛ вельмі нізка шведскім брамнікам Томі Сала, які праз некалькі гадоў назаўжды ўвойдзе ў гісторыю беларускага хакея.
Скаўты адзначалі надзейны выбар пазіцыі гульца, магутныя сілавыя прыёмы, добры першы пас і кідок – і ў цэлым называлі Салея «гатовым профі», які можа адразу загуляць у НХЛ. Але на драфце звычайна выбіралі юных гульцоў – а беларусу было без некалькіх месяцаў 22. Таму ў некаторых пераддрафтавых рэйтынгах прозвішча Салея не было ўвогуле. Аднак адно з канадскіх СМІ сваім прагнозам паставіла абаронцу ў першы раўнд – на 20-е месца.
А пакуль Салей заяўляў пра сябе за акіянам, у белхакеі тлеў скандал. На ЧС-1996 у Д2 галоўны трэнер зборнай Беларусі Андрэй Сідарэнка Салея не разглядаў – і той сам быў заняты, і праз дыскваліфікацыю яго не нагульвалі загадзя. Зрэшты, каманда, як лічылася, да моманту турніру сабрала ў склад амаль усіх наймацнейшых – але перамагчы не змагла: вырашальны матч прайграла Латвіі, а напрыканцы саступіла яшчэ і Вялікабрытаніі. Ужо адразу пасля турніру ў прэсу пратачылася крытыка ад гульцоў на адрас Сідарэнкі – маўляў, ён недастаткова жорстка паводзіў сябе з некаторымі хакеістамі, з-за чаго выпусціў камандную дысцыпліну. А «Прэсбол» выдаў інсайд, што галоўны бамбардзір каманды Андрэй Кавалёў «і Міхаіл Захараў, які далучыўся да яго, усімі паводзінамі дэманструюць непрыязнасць да трэнера». А далей хадзілі чуткі, што гульцы будуць патрабаваць «прыняць меры» ад беларускай хакейнай федэрацыі.
У канцы траўня бунт адбыўся афіцыйна – ФХБ падоўжыла кантракт Сідарэнка, пасля чаго Захараў ініцыяваў ліст у федэрацыю, дзе без тлумачэнняў паказвалі на «грубыя памылкі трэнерскага штаба» на ЧС і патрабавалі «вырашыць праблему». Ліст падпісалі 23 хакеісты – 18 удзельнікаў турніру і пяць гульцоў, якія па нейкіх прычынах на яго не прыехалі. Пазней высветлілася, што Салею таксама прапаноўвалі падтрымаць незадаволеных – але той адмовіўся: пазней сказаў, што «калі хлопцы выказалі недавер Сідарэнкі, значыць, мелі прычыны», але сам ён «выхаваны інакш» і «не мог «плюнуць» сваім подпісам у бок пісьменнага, кваліфікаванага спецыяліста, гэта было б непрыстойна».
20 чэрвеня кіраўнікі федэрацыі хакея правялі перамовы з «ініцыятыўнай групай» гульцоў – аказалася, што яны прасоўваюць на пасаду галоўнага трэнера Захарава, які толькі завяршыў карʼеру. А 22 чэрвеня ў Сэнт-Луісе праходзіў драфт НХЛ – але па гэтай падзеі ў падшыўках «Прэсбола» мы не знайшлі ніякага анонсу. Не выявілася і ніякай нататкі пра сезон Салея ў IHL – зрэшты, у 1996-м здабыць інфармацыю пра далёкую нетопавую лігу ў Беларусі напэўна было значна больш складана, чым сёння. Праз гэта, падобна, Салей увогуле выпаў з беларускага поля зроку – у канцы красавіка 1996-га ў апытанцы на найлепшага хакеіста сезона абаронцу не назваў ніводны з 67 удзельнікаў галасавання (выйграў яго Аляксандр Андрыеўскі з фінскага ХПК).
Аднак у Сэнт-Луісе Салея абралі дзявятым – канцэпцыя гатовага абаронцы спадабалася «Анахайму», камандзе, якая была створаная толькі ў 1993-м і за першыя тры сезоны не патрапіла ў плей-оф. «Прэсбол» такога высокага піка ўвогуле не чакаў – назваў «сенсацыйным» у цэлым пападанне Салея ў першы раўнд драфта. Ніякіх іншых беларусаў на драфце не чакалі – іх і не было. Яшчэ адзін паказальны момант – з IHL, акрамя Салея, задрафтавалі толькі казахстанца Канстанціна Шафранава, на 27-гадовага (!) гульца 229-й пік выдаткаваў «Сэнт-Луіс».
Ужо праз тыдзень пасля драфту Салей апынуўся ў Мінску, дзе «Прэсбол» узяў у гульца інтэрвʼю. Абаронца распавёў, што перад драфтам паспеў сустрэцца з прадстаўнікамі 15 з тады 26 клубаў НХЛ, але «размовы вяліся практычна ні пра што». Сама працэдура першага раўнда драфта праходзіла стандартна – прадстаўнікі клуба са сцэны абʼяўлялі выбар, названы гулец выходзіў і апранаў клубнае джэрсі, а потым адпраўляўся на фотасесію і абавязковыя інтэрвʼю. «З маімі ведамі англійскай гэта заняло каля паўтары гадзіны. Год таму быў нуль [ведаў], зараз – плюс нуль», – прызнаваўся Салей.
Фота Салея адразу пасля драфту
«У мяне былі падставы разлічваць на пападанне ў першы раўнд, але ўключэнне ў першую дзясятку стала сюрпрызам. Дакладна не засмуціўся б выбару ад любой каманды, але «Анахайм» мне пасуе ідэальна: зорак з неба не хапае, але амбітнасці не займаць. Тры гады збіраюць поўныя трыбуны. Каліфорнія – выдатная прырода, цудоўны клімат», – цешыўся Салей пападанню ў «Анахайм». Ды і далёка пераязджаць не прыйшлося – ад Лас-Вегаса да прыгарада Лос-Анджэлеса 420 кіламетраў.
Хакеісту прапанавалі прыехаць у Каліфорнію ў сярэдзіне ліпеня, каб прайсці праграму для навічкоў, але Салей адказаў, што прыедзе пазней. Таксама клуб дазволіў беларусу згуляць за зборную ў алімпійскім кваліфікацыйным турніры, які праходзіў у канцы жніўня – пачатку верасня ў Латвіі. Новы трэнер зборнай вызначыўся яшчэ ў пачатку ліпеня – у выканкаме федэрацыі прагаласавалі за Анатоля Варывончыка ў якасці галоўнага, але Захараў увайшоў у яго штаб.
На турніры Салей гуляў у другой пары абаронцаў – у прэсе адзначалі, што хакеіст быў не ў аптымальнай форме, а таксама пры ім беларуская каманда прапусціла дзве шайбы пры чатырох за ўсе чатыры матчы. Зрэшты, на вынік гэта не паўплывала – Беларусь у Рызе выйграла ў Латвіі 4:1 і прабілася ў вырашальную стадыю адбору, дзе ў лютым 1997-га ўжо без Салея здабыла пуцёўку на АГ-1998.
З «Анахаймам» жа Салей падпісаў трохгадовы кантракт на агульную суму ў 2,25 млн долараў і ў сезоне-1996/97 яшчэ пагуляў за звыклы «Лас-Вегас Тандэр», а таксама ў АХЛ за «Балтымор», але і ў НХЛ паспеў правесці 30 матчаў з 1 (0+1) набраным пунктам. А з сезона-1997/98 ужо стаў асноўным у «Анахайме» і ў выніку правёў шмат гадоў у найлепшай лізе свету.
У цэлым жа драфт-1996 лічыцца для НХЛ слабым. Напрыклад, у 1997-м сярод 13 першых выбараў аказалася восем будучых удзельнікаў матчаў усіх зорак НХЛ і два сябры Залы хакейнай славы, у 1995-м – чатыры і адзін адпаведна. У 1996-м гэтыя паказнікі ў топ-20 драфта па выніку аказаліся нулявымі.