Як белхакей жыў да Лукашэнкі: 15 каманд у ЧБ (з нюансам), па 3-4 клубы ў Расіі, навапалачане не змяшчаліся на арэну
Свой вайб.
Аляксандр Лукашэнка любіць хакей – у сярэдзіне 1990-х «дабіў» свае калені на футболе, а па лёдзе на каньках можна катацца, не згінаючы ногі, што і падказалі беларускаму дыктатару. «Заслугу» прыцягнення яго да хакея прыпісвае сабе Міхаіл Захараў, які ў 1997-м падарыў Лукашэнку канькі – і з таго часу ён іх не адкідвае.
Ну а беларускі хакей пачуваецца добра з дапамогай бюджэтных грошай. Нядзіўна, што ў ім у 2020-м падпісваліся за Лукашэнку цэлымі камандамі. А галоўныя адэпты заходзяць яшчэ далей. Той жа Захараў сцвярджаў, што без дыктатара ў Беларусі «не было б у нас хакея наогул». Міхаіл Грабоўскі таксама з «велізарнай удзячнасцю» запэўніваў, што без Лукашэнкі «нічога не было б». А Дзмітрый Баскаў асобна дзякаваў за «стратэгічнае рашэнне» наладзіць у Беларусі кучу лядовых палацаў. Праўда, навошта Беларусі трэба такое ўжо моцнае развіццё суседскай забавы – пытанне рытарычнае.
Нагадвалі адэпты дыктатара і пра «страшныя» 1990-х – маўляў, у ЧБ было чатыры каманды і праблемы з заробкамі (як быццам пры Лукашэнку такіх праблем не было). Але ці праўда белклубы «варыліся» ва ўласным соку і бедавалі? Давайце разбірацца.
У пачатку 1990-х белспорт, па трапным выразе «Прэсбола», накрыла «хваля стварэння ўсякіх міжнацыянальных, прафесійных і балтыйскіх ліг» – у экс-СССР прывыклі гуляць адзін з адным і спрабавалі працягнуць у альтэрнатыўных фарматах. Ужо ў сезоне-1992/93 мінскае «Дынама» гуляла ў Міжнацыянальнай хакейнай лізе – можна сказаць, папярэдніку КХЛ з расійскіх клубаў з украпінамі ад Беларусі, Казахстана, Латвіі і Украіны. А гродзенскі «Нёман» і наваполацкі «Хімік» – апошні лічыўся фармам «Дынама» – выступалі ў чэмпіянаце Расіі (аналаг цяперашняй ВХЛ) з расійскім другім эшалонам. А чаго яшчэ можна было жадаць, калі спіс беларускіх гарадоў з лядовымі палацамі, уласна, вычэрпваўся Мінскам і Гродна? У Наваполацку тады гулялі на адкрытай пляцоўцы, дзе шайба перыядычна захрасала ў гурбах, а крытую арэну толькі будавалі.
Створаная ў 1992-м федэрацыя хакея Беларусі вырашыла праводзіць і чэмпіянат краіны, пераможцу якога мусіла дастацца пуцёўка ў Кубак Еўропы – не самы папулярны праект «еўракубка» ад ІІХФ. Спаборніцтва наладзілі ў два этапы – тры згаданыя больш-менш прафесійныя каманды чакалі ў фінальным этапе яшчэ адну, якая вызначалася на «аматарскай» стадыі. І, трэба сказаць, прэтэндэнтаў на адзіную пуцёўку знайшлося цэлых 12: дзве каманды вельмі маладых гульцоў школы «Юнацтва», гамельчкі і віцябляне, жлобінская «Белсталь» – якая тады, уявіце сабе, была яшчэ адным фармам «Нёмана» і гуляла ў Гродне.
Але, трэба сказаць, ФХБ пры гэтым выяўляла інертнасць. Вось што паведамлялі ў «Прэсболе».
Тым не менш у нумары «ПБ» за 9 сакавіка 1993-га ўжо быў апублікаваны каляндар фінальнага этапу – чацвёрты ўдзельнік вызначаўся праз плэй-оф з васьмі найлепшых каманд аматарскага этапу і быў яшчэ невядомы. «Дынама» да таго моманту ўжо скончыла ў МХЛ, не патрапіўшы ў плэй-оф, і проста траціла грошы на лёд у мінскім Палацы спорту, а «Нёман» і «Хімік» павінны былі адцягнуцца ад барацьбы за плэй-оф ЧР.
Толькі вось «Дынама» да пачатку матчаў паспела змяніць назву на «Цівалі» – у гэтай былой вёсцы пад Мінскам (цяпер гэта паміж станцыямі метро «Пушкінская» і «Спартыўная») будавалі новы Лядовы палац для клуба. Чацвёртым жа ўдзельнікам чэмпіянату стаў «Хімік-2», які выйграў «аматарскі» плэй-оф. Атрымлівалася, што, акрамя «Нёмана», за чэмпіёнства змагаліся фарм «Дынама» і фарм фарма «Дынама».
У асноўным турніры ўсё ж такі не ўсе матчы прайшлі па графіку праз занятасць клубаў у ЧР, затое былі цікавымі. «Дынама», насуперак чаканням, не праехалася па суперніках катком, а ў першым матчы з «Хімікам» у Наваполацку пры 1800 гледачах на выключна стаячых месцах наогул прайграла 1:4. Трэнер навапалачан Юрый Перагудаў ад гэтага засумаваў – сказаў, што «калі другія нумары абгульваюць першых, што казаць пра агульны ўзровень беларускага хакея». Коўч «Цівалі» Андрэй Сідарэнка казаў, што «стрыжань каманды падгніў», а Алега Антоненку адправілі ў войска за тое, што валяў дурня. Зрэшты, пазней «Цівалі» пры 300-350 гледачах у мінскім Палацы спорту ўзяў пераканаўчы рэванш.
У выніку чэмпіянат, які праходзіў у чатыры колы, усё ж завяршыўся трыумфам былога «Дынама» – 4 красавіка пры 1000 гледачоў «Цівалі» абгуляў «Нёман» 5:1 і датэрмінова аформіў тытул. У складзе першых чэмпіёнаў Беларусі хапала будучых легенд белхакея.
На заключны матч з тым жа «Нёманам» выйшлі ўжо не тыя хакеісты – аснова «Цівалі» паехала на Міжнародны турнір у Санкт-Пецярбург, а ў Мінску іх форму прымерыла «Юнацтва-76». А «Хімік» з «Хімікам-2» у вочных матчах наогул тасавалі склады як хацелі – засвяціўся на пляцоўцы і 18-гадовы кіпер Андрэй Мезін, які за шэсць сустрэч прапусціў 55 шайб. Выніковая табліца выглядала вось так.
Вось толькі федэрацыя так і не забяспечыла ні кубка, ні медалёў, чым прадстаўнікі клубаў, зразумела, былі незадаволеныя, роўна як і раптоўнымі зрухамі ў календары. Галоўны трэнер «Нёмана» Анатоль Варывончык наўпрост заявіў, што «так чэмпіянаты праводзіць нельга», і развіў думку: «ЧБ павінен быць у канцы сезону, калі каманды майстроў выйдуць з асноўнага календара – пачынаць, напрыклад, праз 10 дзён пасля вызвалення апошняга ўдзельніка ад МХЛ і ЧР. Хто вылецеў раней – іх праблемы. Сыходзіць ад Расіі нашаму хакею нельга, інакш – гібель». А ключавы функцыянер «Хіміка» Уладзімір Бляхман прапанаваў не даваць месца аматарам, а для профі зрабіць сістэму этапаў: «Напрыклад, у снежні ўсе з'язджаюцца ў Мінск, у студзені – у Наваполацк, у сакавіку – у Гродна».
Але да меркаванняў у ФХБ не прыслухаліся і другі чэмпіянат правялі роўна гэтак жа, як першы. Толькі ў лік гарантаваных удзельнікаў праз заяўку ў ЧР увайшло яшчэ і «Юнацтва», сабранае на базе юнацкай зборнай Беларусі. А ў аматарскім этапе з 11 каманд мацнейшым за ўсіх у плэй-оф аказалася мінскае «Тарпеда», дзе касцяк складаўся з былых гульцоў «Дынама». Асобна звяртала на сябе ўвагу праблема масавых недаездаў падчас турніру, за якія здымалі пункты – але ў мінус сысці не далі.
Падрабязнасцяў пра фінальны этап не знайсці – у сакавіку 1994-га «Прэсбол» моцна пасварыўся са сваім заснавальнікам, якім быў «Цівалі», і наступны нумар газеты выйшаў толькі ў чэрвені. Але там змяшчалася выніковая табліца ЧБ – ён зноў прайшоў за два месяцы ў чатыры колы, а чэмпіёнам ізноў стаў «Цівалі», на гэты раз абыйшоўшыся наогул без паражэнняў. А вось «Юнацтва» было без перамог – затое абкатаная з «мужыкамі» юнацкая зборная выйшла ў Д1 чэмпіянату Еўропы (такі тады яшчэ існаваў).
І ў 1995-м істотных змен схема ЧБ не зведала. Да «Цівалі», які ў чарговы раз не выйшаў у плэй-оф МХЛ, дадалі чэмпіянатарасійскія «Нёман» і пераназваны з «Хіміка» «Палімір», а таксама «Юнацтва», якое ўжо там не выступала. З аматарскага этапу гэтым разам атрымлівалі дзве пуцёўкі – іх забралі «Тарпеда» і «Белсталь».
Другі этап шэсць каманд гулялі ўжо толькі ў два колы - са стабільным раскладам і гульнямі тураў у адзін дзень. Зноў непераможным аказаўся «Цівалі».
На гэты раз пераможцам дакладна ўручалі кубак, а медалі дасталіся ўсім прызёрам. Дарэчы, з узнагародамі здарыўся забаўны момант – «Нёману» выдалі бронзу яшчэ тады, калі на яе захоўвала шанцы «Белсталь». Праўда, для гэтага камандзе трэба было выйграць у «Тарпеда» ў 42 шайбы, чаго не адбылося.
У міжсезонне Украінская федэрацыя хакея прапанавала беларускай зладзіць сумесны чэмпіянат. У выніку ідэю рэалізавалі шырэй – з латвійскім «Юніёрсам» і літоўскай «Энергіяй» стварылі Усходне-Еўрапейскую хакейную лігу. У ВЕХЛ ад Беларусі гулялі «Нёман», «Палімір», «Белсталь» і «Юнацтва» – і першыя тры каманды ў сезоне-1995/96 трапілі ў топ-4, а гродзенцы аформілі чэмпіёнства. «Цівалі» тым часам адчуваў фінансавыя праблемы і пакутваў у МХЛ, дзе заняў апошняе месца з 6 пунктамі.
Чэмпіянат Беларусі ў ФХБ вырашылі праводзіць ужо без аматараў – і без «Юнацтва». Чатыром удзельнікам пакінулі ўсяго два колы – так што ўвесь чэмпіянат павінен быў укласціся ў два тыдні, з 14 па 28 сакавіка. Аднак не ўсё пайшло па плане. Напярэдадні старту прэзідэнт «Цівалі» Ігар Макаед заявіў, што клуб адмаўляецца ад ЧБ – маўляў, першапачаткова ў кулуарах абяцалі правесці турнір пазней, а цяпер каманда не паспявае прыцягнуць «легіянераў». Гэта была нармальная практыка для ўсіх каманд – на кароткатэрміновы турнір у шэрагі ўдзельнікаў ЧБ уліваліся беларускія хакеісты, якія асноўную частку сезона гулялі за мяжой. Вось толькі ў «Цівалі» ніхто асабліва вяртацца не хацеў – таму што расставаліся з хакеістамі там часцей за ўсё не вельмі добра. А былі і гульцы, якія далучаліся да канкурэнтаў, каб адпомсціць мінчукам.
У выніку клуб усё ж зайшоў у ЧБ, як і яго фарм «Белсталь». І ўсё ж такі прыцягнуў пару «легіянераў» – у прыватнасці, Міхаіла Захарава, які паспеў паставіць рэкорд па штрафных хвілінах за адну гульню (34) і за чэмпіянат (67). Але чэмпіёнам стаў «Палімір», які нанёс «Цівалі» першае за два гады паражэнне на ўнутранай арэне. Мінчукі прайгралі яшчэ і «Нёману», праз што засталіся другімі.
«Прэсбол» адзначаў як галоўнае дасягненне наведвальнасць – яна склала ў сярэднім 1667 чалавек, а па-за Мінскам – у раёне 2 тысяч. Прычым на матч «Палімір» – «Цівалі» ва ўсё ж пабудаваны Лядовы палац Наваполацка прыйшло гледачоў прыкладна ў два разы больш, чым 1900 месцаў на трыбунах – і тыя, хто не змясціліся, стаялі на вуліцы і слухалі гукі матчу.
У сезоне-1996/97 МХЛ ужо не стартавала – чэмпіянат Расіі стаў закрытым. Таму «Цівалі» перайшоў у УЕХЛ, дзе засталіся «Палімір», «Нёман» і «Юнацтва». А ЧБ праводзілі паміж гэтымі чатырма камандамі ў чатыры колы паралельна і расцягнута – з верасня 1996-га па люты 1997-га. Адзін матч, праўда, не адбыўся – «Цівалі» праз затрымку заробку не выйшаў супраць «Паліміра». Зрэшты, навапалачане і без таго сталі б чэмпіёнамі.
У ВЕХЛ жа фінал разыгралі кіеўскі «Сокал» і рыжскі «Юніёрс». «Палімір» з «Нёманам» згулялі за трэцяе месца – мацнейшым быў чэмпіён Беларусі.
Можна лічыць, што далей наступіла эпоха Лукашэнкі. Яшчэ некалькі гадоў ЧБ «чакаў» з тымі ж чатырма камандамі – у якіх, зрэшты, была яшчэ ВЕХЛ. Але ўжо да 2000-га лядовыя палацы з'явіліся ва ўсіх аблцэнтрах – і чэмпіянат Беларусі пашырыўся да сямі клубаў, папоўніўшыся свежастворанымі «Гомелем», магілёўскім «Хімвалакном» і віцебскім «Хімікам». У 2001-м да іх дадаўся «Брэст», і з тых часоў колькасць каманд ніжэй васьмі не апускалася.
А лядовыя працягнулі будаваць у райцэнтрах – і ствараць пад іх каманды: у 2006-м дадаўся жлобінскі «Металург», у 2008-м – бабруйскі «Шыннік», у 2009-м – салігорскі «Шахцёр»... На сёння ў ЧБ 13 беларускіх каманд, плюс ёсць клубы ў КХЛ і МХЛ (цяпер гэта значыць «моладзевая» ліга) – і на ўсё гэта аднекуль знаходзяцца бюджэтныя грошы. А вось у другі эшалон расійскага хакея, у адрозненне ад 1990-х, белклубы цяпер не соўгаюцца.