Дзякуючы трэнеру Бурэ, чые метады зрабілі яго дзяцей з Мінска топамі НХЛ, Беларусь перамагла ЗША, а Калюжны памаладзеў
Шаранговіч таксама дзякаваў за працу.
3 верасня ў амерыканскім Маямі памёр расіянін Уладзімір Бурэ – вядомы ў мінулым плывец і хакейны трэнер. За некалькі тыдняў да смерці ў 73-гадовага Бурэ здарыўся сардэчны прыступ. А вось як спецыяліст быў звязаны з Беларуссю.
Уладзімір Бурэ нарадзіўся 4 снежня 1950 года ў расійскім Нарыльску, куды яго бацьку саслалі па «палітычным» артыкуле. Стаў займацца плаваннем – спачатку не падабалася, але матывавалі ўзнагароды брата. І ўжо ў 17 гадоў Бурэ стаў бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў у эстафеце. А ў 1972-м папоўніў скарбонку яшчэ трыма алімпійскімі медалямі – срэбрам і бронзай у эстафетах і асабістай бронзай на 100 метрах вольным стылем.
Яшчэ да галоўных поспехаў Бурэ ажаніўся. Сваё каханне сустрэў на спаборніцтвах у Мінску. 18-гадовая Таццяна не была беларускай – яе сям'я пераехала з Расіі праз працу бацькі і засталася. На турнір дзяўчыну зацягнуў брат-перакладчык – яна чакала ў службовым памяшканні, куды прыйшоў плывец Бурэ. Абодва лічылі, што гэта было каханне з першага погляду. Увечары яны прагуляліся па парку – і спартсмен з'ехаў у Маскву. Два гады адносіны падтрымліваліся ў асноўным па тэлефоне і ў перапісцы, але потым Таццяна кінула ВНУ і пераехала да каханага. У 1970-м дзяўчына зацяжарыла – нараджаць паехала ў Мінск, да мамы. 31 сакавіка 1971-га на свет з'явіўся Павел Бурэ. Праз тры гады сітуацыя паўтарылася – у беларускай сталіцы 13 чэрвеня 1974-га нарадзіўся другі сын Валерый.
У канцы 1970-х Уладзімір Бурэ скончыў кар'еру і стаў трэнерам па плаванні. Хацеў аддаць туды і сыноў – марыў, каб хтосьці з іх, у адрозненне ад яго самога, стаў алімпійскім чэмпіёнам. Але хутка вырашыў, што лепш зрабіць гэта ў іншым відзе – хакеі. А сам распрацаваў для дзяцей праграму практыкаванняў – фактычна стаў асабістым трэнерам па фізпадрыхтоўцы.
Праз 15 гадоў шлюбу Уладзімір Бурэ сышоў з сям'і, якой праз сваі трэнінгі надаваў не так шмат увагі. Сувязь з іншай жанчынай і пазашлюбная дачка каштавалі яму вывалачкі па партыйнай лініі і магчымасці каментаваць спаборніцтвы на тэлебачанні. І ў 1991-м Бурэ разам з двума сынамі і ўжо былой жонкай з'ехаў у Амерыку. Там яшчэ ў 1989-м Паўла Бурэ, які тады выйграў МЧМ, задрафтаваў «Ванкувер» з НХЛ. Калі з клубам ужо на месцы падпісвалі кантракт, бацьку афіцыйна ўказалі асабістым трэнерам.
Павел Бурэ адразу стаў зоркай – у першым сезоне быў прызнаны найлепшым навічком лігі, атрымаў мянушку «Руская ракета», наступныя два гады набіраў за 100 пунктаў. У выніку за кар'еру ў НХЛ Бурэ правёў 766 матчаў з 849 (472 + 377) баламі. Валерый Бурэ ў 1995-м таксама трапіў у найлепшую лігу свету і нямала ў ёй пагуляў – 643 сустрэчы з 407 (174+233) пунктамі. Браты ездзілі ў складзе зборнай Расіі на АГ, але мару бацькі не здзейснілі – у 1998-м было срэбра, у 2002-м бронза, якую ў матчы за трэцяе месца забралі ў зборнай Беларусі.
Ды і Кубак Стэнлі браты не бралі. А вось іх бацька змог. У «Ванкуверы» ўразіліся метадамі Уладзіміра Бурэ, і ў 1994-м ён стаў клубным трэнерам па фізпадрыхтоўцы. А ў 1999-м сышоў у «Нью-Джэрсі», якому дапамог выйграць галоўны трафей НХЛ у 2000-м і 2003-м.
Але, вядома, Павел Бурэ ўсё роўна быў значна больш вядомы, чым бацька. І перыядычна наведваў Мінск – там жыла бабуля, якая шмат дапамагала выхоўваць унукаў, і іншыя сваякі, з якімі Бурэ падтрымліваў прыяцельскія адносіны. Візіты зоркі зацікавілі Аляксандра Лукашэнку – дыктатар тады праз праблемы з каленямі пераходзіў з футбола ў хакей. Паводле ўспамінаў Бурэ, у 1998-м яму перадалі запрашэнне згуляць з Лукашэнкам – і хакеісту, які пагадзіўся, «было цяжка, бегаць трэба было шмат». А яшчэ ўстаў з дыктатарам на лыжы – і пашкадаваў.
«Ён прапанаваў 10 кіламетраў навыперадкі. Я ў НХЛ гуляў, быў у поўным парадку. Але бег па-старому і праз чатыры кіламетры сышоў з дыстанцыі – рукі анямелі. А Лукашэнка засвоіў каньковы ход і лёгка даехаў да фінішу. Добра, мы не паспрачаліся перад стартам», – распавядаў Бурэ.
А калі ў сезоне-1998/99 Бурэ адмаўляўся гуляць за «Ванкувер», патрабуючы абмену, Лукашэнка ўсур'ёз прапанаваў хакеісту 4 млн долараў – яго гадавы заробак – за выступ у чэмпіянаце Беларусі. «Ён прапаноўваў двойчы, але я адказаў, што хачу застацца ў найлепшай лізе свету», – успамінаў Бурэ.
А вось Уладзімір Бурэ ў Беларусь прыехаў у 2015-м. Да таго моманту ён паспеў пакінуць НХЛ дзеля пасады віцэ-прэзідэнта маскоўскага ЦСКА, дзе быў расчараваны сваёй фактычнай роляй – паўнамоцтваў далі мала. А назад у НХЛ трапіць аказалася занадта складана. У канцы 2014-га галоўным трэнерам зборнай Беларусі стаў канадзец Дэйв Льюіс – і праз знаёмых шукаў спецыяліста па фізпадрыхтоўцы. Коўчу далі нумар Бурэ, і ў сакавіку 2015-га той далучыўся да каманды.
– Бачыў, як гулялі беларусы, яны мне імпануюць. Урэшце, Расея і Беларусь – блізкія дзяржавы. Я тут правёў нямала часу падчас уласнай спартыўнай кар'еры на зборах. Заўсёды падабаўся Мінск. Цяперашнія ўмовы для працы выдатныя, – казаў Бурэ.
Новы трэнер рэзка даў зборнай такі аб'ём нагрузак, што вытрымлівалі іх з цяжкасцю. Методыкі «Трыбуна» падрабязна распісвала ў асобным матэрыяле.
Аднак жорсткія метады дапамаглі якраз выйсці на пік формы да травеньскага ЧС. Там Беларусь сенсацыйна вынесла ЗША (5:2), дагуляла да булітаў з Фінляндыяй – і выйшла ў чвэрцьфінал. Там, праўда, да аднаго правальнага матчу (0:7 з Расіяй у групе) дадаўся другі – 0:9 ад Канады. Але выніковае сёмае месца было поспехам, а гульцы потым дзякавалі Бурэ.
«Ад Бурэ ўся зборная плакала. Ён нас проста знішчаў! Але я скрозь зубы трываў. І чалавек на самай справе ведае, што робіць», – казаў капітан каманды Аляксей Калюжны і дадаваў: «Апошнія гадоў дзесяць у трэнавальных кэмпах дакладна столькі не катаўся. І так да канца і не зразумеў, чаму да траўня адчуў сябе як мінімум на пяць гадоў маладзейшы».
Сам Бурэ апісваў свой галоўны прынцып як «працу над хуткасцю праз цягавітасць» і казаў, што з беларусамі працуе гэтак жа, як у свой час з сынамі. «Цяпер мая сям'я – гэта зборная Беларусі. Усе вашы хакеісты – гэта мае дзеці. Я іх усіх люблю. Усё, што я ведаю, – я аддаю зборнай Беларусі», – казаў коўч.
Пасля ЧС Бурэ прапаноўвалі вярнуцца ў НХЛ – але ў апошні момант варыянт сарваўся. Трэнер застаўся ў Беларусі – стаў дарадцам кіраўніка ФХБ, удзельнічаў у зборах розных каманд, у тым ліку дапамагаў камандзе U-20. Яна ў канцы 2016-га выйграла ЧС у Д2 – і асобна Бурэ за падрыхтоўку падзякаваў тагачасны лідар каманды Ягор Шаранговіч.
А вось у дарослай зборнай так крута, як у 2015-м, больш не атрымлівалася – у 2016-м было 12-е месца на ЧС, у 2017-м 13-е. Ды і на Алімпіяду-2018 каманда не адабралася, хоць Бурэ вельмі туды хацеў. А летам 2017-га трэнер лёг на аперацыю ў Маямі – трэба было мяняць сардэчны клапан. Але ўсё пайшло не па плане.
«Раптам пачаўся крывацёк – разрэзалі ўжо зашытае шво. Потым здарыўся інсульт. Адбылося спыненне сэрца на 16 хвілін. Спробы вярнуць жыццё здаваліся бессэнсоўнымі. Па словах доктара, заставалася літаральна адна секунда – і раптам яны ўбачылі, што сэрца зноў забілася. Больш за месяц мяне трымалі ў коме. Цяпер ізноў вучуся гаварыць. Ужо хаджу і плаваю па гадзіне на дзень. Вельмі цяжка ўсё даецца і балюча. Але гэта трэба рабіць», – распавёў Бурэ ў лістападзе 2017-га. Гэтая сітуацыя скончыла яго трэнерскую кар'еру ў прынцыпе – і сувязь з Беларуссю, адпаведна, абарвалася.