Касціцын пагрозай прывёў у ЧБ прыяцеля з Расii – той ледзь не трапiў у «Лакаматыў» з Салеем, а першы тытул узяў у 37
Дэбют за «Металург» атрымаўся яркім.
8 жніўня «Металург» аб’явіў пра падпісанне 38-гадовага расійскага нападаючага Дзяніса Паршына. У таго багаты досвед у КХЛ – 658 матчаў і 385 (174+211) набраных ачкоў. Дзевяць разоў Паршын удзельнічаў у Кубку Гагарына, дзе згуляў 49 паядынкаў і зарабіў 20 (8+12) балаў.
Паршын дапамог новай камандзе ўжо ў першым матчы. 16 жніўня ў Кубку Салея жлобінцы саступалі ў дзве шайбы «Славуцічу» за сем хвiлiн да канца матча. Але тут Паршын падмануў усiх супернiкаў выездам з-за варот i разабраўся з галкiперам. За дзве хвіліны да сiрэны нападаючы Сяргей Бейзак зраўняў лік. А ў авертайме на карысць «Металурга» прызначылi булiт, якi Паршын упэўнена рэалiзаваў. Пасля гэтага расiянiн быў прызнаны першай зоркай матча.
Праўда, выйсцi ў плэй-оф «Металург» не здолеў – але ў апошнiя гады пiк у клуба прыходзiцца на канец сезона, што дазваляе пасля вельмi сярэднiх «рэгулярак» браць чэмпiёнскiя тытулы. Мы ж пакуль раскажам некалькі цікавых фактаў з біяграфіі Паршына.
Адзін з самых выніковых гульцоў ЦСКА
Паршын нарадзіўся 1 лютага 1986 года ў горадзе Андропаў, якому ў 1989-м вярнулі старую назву Рыбінск. Гэты населены пункт з’яўляецца другім па велічыні ў Яраслаўскай вобласці Расii. Кар’еру будучы хакеіст пачынаў у «Лакаматыве» з аблцэнтра, але ў 16 гадоў пераехаў у ЦСКА, за які выступаў да 2012-га. З масквічамі тройчы выходзіў у плэй-оф КХЛ, але не прабiваўся далей за чвэрцьфінал – на гэтай стадыi ў першым розыгрышы-2008/09 каманда саступіла маскоўскаму «Дынама» (0-3). Тым не менш Паршын — яркі гулец у гісторыі ЦСКА, які правёў у клубе дзевяць гадоў, а яго 128 ачкоў (62+66) у КХЛ дазваляюць яму да гэтага часу заставацца чацвёртым бамбардзірам у лiгавай гісторыі клуба.
Мог апынуцца ў «Лакаматыве», з якiм разбiўся Салей
Пасля заканчэння сезона-2010/11 Паршын мог апынуцца ў «Лакаматыве», але ўсё ж застаўся ў ЦСКА. Праз чатыры месяцы самалёт з гульцамі і трэнерскім штабам яраслаўцаў разбіўся пасля сутыкнення з радыёмаяком пры ўзлёце. На борце самалёта тады былі беларусы: капітан зборнай Руслан Салей, нападаючы Сяргей Астапчук і трэнер па фізпадрыхтоўцы Мікалай Крываносаў. «Лакаматыў» ляцеў на першы матч сезона-2011/12 з мінскім «Дынама».
Ставіў рэкорд у Мінску
У 2010 годзе матч усіх зорак КХЛ праходзіў на «Мінск-Арэне». Паршын у той дзень бег круг на хуткасць і ўстанавіў рэкорд, паказаўшы вынік 13,93 секунды.
Цяпер найлепшы час у гэтым відзе належыць Энверу Лісіну. У 2017-м расіянін прыехаў на матч усіх зорак гульцом «Салавата Юлаева», а круг праехаў за 12,45 секунды.
Паршын жа чатыры разы ўдзельнічаў у матчах зорак КХЛ (2010, 2014, 2015, 2018). Толькі 11 палявых гульцоў запрашалі часцей.
Дарма хацеў выйграць Кубак Гагарына
Пасля ЦСКА ў КХЛ Паршын пагуляў за «Салават Юлаеў», «Тарпеда» Ніжні Ноўгарад, «Авангард», магнітагорскі «Металург», рыжскае «Дынама» і «Нафтахімік». Расіянін не аднаразова заяўляў пра жаданне выйграць Кубак Гагарына, аднак яго максімальная стадыя, да якой ён даходзіў са сваімі камандамі, – гэта чвэрцьфінал. Акрамя ЦСКА, Паршын двойчы гуляў у 1/4-й з «Авангардам»: у сезоне-2014/15 саступілі «Барысу» (3-4 у серыі), а праз год з тым жа лікам – «Салавату Юлаеву».
Браў золата ў Славакіі
У сезоне-2019/20 Паршын аказаўся ў славацкiм «Кошыцы». Тады форвард правёў дзевяць матчаў, набраў чатыры выніковыя балы, а каманда заняла трэцяе месца. Другі заход Паршына ў «Кошыцу» здарыўся ў сезоне-2021/22. Тады ён разам з камандай дайшоў да паўфіналу плэй-оф, дзе яны саступілі будучаму чэмпіёну «Словану» (3-4). Паршын правёў 39 матчаў у рэгулярцы, набраў 43 (9+34) балы. У плэй-оф ён згуляў 13 гульняў, зарабіў 7 (2+5) ачкоў.
Трэці раз Паршын вярнуўся ў «Кошыцу» ўжо ў наступным сезоне – пасля нядоўгай адлучкі ў «Тарпеда» НН і «Югру» з ВХЛ. У 2023-м на той момант ужо 37-гадоваму форварду ўсё ж удалося ўзяць першы сур’ёзны трафей на дарослым узроўні — «Кошыца» стаў чэмпіёнам Славакіi. Паршын у тым сезоне правёў 34 матчы ў рэгулярцы, набраў 28 (12+16) ачкоў. У плэй-оф на яго рахунку быў 1 (1+0) бал у дзевяці матчах. Да таго адзіны тытул Паршын браў на юнацкім чэмпіянаце свету ў 2004-м.
Мінулы сезон расіянін таксама правёў у Славакii, але куды менш паспяхова. Паршын выступаў за «ХК 19 Гуменне», што заняў апошняе месца і пакінуў эліту. Расіянін правёў 19 матчаў, у якіх набраў 9 (3+6) балаў.
У Жлобін прыехаў пад пагрозай ад Касціцына
У сезоне-2017/18 Паршын гуляў за «Тарпеда» побач з Сяргеем Касцiцыным. У рэгулярным чэмпіянаце каманда заняла 5-е месца, а ў першым раундзе плэй-оф не справілася з «Лакаматывам» (0-4 у серыі). Расiйскi хакеiст у тым сезоне набраў у 56 матчах 26 (11+15) ачкоў у «рэгулярцы» і 1 (1+0) бал у трох матчах плэй-оф. У беларускага было 14 (7+7) ачкоў у 43 матчах «рэгуляркі» і 1 (1+0) бал у Кубку Гагарына.
Паміж двума гульцамi тады склаліся цёплыя адносіны. Вось такое фота засталося з тых часоў.
Цяпер Касціцын гуляе за «Металург» – i калi ў Паршына запыталi, што яго матывавала пераехаць у Жлобін, расiянiн адказаў проста: «Сяргей сказаў, калі не прыеду, то мне піпец будзе». Заадно Паршын назваў калегу вясёлым, шчырым, працавітым і спагадным чалавекам, які «заўсёды б’ецца за каманду».